Арцёму Іванавічу зрабілася горача. Язык стаў шурпаты і тоўсты, у горле перасохла, але ён перасіліў немату і загаварыў:
— Хіба ж ён сабе стараўся? Чалавек любою цаною дзяржаўныя планы выконваў, за ўвесь раён адказваў, а пра яго цяпер байкі выдумляюць.
— Хіба ж людзям стараўся? Каб народу лепей было? — перапытаў стары.— Ці пра дзяржаву дбаў? Зямля не паспее прасохнуць, а ўжо крычаць, як маладыя пеўні, ад світання да ночы: сей, сей, зводку давай, старшыню да поўначы ў раёне параць. Круціцца той, круціцца, адчапіцеся толькі, наце — пасеяў. Насенне ўкінулі ў халодную гразь, яно і заклякла. Затое ў зводцы густа, а ў полі пуста. От і выходзіць: любою цаною за крэсла сваё трымаўся, каб не знялі, барані божа. Гэта мяне ўжо ніжэй няма куды здымаць: як ні круці, хлебароб хлебаробам і будзе. А начальства, яно ого-го! Як прысмокчацца да карытца, не вельмі адкінеш... Но-о-о, сабатажнік! — Ён сцебануў лейцамі па худых клубах сівога канька, той трохі прабег і зноў пайшоў, валюхаючыся з лужыны ў лужыну.
Арцём Іванавіч затуліўся ў плашч, насунуў на вочы халодны капюшон і маўчаў. Пад коламі хлюпала веснавая дарога, у разорах блішчала вада, а пад кустамі ў канавах яшчэ сям-там ляжаў счарнелы сітаваты снег.
Хацелася Арцёму Іванавічу як-небудзь перавесці гаворку, але што б ні ўспомніў, за ўсё мог учапіцца гэты з'едлівы дзядок. А той і так не маўчаў:
— От і вы ўжо немалады чалавек, а ў вялікія начальнікі не выбіліся. А чаму? Не дагадзіў некаму. Значыць, мясі гразь пехатою. А нейкі малады жарабец у машыне лятае. Паражняком едзе, а каб чалавека падвезці — няма такое моды. Да нас, праўда, рэдка даязджаюць: ведама, бездараж, балота. Колькі тут гэтаю парою машын ірвецца, а чуць звярні ўбок — коні па вушы грузнуць.
— Клуб хоць у вашым калгасе ёсць? — каб толькі не маўчаць, спытаў Арцём Іванавіч.
Дзед зірнуў на яго хітранька прыжмураным вокам:
— Цырк ёсць... Но-о-о, каб табе ў рот маліна,— калёсы заляскаталі і пакаціліся з узгорка.
— Жартаўнік ты, стары, як пагляджу.
— Яй-права, цырк. От пабачыце, кругленькі, як яечка. Толькі там каровы кадрылю скачуць. Чыстата, падлога пілавіннем пасыпана, дошчачка перад кожнаю жывацінаю прыбіта — поўная анкета. Толькі гною няма... А ўсё той самы Цыбак намудраваў. З клубам, кажа, пачакаеце, а кароўнік — дзела дзяржаўнае, любой цаной будуйце. Паўпіналіся і мусілі-такі рабіць тую ферму. Каровы мерзнуць на каменнай падсцілцы. Яго б туды хоць на суткі паставіць, хай бы паляскаў зубамі... А клуба няма, галубок, няма. Эт, так, адно толькі званне, што клуб. На сходы ў хату-чытальню збіраемся, і кіншчык там часам карціны круціць. А маладым увечары і няма дзе прытуліцца. Летам на бярвенні сядзяць, а зімою па закутках туляюцца. От і бягуць з калгаса, у горад, у ціятры, у фігармонію. Яны ж вучаныя ўсе — культуру ім падавай. А ты ў сяле зрабі, як у горадзе, каб людзі бліжэй да зямлі гарнуліся, каб не ўцякалі ад яе. От...
«Ну ж і хітры стары»,— думаў Арцём Іванавіч. Яму было холадна і мулка, здранцвелі і зайшліся падкурчаныя ногі, ныла спіна, а на душы было моташна. Ён заплюшчыў вочы, абы толькі не чапіўся гэты, нібы навярэджаная скула, дзядок. Ехаць у «Чырвоную Ніўку» даўно расхацелася. А што, калі на яго лекцыю прыйдзе дзесятак такіх дзядоў і пачнуць задаваць не па тэме пытанні? І газу ўспомняць, і клуб, і дарогі, і кароўнік. Яны ж ведаюць яго прозвішча і запомнілі толькі промахі і недаробкі, а пра ўсё добрае забыліся. Ён жа стараўся, ночы не спаў, засядаў, ездзіў і зрабіў нямала. А што? Арцём Іванавіч хацеў успомніць, але дрымота завалаквала памяць: здавалася, ён імчыцца на «Волзе», стаіць за высокай трыбунай, і сотні рук апладзіруюць яму, а то ляціць на самалёце праз белае воблака, і ўсё знікае ў лёгкім тумане.
Воз матанула на выбоіне. Арцём Іванавіч прахапіўся, убачыў угнутыя плечы дзядка, на полі яшчэ не акрыялую рунь, а за ўзгоркам, у сіняватай смузе,— хаты пад шыфернымі і гонтавымі дахамі, некалькі тэлевізійных антэн. Ого, от табе і «Ніўка»!
За сялом стаяла вялікая круглая будыніна, сапраўды падобная на цырк.
Стары болей не круціў лейцамі — дадому конік бег сам.
— Куды ж вас даставіць, таварыш паўнамочны? Гасцініцы пакуль што не імеецца, да старшыні заязджае толькі вярхушка, а пешых ставяць нанач па хатах.
Арцём Іванавіч не ведаў, што і сказаць, маўчаў, як малое пакрыўджанае дзіця. Ён ведаў, што яго цяпер ніхто не будзе сустракаць, запрашаць і ні аб чым не будуць прасіць. А зусім нядаўна... Няўжо не яго паважалі, а толькі пасаду? І так зрабілася горка, што жыццё прайшло і ўжо нічога ў ім не перайначыш. А калі б не прайшло? Мабыць, пражыў бы яго трохі іначай...