— Калі няма куды, дык у мяне заначуеце — хата вялікая. Тпр-р-ру. От і прыехалі.
1963
ВАРНАК
Я заблудзіўся ў тайзе. Ліпнёвае сонца ледзь прабівае лясны гушчар — змрочна, парна і вусцішна. Сінявата-зялёныя хвашчы з чорнымі падпалінамі на суставах выцягнуліся ў чалавечы рост, шастае і хапае за рукавы трава-разун, на колішніх выгарах разлапушыўся і ківае ружовымі султанамі Кіпрэй. Мітусіцца, гудзе і дзынкае плойма сытых аваднёў. Нячутна прыліпаюць шэрыя сляпні і тупым болем працінаюць змакрэлыя плечы. Замшэлыя вываратні пазавальвалі ледзь прыкметныя лясныя сцежкі.
У такой гушчэчы апаноўвае страх. Нават самаму разважліваму чалавеку пачынаюць верзціся лесуны і страшыдлы: разгаты выварацень здаецца ўчэпістым павуком, сухая галіна — яшчарам, струхлелы пень — зеленабародым лесавіком. Тахкае, аж заходзіцца сэрца. Падыдзеш бліжэй, усміхнешся, а на цябе з таежных завалаў ужо глядзяць новыя пачварныя прывіды.
Трымціць гонкі асіннік, лена пагойдваюцца цёмныя верхавіны кедроўніку, шапацяць мяккія лапы лістоўніц, пырхаюць сініцы, цінькаюць дразды, іржавым рыпам скігоча сіваграк, а недзе на верхавіне глуха, як у дамавіну, грукае дзяцел. Нямераная, няходжаная тайга жыве. Але колькі ні гукай, колькі ні крычы — ніхто не пачуе і не азавецца.
Няўжо так нікуды і не выб'юся? Куды ж тут выб'ешся, калі на сотні вёрст ні жывое душы, ні сяла, ні заімкі — тайга і тайга. І панесла ж нялёгкая шукаць тыя нікому не вядомыя дзялянкі, каб накасіць на бясконца доўгую сібірскую зіму сена на каня і двух валоў. А каму ж ісці, як не мне? Наняўся гаспадарнікам у сямігодку, от і ламай галаву, як пракарміць сваіх падапечных, каб навазіць дроў школе і настаўнікам, вытраляваць бярвенне на прыбудоўку да сталярні.
Эт, адна толькі назва— «загадчык гаспадаркі», а так — конюх, стальмах, рымар, адным словам — папіхач, хто куды пашле. Каб трымалі, трэба прыкідвацца майстрам на ўсе рукі. Як толькі наняўся, дырэктар загадаў зрабіць вось да старога зламанага воза. Што будзеш казаць? «Зраблю». А як яе рабіць, ліха яго ведае. Так-сяк вычасаў плаху з кручанае-перакручанае бярэзіны, пракруціў у падушцы дзірку пад шворан, абстругаў канцы, а загваздкі паставіў наўскасяк. Можа і цяпер нехта ездзіць на тым возе і кпіць з недалужнага «стальмаха». З работай неяк выкручваўся, а з тайгі ніяк не выцерабіцца. Замарачэнне, дый толькі. Як ні глядзі на сонца — вісіць над галавою; кажуць, па свежых пнях можна ўбачыць, дзе поўдзень, а дзе поўнач, але ж знайдзі таго пня! Тут, відаць, ніколі не ступаў чалавек. Адны вываратні ды буралом.
Зноў лезу ў гушчар: няхай трохі пахвошча вецце ссечаную сляпнямі і аваднямі спіну. Перапаўзаю цераз аслізлыя, замшэлыя вываратні. Ой! Здаецца, наперадзе трошкі пасвятлела. Прадзіраюся праз калючы шыпшыннік, густы падлесак, расхінаю вецце — і спыняюся, расчараваны. Над маленькім, зацягнутым слізкім жабурыннем, азярцом прабілася сонца, берагі абступіў густы сіняваты чарот, і, як змяіныя галоўкі, пагойдваюцца аксамітна-карычневыя таўкачык^ У цёмную ваду плюхаюцца і крумкаюць спалоханыя рапухі. За азярцом густа сплёўся маліннік. Буйныя ягады згінаюць вецце і п'яняць салодкім духам. Тут, відаць, ніхто не сарваў ніводнае ягадзіны: пераспее, асыпецца і датлее на волкай зямлі. А малін — аж чырвана. Жменямі сасмыкваю халаднаватыя замглёныя чашачкі, каб хоць трохі прагнаць смагу, адысці ад стомы і супакоіцца.
А можа недзе побач, у гэтым малінніку, шастае іх спрадвечны гаспадар — мядзведзь? Куды тады дзецца, як ратавацца? Успамінаюцца таежныя выпадкі і здарэнні, але нічым не магу суцешыцца. Прыгадалася, як надоечы наша селавая бабылка цётка Дуня пайшла ў маліны, убілася ў такі ягаднік — канца-краю не відно. Набрала вядзерца, а маліны, чым далей, тым буйнейшыя і спялейшыя. Прагны чалавек на дармаўшчыну. Ну як тут пакінеш? Браць няма куды, а яна ўсё латошыць ды жменямі ў рот, у рот: «Дай,— думае,— хоць наемся ўволю». Аж чуе, нехта шамель-шамель па малінніку. Толькі падумала: «Няўжо і сюды дапялі кардонаўскія ягадніцы?»— проста на яе прэцца нешта вялізнае і калматае: нагне лапаю куст — сасмоктвае сабе ягады. Падхапіла баба вядзерца ды ходу. Выцерабілася з гушчэчы. Куды кінуцца? Аж тут, як на тое шчасце, стаіць сагнутая бярэзіна. Шкода кідаць вядзерца, а хіба ж з ім уздзярэшся? Паставіла каля камля і спрытна, нібы каланок, узлезла на самую сярэдзіну. Адкуль тая і сіла ўзялася? Бярэзінка гойдаецца пад ёю, рукі дрыжаць, ледзь ліпіць старая. А ён, крывалапы, валюхаецца з боку на бок і павольна ідзе да яе. Задраў пысу, панюхаў, чмыхнуў, глядзіць, нібы ўхмыляецца, маленькімі вочкамі, пакаціў вядзерца, лёг на траву і трушчыць сабе маліны на поўную зяпу, выграбае лапай і хрумстае. «Што ж ты робіш, гультай? — сварыцца старая.— На гатовенькае ласы. А назбіраць хвор? Каб цябе чэрві елі». Мядзведзь аблізаўся і, не раўнуючы, як малое дзіця, пачаў качаць вядро, біў, біў лапаю па баках, пакуль не спляскаў у аладку. Зірнуў на бабку і давай куляцца цераз галаву. Ляжа на спіну, перабірае лапамі, пераваліцца з боку на бок, стане на заднія лапы і «служыць», як тое шчанё. Малады яшчэ, дурэць, відаць, любіў.