Дзед спляжыў ладную грыву гонкага ассініку, адмяраў і адсякаў шасціметровыя бярвенцы і без натугі выбіраў паз, высякаў чашку вугла, здзіраў з бервяна доўгія палосы тоўстай, мяккай кары, аж пырскала ад слізкай дзеравіны. Усё рабіў павольна, але вельмі спорна. Захлісне на чашку пятлю, перакіне цераз плячо вяроўку — і слізкія бярвенні, здаецца, самі бягуць следам туды, дзе ўжо складзены свежыя вянцы зруба. Ніжнія бярвенні прывялі і пажоўклі.
— Што гэта вы робіце, дзядзька Даніла?— пытаюся я.
— Хіба не бачыш?— і, памаўчаўшы, дадае: — Хату.
— Якая ні з асінніку хата?
— Гэ, паря, краснае дзерава перад асінаю не дакажа. Зальецца сокам, усохне, закасцянее — сякера адскоквае. Ні шашаль табе не паточыць, ні грыбок не завядзецца. Звон звонам хата будзе. А свежую, неакораную асіну што капусту шаткуеш. Даўней толькі з асінніку і стаўлялі.
Ён уваткнуў сякеру, сеў на слізкі хлыст і пачаў раскручваць доўгі скураны капшук. Побач прысеў і я. Плойма аваднёў лезла ў вочы, секла рукі і плечы, а каля дзеда толькі круціліся і ніводзін не садзіўся. Ён з ухмылкаю глянуў, як я адбіваюся ад заедзі:
— Адразу пазнаеш, што з Расеі. Любяць тутэйшыя павуты свежага чалавека.
— А чаму вас не чапаюць?
— Слова ад іх, ірадаў, ведаю, ды і скура на мне тоўстая — смаку таго няма,— хітра ўсміхнуўся стары.
— Не, праўда. На мне жывога месца няма, а да вас — ані блізка.
— Гэта ты ў школу хазяйсцвенікам наняўся? Граматны, мабыць. Па табе відно. А толку з твае граматы? Павуты з'ядуць, і знаку не астанецца. Наш брат месяц тут пражыве, і ніякая трасца не бярэ,— дзед пацмокаў цыгаркаю.— Хочаш — навучу. Слухай сюды. Прыйшоў, значыцца, у тайгу. Першым дзелам кладзі агонь. Нацягай парахні, каб жалела толькі і дыму болей давала, лажыся і качайся ў куродыме, пакуль добра не ўвэндзішся. Акурыўся — чашы смела, ніякая халера не зачэпіць. Круціцца будзе, а сесці не адважыцца. Вычхаецца, павут знак падасць — зноў акурвайся. Онь, бачыш трухлявы пень, падкінь на вуголле і пакруціся ў дыме.
Я паслухаўся дзеда. Дым выядаў вочы, душыў і апякаў твар. Нялёгка давалася таежная навука. А як толькі вылез з куродыму, ніводзін авадзень не лез на мяне.
Даніла не распытваў, чаго бадзяюся па гушчары і як трапіў сюды. Відаць, здагадаўся, як прабіраўся да яго. Ён закарэлаю лыжкаю згроб з варыва попел, пабоўтаў у кацялку, падаў мне з торбы новенькую альховую лыжку. Я памкнуўся падзякаваць і адмовіцца.
— У тайзе даюць — бяры, просяць — апошнюю скарынку разламай. Іначай тут бы і людзі перавяліся... Цяпер што? Машыны ходзяць, лектрыка гарыць, Гэтыя стракозы-ветралёты лётаюць. А даўней — на сотні вёрст ні жывое душы. Толькі мядзведзя ды сахатага і стрэнеш. Дзед высыпаў з торбы на траву вараную бульбу, падсунуў мне кацялок:
— Сёрбай, байкамі сыт не будзеш,— а сам адышоўся і пачаў выдзіраць з карэйцамі нейкае доўгае зелле. Атрасе, патрэ аб траву і хрумстае маленькія белыя зубочкі. Запахла часнаком.
— Што гэта?— запытаў я, сёрбаючы не то крупнік, не то кашу з аўсянай мукі і піканаў.
Дзед кінуў мне жменьку зелля.
— Чарамша завецца. Скусная, халера. Хто есць — да ста гадоў зубы як часнок. А ты малады і ўжо шчарбаты. Мне дык не верыцца, як гэта могуць зубы балець. Костка — і баліць. Дзіва!— ён вышчарыў трохі з'едзеныя, але роўныя і цэлыя зубы.— А яшчэ серу трэба акаваць. Не тую, што караслівых коней параць. Ад елкі смолкі накалупай, дай ёй прывянуць і чмякай у роце,— і заключыў: — Усё навука, браце.
Я адсунуў кацялок і хацеў падзякаваць за пачастунак. Дзед паставіў яго назад і сеў побач:
— Сёрбай, сёрбай. Усім хопіць, не на аднаго ж варыў.
— А на каго яшчэ?— спытаў я, баючыся, што ем нечыю порцыю.
Дзед усё бачыў, усё разумеў і хуценька супакоіў:
— Вары заўсёды з паходам. Смачна запахне, глядзіш, некага бог і прынясе. Каб ты не прыбіўся, чаго добрага, і гаварыць развучыўся б. Тыдзень як тут, і хоць бы табе жывая душа.
— Не страшна тут аднаму?
— Яшчэ мой небарака бацька, царства яму нябеснае, некалі казаў: «Баючыся трэску, і ў лес няма чаго хадзіць». А я пужаны-перапужаны.
Я здзівіўся: дзед загаварыў па-беларуску. Тут, за некалькі тысяч кіламетраў ад дому, ад замшэлага дзеда пачуць родную мову! Можа ў маёй гаворцы загучала нешта знаёмае ці пачулася роднае і яму?
— Адкуль вы ведаеце нашу прымаўку» дзядзька Даніла, і гаворыце, як у нас?
— Так ужо і твая? Я от такенечкім яе чуў,— Дзед спакойна сёрбаў варыва, на вусах і барадзе завісалі аскабалкі піканаў і кроплі густой аўсяніцы. Насёрбаўшыся, адклаў лыжку.— Можа прачуваў калі, ёсць такі Барысаў-горад. Адтуль я, Зембінскай воласці, дзярэўні Сухадол. От дзе праўда: сухадол дык сухадол. Не дурны нехта прыдумаў. Пясок — як прысак. Ракіта і асот толькі і родзяць.