Выбрать главу

І яна расказала.

У першыя гады рэвалюцыі, калі мерзла і галадала Расія, сюды з вялікіх гарадоў прыязджалі незнаёмыя людзі. І гаварылі яны не так, як тутэйшыя, і апрануты былі па-гарадскому, і трымаліся неяк асобна. Былі настаўнікі і каморнікі, адвакаты і ветэрынары. Нават прыехаў дыякан. Маленькі, чорненькі, а як раўне, дык шыбы звіняць і свечкі тухнуць у царкве. Казалі, што быў ён некалі артыстам, спіўся і пайшоў бадзяцца з парафіі ў парафію.

Хто з наезджых прыстроіўся на службу, а хто хадзіў па сёлах, выменьваў гарадскія сукенкі на муку і неяк жыў на дзяшовых харчах. А як стала лягчэй, раз'ехаліся хто куды — ні следу, ні памяці ад іх не асталося.

Не паехаў толькі малады вясёлы доктар. Звалі яго Леанід Андрэевіч. Далі яму пакойчык у былой земскай бальніцы. Толькі назва была, што бальніца: разгароджаны двор зарос палыном і крапівою, дах згніў, печы пазавальваліся, дымілі і не грэлі. Раней тут гаспадарыў стары фельчар, горкі п'яніца і марфініст. Можа і выдумлялі людзі, але казалі, што нейкай кабеце ён паставіў банкі на кажух. Тая думала, што так трэба, і маўчала.

А Леанід Андрэевіч сабраў людзей, пагаварыў з імі, і назаўтра знайшліся і печнікі, і сталяры. З месяц перакладалі печы, перасыпалі ганкі, гарадзілі платы, крылі дах. Жанкі назносілі алею, наварылі пакосту, памалявалі падлогу і вокны, закітавалі шыбы, і бальніца стала як бальніца, жывым цяплом зажыла.

Ад світання да поўначы не выходзіў з яе прыезджы доктар. Ён рабіў аперацыі, прымаў парадзіх і ездзіў на старэнькім веласіпедзе па сёлах да хворых, расказваў, як і ад якое хваробы ратавацца. Людзі паверылі яму і паехалі ў бальніцу німалад адкуль са сваімі немачамі і бядою. У поўнач і на світанні стукаліся ў доктарава акно. А ён, здавалася, толькі і чакае гэтага стуку. Усхопіцца, накіне пацёрты палітончык, выбежыць на ганак з маленькім сакваяжыкам і просіць: «Хутчэй, толькі хутчэй. Доктар не мае права пазніцца». І трасецца ў сялянскіх драбінах ці ў санях у дождж і ў мяцеліцу, абы толькі паспець да хворага.

Праз год, неяк пад вясну, прыехала да яго прыгожая статная жанчына. Ні з кім яна не знаёмілася, ні з кім не гаварыла. Усе заглядаліся на яе, адны зайздросцілі ёй, другія — Леаніду Андрэевічу.

Нанялі яны па суседству з бальніцаю кватэру, але хутка і да яе пратапталі сцежку людзі з далёкіх і блізкіх вёсак.

Спярша Леанід Андрэевіч хадзіў вясёлы і шчаслівы, памаладзелы і пахарашэлы. А потым спахмурнеў, пастарэў і неяк звяў. Бывала, у яго спытаеш што-небудзь, а ён нібыта і не чуе, потым спахопіцца, перапытае і толькі вінавата ўсміхнецца. Я тады якраз толькі скончыла школу міласэрных сясцёр і прыехала сюды...— жанчына ўздыхнула і горка ўсміхнулася.— Так і асталася тут дажываць свой век... Такія людзі, як Леанід Андрэевіч, не часта сустракаюцца ў жыцці.

Прывязуць, бывала, з вёскі старэнькую бабку. Енчыць, бедная, на возе, варухнуцца не можа. А доктар ужо бяжыць да яе. Пакуль збіраюцца санітары, ён возьме на рукі сухенькую бабульку, сам пакладзе на насілкі, загадае паскідаць зрэбнікі, памыць, адзець ва ўсё чыстае. Агледзіць, распытае, развяселіць старую. Ноччу прыйдзе, супакоіць, суцешыць — назаўтра сама просіцца, каб зрабіў аперацыю. Аперацый тады ўсе баяліся, а яму верылі, казалі, рука лёгкая і сэрца добрае.

Тыдні праз тры тупае тая самая бабулька ў бальніцу. У руцэ клуначак, завязаны ў беленькую паркалёвую хустачку. Няўжо зноў занядужала? А яна стане на ганку, мыляецца і ўсё некага цікуе. Убачыць Леанід Андрэевіч сваю пацыентку, запросіць у пакой, распытае, што і як.

«А доктарка даражэнькі, дай жа вам бог здароўя. Ажыла зусім. Адкуль і сілачка тая ўзялася. Блізкі свет, а от бачыце, сама прытупала і ні разу не аддыхнула». І бабулька працягвае доктару свой клуначак. Ён адмахваецца, абураецца, кажа, што гасцінцамі зневажаюць яго, а бабка божыцца, што яечкі свежанькія, і тупае за дзверы. Тады Леанід Андрэевіч кліча каго-небудзь з бальнічнай кухні і аддае ўсё ў агульны кацёл.

А бабка ішла шчаслівая, што аддзякавала доктару.

Я моўчкі слухаў жанчыну і разумеў, што ёй трэба выгаварыцца, а можа зноў перажыць дарагія ўспаміны.

— А як надышла восень, апусцела возера, зрабілася маркотна ў нашым гарадку, занудзілася прыгожая доктарава жонка. У іхнім доме да поўначы гарэла вялікая лямпа, а праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Яго пакінулі ў гэтым доме ранейшыя гаспадары, што ўцяклі з белапольскімі легіянерамі. Над піяніна вечарамі сумавала адзінокая прыгожая жанчына. Звалі яе, здаецца, Ева Браніславаўна. А Леаніду Андрэевічу ўсё не было часу пасядзець з ёю. Не забегшы дадому, ён спяшаўся ў далёкую вёску да дзіцяці, што задыхалася ад дыфтэрыі, начамі не адыходзіў ад ложка селькора, параненага з кулацкага абрэза, ці ад хлапчука, абгарэлага на пажары.