1963
СУВЕНІРЫ
Да ад'езду аставалася тры дні. Аформлены дакументы, зроблены прышчэпкі, куплены паста, мыла і сігарэты.
Што яшчэ трэба? Самае галоўнае — сувеніры. Але дзе знайсці такія, каб узрадавалі будучага знаёмага, што сустрэнецца недзе на далёкіх дарогах? Арыгінальныя, прыгожыя і танныя сувеніры адразу не знойдзеш. Але трэба шукаць. Размаляваных бярозавых лыжак і матрошак за апошнія гады турысты вывезлі за мяжу, напэўна, некалькі вагонаў. І ўсё мала.
Што б падараваць такое, каб будучаму добраму Другу было прыемна ўспомніць не толькі цябе, колькі тваю краіну, умельства і талент тваіх землякоў, дабрату і шчырасць народа, што паслаў цябе ў адведзіны да блізкіх і далёкіх суседзяў?
От і бегаў, шукаў, выбіраў, купляў. Потым шчодра раздорваў цікавым людзям, з якімі выпадкова зводзіў лёс, каб пасля ўжо, мабыць, ніколі больш не стрэцца. Як прыемна дарыць, як добра прыносіць людзям радасць!
Ці берагуць яны сувеніры? Ці помняць тую сустрэчу? Це ведаю. А мне многія яны запомніліся і не забываюцца з гадамі. Успамінаецца рэч і чалавек, якому яе падарыў. І ў кожнага сувеніра свая маленькая гісторыя. Можа некаторыя варта расказаць?
Прыгадвалася першае знаёмства ў Капенгагене, каля славутага фантана.
Данія сустрэла нас імжою і туманам. Адзінокая Русалачка з абымшэлага каменя глядзела журботна і задуменна. Яна прыйшла сюды з Андэрсенаўскай казкі, і капенгагенцы ўжо не ўяўляюць прычал, свой горад і сябе без пазелянелай ад салёных пырскаў бронзавай дзяўчынкі, што сустракае і праводзіць караблі, аднолькава зажураная і самотная. Калі нейкія злачынцы адпілавалі і ўкралі русалчыну галоўку, капенгагенцы адзелі жалобу. Аднавілі скульптуру — у горад прыйшла сапраўдная радасць. Нібы адбыўся найвялікшы цуд: Русалачка ўваскрэсла. Мірны і таленавіты народ часцей за ўсё стаўляе помнікі любімым казачным героям. На спатканне да іх ходзяць з маленства да старасці. Мяняюцца каралі, а помнікі астаюцца. Русалачка дорыць кожнаму радасць найчысцейшай прыгажосці і трошачкі шчымлівай тугі па некім дарагім і далёкім, каго чакаеш і не можаш дачакацца.
Не бачыць у Капенгагене Русалачку тое самае, што не ўбачыць у Рыме Калізей, у Ленінградзе — Ісакій, у Маскве — Васілія Блажэннага. Таму на Лангелініі зранку да ночы гудуць і пстрыкаюць фотакамеры, і па свеце разыходзяцца мільёны здымкаў безнадзейнай у сваім вечным чаканні бронзавай дзяўчынкі.
Да порта падыходзяць шырокія вуліцы ў тапалёвых прысадах. Але на вуліцах няма ніводнага чалавека. Куды ж дзеліся людзі? Дзе сталічная мітусня, шастанне колаў і гул машын? Капенгаген як вымер. На пустой плошчы нас чакаюць турысцкія аўтобусы, каля іх шпацыруюць адпрасаваныя і начышчаныя шафёры. Вось і наш гід — сухарлявая, у вялікіх рагавых акулярах і чырвоным берэце — мадам Эма Фок. Яна заўважыла наша здзіўленне.
— Не дзівіцеся. Так, горад пусты. Ён апусцеў у пятніцу з вечара: усе капенгагенцы за горадам, на дачах, на рэчках, у лясах і ў вёсках. І так кожны выхадны. Сёння к вечару зноў закіпіць жыццё. Пабачыце самі. А цяпер прашу прайсці крокаў дзвесце. Наш аўтобус падыдзе туды.
Мы ледзьве паспявалі за даўно немаладой, падобнай на колішнюю класную даму, мадам Фок. Звярнулі направа і выйшлі на невялікую плошчу, акружаную старымі разгалістымі таполямі, усыпанымі грачынымі гнёздамі. Несціханы грай і лапатанне крылаў неспакойных птушак нагадвалі нашу, але блакітнейшую і ласкавейшую вясну. Тут пахла тапалёваю смолкаю і свежым марскім ветрам. Пасярод плошчы аж страляў, шумеў і клекатаў агромністы фантан, хвалі білі і заварочваліся, як барозны свежай раллі. Над імі згіналіся дужыя шыі чатырох напружаных у апошнім рыўку буйвалаў. Здавалася, трымціць кожная жылка, падломваюцца ногі, з ноздраў, як пара, б'юць тонкія струмені вады. Адзін лабатую галаву ўвагнуў да самых капытоў, другі да хрусту напяў пастронкі і звярнуў крутую шыю, сярэдні, трэці, ад напружання аж вырачыў вочы. Здаецца, яшчэ рывок — і яны паляцяць у кіпень вады. За плугам — статная, як антычная багіня, маладая жанчына. Уся яна — напружанне і рух. Высока ўзняты тонкі бізун захліснуўся на спіну магутнай аратай. Здаецца, зараз засвішча і перацягне па чатырох крутых буйвалавых спінах. Вадзяныя скібы баразён з шумам выкочваюцца з-пад сахі і знікаюць у вялікім басейне.