Я ўявіў апусцелую плошчу Гефіён. Ніхто цяпер не сустрэне воплескамі залатую веласіпедыстку на вежы гарадской ратушы, ніхто каля фантана не прывітае турыстаў.
Я адшукаў картку, на якой быў зняты стары Б'ерне.
Яна доўга стаяла на маім стале.
Лонданскае Сіці пусцее, як толькі зачыняюцца канторы і банкі. Банкаўскія будынкі без вокан, і лонданцы жартуюць: «Бачыце, нам усім не давяраюць». Толькі ў самым пачатку змрочнага Сіці стаіць прысадзісты дом з вясёлаю неонаваю рэкламаю «Колониаль а гаусэ Мекка». Над уваходам пагойдваюцца кантовыя ліхтары часоў Дзікенса, за дзвярыма стаяць жалезныя рыцары з апушчанымі забраламі і жывы лёкай у стракатай ліўрэі. Ён з прафесійнай ветлівасцю запрашае заходзіць, а рыцар, здаецца, зараз сцісне за плячо цяжкаю металічнаю далонню і спытае: «А табе чаго тут трэба?»
Шмыгаем каля рыцараў і ў люстранай сцяне пазнаём сябе ў пярэстым натоўпе, падвоеным і патроеным суцэльнымі люстрамі.
Карпарацыя «Мекка» трымае дзесяткі такіх залаў і па заказах забяспечвае прыёмы, банкеты і вечары любога маштабу, кошту і на любым узроўні. Сёння таварыства «Вялікабрытанія — СССР» прымае восемсот савецкіх турыстаў. Зала, велічынёю з добры ангар, застаўлена сталамі з вінамі і закускамі.
Да пачатку прыёму зартаецца хвілін дзесяць. Блукаем па фае, калідорах і пераходах. Гучаць розныя мовы, але скрозь — зразумелыя ўсмешкі, а часам і змрочныя закамянелыя пагляды. Каля люстра спыняецца тоненькая чарнявая дзяўчынка і папраўляе пышныя валасы. Я прыглядаюся да яе і, каб згладзіць сваю не зусім далікатную цікаўнасць, падаю некалькі каляровых паштовак. Не ведаючы ні слова па-англійску, мармычу нешта накшталт «Біттэ, мадмуазэль» і чырванею да вушэй.
Яна ўважліва разглядае паштоўкі, ветліва ўсміхаецца і гаворыць вельмі зразумелае:
— Балшой спасып. Какой замэчательны илюстрацый к сказкам Пафел Бажоф. Это «Хосяйка метная гора». Я ошень рат такой... как это по-руски... прэзэнт.
— О, дык вы добра гаворыце,— здзіўлена лыпаю вачыма. Хвіліну назад я быў упэўнены, што яна нічога не разумее і ледзь нешта не ляпнуў пра яе.
— Нет, я очэнь плёхо снаю руский. Основной у менья французский и немецкий, русский пеўчаю факультатыфно только третий гот. Ошень люблю читать Тольстой, Шолёхов, Достоевский, Паустовский, Твардовский.
— У арыгінале? — здзіўляюся я.
— Конешно. Только оригиналь,— і зноў залюбавалася ілюстрацыямі да казак Бажова. Да нас падышлі мае знаёмыя і папрасілі тоненькую студэнтку сесці за наш стол. Яна згадзілася быць нашай перакладчыцай з умовай, што мы будзем папраўляць яе вымаўленне.
Сталы застаўлены пірожнымі, жэле, нейкімі салодкімі прысмакамі. Не ведаем, чакаць ці можна есці. Мы ж прывыклі пачынаць з селядца або салёнага агурэчка.
Малады барадаты журналіст у выцертай аксамітнай куртцы апаражняе талерачку за талерачкай. Добраахвотная перакладчыца місіс Сэсілія заўважыла нашу нерашучасць і пачала нас частаваць фруктовым джэмам. Я гляджу ў агромністую залу: сотні і сотні мужчын і жанчын шчыльна сядзяць за сталамі, гамоняць, смяюцца, ядуць, патанаюць у воблаках цыгарэтнага дыму і здалёк здаюцца маленькімі-маленькімі. Міжвольна падумалася: «Калі ж тут накормяць такую процьму народу?»
Да нашага стала падбег чарнявы і гнуткі, як лазіна, афіцыянт.
Над галавою, як у цыркавога жанглёра, на трох пальцах круціўся вялізны паднос. Двума відэльцамі, як абцугамі, ён хапаў кавалачкі мяса і раскладаў на талеркі. На кофтачцы аднае нашай турысткі ён убачыў маленькі брэлок з дзвюма матрошкамі, падбег да яе, пачаў выгінацца і прасіць: «Сувенір! Матрушка! Матрушка!» Праз хвіліну «Матрушка» ўжо целяпалася на пінжаку ўвішнага афіцыянта. Ён назваў сябе: «Анджэло. Італьяно».
Мы пацікавіліся, як ён сюды трапіў і колькі гаспадар яму плоціць за такую віртуозную работу.
— Вы, мабыць, хочаце спытаць, колькі я плачу гаспадарам,— здзівіўся Анджэла.
Тады мы нічога не зразумелі: як гэта — працаваць і яшчэ плаціць за сваю работу? Анджэла пачаў тлумачыць:
— Я прыехаў з Неапаля вучыцца ў інстытут. Але трэба плаціць за навучанне і асобна — за здачу кожнага экзамена. Праваліўся — плаці зноў. Плаці за кніжкі ў бібліятэку, наймай прытулак. Вось і пайшоў у афіцыянты. Жыву з «чаявых». Пятнаццаць працэнтаў з іх трэба аддаваць гаспадару, што дазволіў працаваць у яго рэстаране.
Анджэла сабраў стос талерак і знік, а калі вярнуўся з чарговым падносам, мы пачалі расказваць, што ў нас студэнты вучацца за дзяржаўны кошт, атрымліваюць стыпендыю, бясплатна карыстаюцца ўсімі бібліятэкамі горада, жывуць у інтэрнатах і... правальваюцца бясплатна. Анджэла замахаў рукамі: