Выбрать главу

— Такога не можа быць. Гаварыце цішэй. Гэта ж чырвоная прапаганда,— зашаптаў ён.

Так, мабыць, і не паверыў нам.

У залу ўваходзілі гаспадары прыёма — пяць лордаў з залатымі ланцугамі на шыях. Паперадзе ішоў высокі сівы член вялікага Брытанскага савета. Усе селі за доўгі накрыты зялёным сукном стол. Пачаліся прамовы і дасціпныя тосты за мір і дружбу. Ніхто не заглядваў у паперку, кожны трымаўся натуральна і весела. Паднялася даволі поўная, ружавашчокая член парламента Ан Кер і загаварыла па-руску:

— Яшчэ ўчора ў Лондане ліў дождж і вісеў густы туман. Дзякуем, што вы прывезлі нам цяпло і сонца. Я жадаю, каб моладзь Савецкага Саюза, Англіі, Амерыкі і Кітая зразумела, што людзі жывуць для шчасця, а не для вайны. Давайце рабіць усё, каб на зямлі заўсёды быў мір. Я вельмі шкадую, што ў нас сёння няма рускай горкай, якую мы ўсе так любім, але радыя, што ёсць вы, а вас мы любім яшчэ мацней,— і падняла бакал віна.

Доўга не змаўкалі апладысменты, да яе падыходзілі з чаркамі, дзякавалі за прамову. Па зале насіліся ўвішныя італьянскія студэнты з вялізнымі падносамі, непрыкметна шныралі ў вузкіх праходах — і праз некалькі хвілін на ўсіх сталах ужо стаялі новыя стравы.

Высокі сівы лорд даў слова мэру аднаго з раёнаў Лондана, містэру Картэле. Падняўся плячысты бялявы мужчына з залатым ланцугом на шыі.

— На вялікі жаль, я не гавару па-руску, але я не гавару і па-англійску. Я — шатландзец. Мая родная мова — мова вялікага Роберта Бёрнса. Ён нам такі ж дарагі, як вам Тарас Шаўчэнка. Вы прыплылі на цеплаходзе, які носіць яго імя. Вялікі Тарас прыйшоў у госці да вялікага Бёрнса...

Далей я ўжо нічога не чуў. У мяне ў кішэні ляжаў томік вершаў славутага шатландца на беларускай мове. Перад ад'ездам я зайшоў да перакладчыка гэтай кніжкі і папрасіў зрабіць аўтограф. Ён напісаў па-англійску: «Майму незнаёмаму англійскаму другу ад перакладчыка на беларускую мову несмяротных твораў вялікага Бёрнса. З павагаю Язэп Семянсон».

Зручнейшага выпадку для такога сувеніра быць не магло. Я папрасіў Сэсілію, і мы разам падышлі да лорда Картэле. Як толькі ён скончыў прамову, я падаў яму кніжку. Ён хуценька разгарнуў яе, убачыў партрэт любімага паэта, узрадаваўся, як малое дзіця, а калі прачытаў надпіс, моцна абняў мяне і доўга трос руку.

— Я маю выданні Бёрнса на ўсіх мовах свету. Не было толькі беларускага. Гэта самы дарагі для мяне падарунак. Вельмі вас прашу прачытаць хоць адзін верш. Як ён гучыць на вашай мове?

Я разгарнуў кніжачку ў чырвонай вокладцы і прачытаў першае, што трапіла на вочы:

Мой слаўны, мой шатландскі край, Узгор'і і лагчыны, Забудзь аб славе, забывай Само імя — айчына.

Картэле не стрымаўся:

— О, гэта «Шатландская слава». Прабачце, чытайце, чытайце, калі ласка.

Калі прагучалі заключныя радкі:

Няхай памру я без пары, Хай лягу ў дол забытым,— Праклён я шлю вам, гандляры, Што прадалі нас брытай! —

Картэле і яго жонка заапладзіравалі вялікаму шатландцу і яго беларускаму перакладчыку. Малінавы томік пераходзіў з рук у рукі.

На эстрадзе дрыгалі і завывалі барадатыя нячэсаныя бітлзы. Бубны і электрагітары білі ў самае цемя, але не маглі заглушыць у сэрцы радкоў вялікага шатландскага аратара і паэта.

Мы выйшлі на пустую, ледзь асветленую жоўтымі ліхтарамі Сіці. Над Лонданам было зорнае неба. Зноў успомніліся радкі Бёрнса:

Хто б верыў, што надыдзе час І вольны край загіне, Што здрада чорная ўсіх нас За грошы ў яму кіне.

У Сіці яны гучалі асабліва выразна, прароча і сурова.

«ШТРАФ»

Раніцаю ад'язджаем у Рым. Толькі на світанні спадае гарачыня. Неапалітанская затока ружавее ў празрыстым тумане, а далёкія ветразі, мачты, шпілі касцёлаў, белыя домікі на зялёных узгорках здаюцца залаціста-ружовымі міражамі.

Неапаль толькі прачынаецца. Вуліцы яшчэ пустыя, вільготныя і цемнаватыя. Над імі звісаюць мокрыя, цыраваныя і латаныя прасцірадлы, кашулі, начныя сарочкі, пялёнкі, ліфчыкі і штонікі. Адным словам, усё, што паспелі памыць учора звечара.