Выбрать главу

Непадалёк спынілася і тая маленькая нязграбная машынка. Каля яе стаялі гаспадар і даўжэзны паліцэйскі ў чорным суконным мундзіры і тугім стаўбунаватым шлеме. Як толькі Віторыо падбег да іх, гаспадар нязграбнай бляшанай казяўкі з кулакамі наскочыў на яго. Паміж імі стаў паліцэйскі, казырнуў аднаму і другому і адвёў да парэнчаў моста. Абодва, як пеўні крыламі, замахалі рукамі.

У аўтобусе не было чым дыхаць, і мы ўсе выскачылі на тратуар. Дасведчаныя аўтамабілісты агледзелі наш аўтобус:

— Глупства. Драпіна на фарбе, і спыняцца не варта было.

— Гэта ж той прыватнік выскачыў на наш бок.

— Паглядзіце, ён яшчэ кідаецца з кулакамі на Віторыо.

Шафёры крычалі і махалі рукамі, як толькі ўмеюць экспансіўныя італьянцы. Паліцэйскі стаіць збоку і толькі слухае іх спрэчку, а яна ўсё разгараецца і зацягваецца. Самае дзіўнае, што насядае прыватнік на нашага шафёра.

Ад спёкі растае асфальт, і мы хаваемся пад густымі парасонамі піній. Экскурсавод ледзь не плача: група позніцца, графік і ўсе планы зрываюцца. А спрэчцы шафёраў не відаць канца — махаюць рукамі і крычаць усё галасней і галасней. Колькі яны будуць сварыцца і колькі яшчэ прастаім, ніхто не мог сказаць.

— Што рабіць? Што рабіць?! — даходзілі да адчаю экскурсавод і кіраўнік групы.

Раптам, нічога не гаворачы, размахваючы сумачкай, да крыкуноў пайшла Людміла Аляксееўна. Мы ведалі, што яна працуе ўрачом у Слуцку, што многія стараліся ў аўтобусе сесці каля яе, скандынавы і англічане заўсёды азіраліся на Людмілу Аляксееўну, французы ўсміхаліся і ішлі за ёю некалькі кварталаў, а пра італьянцаў і казаць няма чаго.

— Паліцэйскі не дасць ім рады, а Людміла Аляксееўна зараз развядзе гэтых пеўняў,— суцяшаў кандыдат эканамічных навук.

— Толькі такую жанчыну адну пускаць рызыкоўна, асабліва ў Італіі,— жартаваў літоўскі аператар.

Кіраўнік групы папраўдзе занепакоіўся:

— Хто ёй дазволіў адлучацца?! — і ён, маленькі, тоўсценькі, выціраючы змакрэлую шыю, хуценька падрыпаў кароценькімі ножкамі.

— Бачыце, які ён клапатлівы,— захаплялася жанчына ў тонкіх акулярах і нешта запісвала ў тоўсты разбрынялы блакнот.

— Думаеце, вельмі за Людмілу Аляксееўну непакоіцца? Больш пра сябе думае,— і аператар крыкнуў наўздагон: «Хутчэй, Анатоль Пятровіч!»

Той ірвануўся, прабег некалькі крокаў і раптам запаволіў хаду. Гаспадар маленькай машыны далікатна кланяўся Людміле Аляксееўне і ўвесь свяціўся белазубаю ўсмешкаю. Смяяўся і паліцэйскі, узяўшыся ў бокі, заліваўся рогатам і наш Віторыо. Не верылася, што хвіліну назад яны ледзь-ледзь не кідаліся адзін на аднаго з кулакамі. У цэнтры стаяла слуцкая дакторка, да яе нахілілася трое мужчын, нешта разглядалі і смяяліся. Анатоль Пятровіч спыніўся за некалькі крокаў ад іх. Раптам «пакрыўджаны» ўласнік моцна абняў Віторыо, пакланіўся Людміле Аляксееўне, ужо з машыны памахаў усім рукою і адразу знік у патоку машын. Да аўтобуса подбежкам спяшаліся шафёр і наша прыгожая дакторка.

Віторыо зірнуў на пісяг на машыне, махнуў рукою і скочыў у кабіну. Мы апанавалі Людмілу Аляксееўну пытаннямі, што яна такое сказала, што «ворагі» адразу сталі сябрамі, нават абдымацца пачалі.

— З усяго, што я сказала, ён зразумеў толькі адно слова — сувенір. А калі падала матрошку, паглядзелі б, што рабілася: дастаў самую маленькую, рагатаў, не раўнуючы, як малое дзіця. Паліцэйскі аж заходзіўся ад смеху.

— Цяпер усе штрафы будзем плаціць матрошкамі,— пажартаваў гід,— Віторыо, хутчэй на плошчу Гарыбальдзі!

Аўтобус імчаўся ў шырокай плыні мітуслівых і стракатых машын, сонца смаліла так, што да скураных сядзенняў нельга было дакрануцца.

Чатырыста рымскіх касцёлаў званілі на імшу.

ПЕСНЯ

Прыгожая, крышку падобная на цыганку жанчына лёгка ўскочыла ў аўтобус, маленькаю моцнаю рукою сціснула мікрафон:

— Уфажаемых сафетскіх туристоф приветствую на древняя зэмля Элада. Я называюсь Роза Карвэли, наша шафёра — господин Спирос. Ми с вами в порт Пирэй...— і сыпанула цэлую старонку фактаў з турысцкага даведніка.

— Хвіліначку, хвіліначку,— перабівае яе кабета ў тонкіх «інтэлектуальных» акулярах без аправы.— Як называецца чацвёртая гара, Л-і-гіён ці Л-е-егіён?

Роза ўсміхаецца чорнымі іскрыстымі вачыма і паўтарае, нібы дыктант:

— Імітос, Пендэлікон, Парнітос, Э-г-а-ле-он.

Жанчына ў акулярах старанна запісвае слова ў слова. Яна ўжо нічога не бачыць, ні на што не звяртае ўвагі — піша і піша, небарака. А мы глядзім на вузкія вулачкі Пірэя, на прадаўцоў кавы, на прыгожых афінянак і статных грэкаў.