Выбрать главу

— Алена Кірылаўна, зірніце, зірніце, які...— штурхае Людміла Аляксееўна жанчыну з блакнотам і паказвае нешта за акном.

— Адчапіцеся! — агрызнулася жанчына ў акулярах,— вам глупства на ўме, а мне прыйдзецца з лекцыямі выступаць.

Да яе нахіляецца мой сусед, кандыдат эканамічных навук, і шэпча:

— Схавайце блакнот, а дома адгорнеце «Малую Савецкую Энцыклапедыю» том першы, на А, здаецца, старонка 667.

Алена Кірылаўна бліснула «інтэлектуальнымі» акулярамі, але адразу не здалася: нешта яшчэ пісала, але, відаць, толькі для прыклёпу, каб паказаць цвёрдасць характару і толькі ёй адной вядомую мэту такой стараннасці.

Але Афіны ёсць Афіны. Адны хочуць адразу ж пабачыць Алімпійскі стадыён, другія — помнік Байраку, хтосьці дапытваецца, дзе храм Гефеста, нехта прапануе хутчэй ехаць на Акропаль.

Прыгожая Роза ветліва ўсім усміхаецца, абяцае ўсё паказаць, а маўклівы Спірас тым часам дакладна па раскладзе вязе ў старажытны Карынф.

...Пясчаныя палі выпетралі на сонцы да хрусту. Паміж прыдарожных каменняў цвітуць агавы і макі, ружавеюць кусты алеандраў, цягнуцца вузкія палоскі парудзелых вінаграднікаў. Адзінокія жанчыны жнуць сярпамі. Не верыцца, што жнуць у маі. Аўсы пабялелі і выпрасталіся. Прамільгнулі нязжаты загончык, колкі ўзмежак, самотны каршун у сінім, без адзінай хмурынкі небе. Бо калі ў вышыні праплыве невялічкае воблачка, грэкі ўжо скардзяцца, што псуецца пагода.

Неба яснае. Сухі гарачы вецер нясе жоўты пыл і апальвае шчокі. Прывяла і маўчыць наша гаваркая Роза. Усе размяклі і прыціхлі ад спёкі і аднастайнасці пейзажу.

— А вы ўсё ж не грачанка,— толькі каб не маўчаць, звяртаецца да Розы мой сусед.

— Да-а-а. Я сама ис Югославия. Любляна мой город. После я училась консерватория. Но этот горьячий грек Корвели похитил и привёз меня с'юда,— весела смяецца Роза.

Спадзеючыся пачуць рамантычную гісторыю, прахапіліся ўсе сонныя, Алена Кірылаўна выхапіла свой тоўсты блакнот. Яна замучвала гідаў пытаннямі: калі пабудаваны Пантэон, колькі зарабляе шафёр, запісвала цэны на масла і камбінацыі. Вось аб'ехала Еўропу, але апрача свайго блакнота нічога не бачыла: яна ў музеях, на хаду і ў аўтобусах запісвала даты нараджэння каралёў і славутых мастакоў, прозвішчы архітэктараў, памеры Віндзорскіх паркаў і шырыню парыжскіх мастоў.

Роза ўхілялася ад рамантычнай споведзі і, каб перавесці гаворку, спытала:

— А ви, конешна, все из Москва?

— Не,— адказаў мой сусед,— масквічы ў другой групе. А мы хто адкуль. Я, напрыклад, з Беларусі.

— Ви из Белорусия? — здзівілася Роза.

— Ага. Можа вам даводзілася бываць у нас?

— Нет, к сожалению, нет. Но ми знаем: это многострадальный и героический нарот. Ми преклоняемся перед вашим... как ето... мужеством.— Роза склала вузкія далоні, як на малітву, і пакланілася майму суседу.— Ми в Юлийские Альпы учились у белоруских партизанов делать, как его, «к-он-церт», рельсофая война. Спасыбо вам.— Роза моцна паціснула руку майму суседу.

— Я тут не адзін,— засаромеўся ён,— вунь колькі нас, беларусаў.

Кожнаму хацелася падарыць нешта лепшае былой югаслаўскай партызанцы. Я перавярнуў кішэні, але, апрача адзінай паштоўкі, нічога не знайшоў. Хоць было і няёмка, я падаў яе Розе. Лепш што-небудзь, чым нічога. На паштоўцы былі намаляваны партызаны ў разведцы, а побач надрукавана песня. Роза ўчытвалася ў ноты і пачала ледзь чутна мармытаць знаёмую мелодыю.

— Ви знаете ета песня? — спытала яна.

— Яе ў нас спяваюць усе і заўсёды.

Роза ўзяла паштоўку ў левую руку, а правую падняла, як дырыжор, і запела:

Ой, бярозы ды сосны,— Партызанскія сёстры, Ой, шумлівы ты лес малады,—

падхапіла наша беларуская група.

Песня загучала суладна і звонка. На другой страфе далучыліся мурманчане, літоўцы і латышы. Яны падхоплівалі прыпеў і паўторы кожнай страфы. Роза размахвала паштоўкай і спявала ў мікрафон. У яе вуснах міла гучалі беларускія словы са змененымі націскамі, але яна спрабавала паправіцца і трапіць нам у тон.

Праз адчыненыя вокны аўтобуса наша песня плыла над збялелымі палямі Грэцыі, над вінаграднікамі, над чырванню прыдарожных макаў.

Калі даспявалі, Роза прыціснула паштоўку да грудзей.

— Это самый дорогой сувенир. Большой спасыбо...— і зусім ціха,— т-о-фа-рышы... А тэпер посмотрите налево. Здэсь, по преданию, встретились Езус Христос с пророком Петром...