Алена Кірылаўна зноў выхапіла свой разбрынялы блакнот. Па небе паплылі лёгкія хмурынкі: у Грэцыі псавалася надвор'е. А Роза ціха напявала «Лясную песню».
З усіх гідаў толькі адзін называў нас «таварышы». Маленькі, усохлы з постаці і твару, з густа прысоленым сівізною вожыкам валасоў, ён быў непрыкметны сваёй шэрай будзённасцю. Толькі вялікія чорныя вочы праз шкельцы акуляраў прагна ўглядаліся ў кожнага і, здавалася, бачылі ўсё навылёт.
Гаварыў ён амаль без акцэнту, але трошачкі шапялявіў:
— Прашу прабачэння за дыкцыю. Два тыдні назад трапіў у аварыю, усё абышлося добра, толькі разам з люлькаю выскачылі зубы. Вось свішчу і накульгваю трохі. Трэба было яшчэ паляжаць, але хіба ўлежыш, калі прыязджаюць землякі?.. Будзем знаёмы: Сяргей Пятровіч Варэжнікаў,— паціскаючы кожнаму руку, ён часам перапытваў імя або па бацьку. Ужо ў аўтобусе ён беспамылкова называў кожнага з трыццаці васьмі турыстаў і да канца падарожжа ні разу не памыліўся.
Гаварыў Сяргей Пятровіч ад Гаўра да самага Парыжа. Відаць, згаладалы па роднай мове, ён ніяк не мог нагаварыцца. Часамі зацягвалася паўза: Сяргей Пятровіч пакутліва падбіраў патрэбнае слова, а яно выскачыла, рассыпалася, знікла. Круціцца нейкае сугучча, але ж не яно, не тое, што трэба. Праз некалькі дзён ён ужо гаварыў без запінкі.
— Надыхаўся роднага свежага паветра, акрыяў і памаладзеў,— прызнаваўся наш гаваркі гід. Кожнаму карцела дазнацца, калі і як ён трапіў сюды, але было няёмка вярэдзіць даўнія раны ў душы гэтага сімпатычнага чалавека. Так і маўчалі. Не ўтрымалася толькі Алена Кірылаўна і ні з таго ні з сяго бухнула:
— А чаго вас занесла сюды?
У Сяргея Пятровіча аж вочы пачырванелі, ён часта заморгаў, нешта замармытаў, а калі прайшло хваляванне, ціха сказаў:
— Усё гэта не так проста, таварышы... Сюды мяне прывезлі, калі мне было дванаццаць гадоў. Тут вучыўся, стаў інжынерам-будаўніком, мужам і бацькам.
У вайну як мог змагаўся з фашызмам. Як бачыце, пасівеў і пастарэў тут. А ўсё роўна — прахаплюся ноччу, і здаецца, трапіў у нейкую незнаёмую гасцініцу, а дом недзе там, на Астожанцы. Маскву ўяўляю толькі дваццатых гадоў: трамваі «аннушка» і «букашка», бярозавыя гаі ў Сакольніках.
Таму, як толькі прапанавалі суправаджаць вас, плюнуў на кульгавую нагу, на памятыя рэбры і паехаў, каб хоць трохі адвесці душу, пабыць сярод сваіх. Хоць я не прафесійны гід, але Парыж ведаю так, каб паказаць вам самае цікавае.
З Сяргеем Пятровічам у нас адразу ўстанавіўся кантакт і ўзаемная павага. Хоць і кульгаў і крывіўся часам ад болю, але першы ўзбягаў на плошчу Тракадэра, бег па ўсходках Трыумфальнай аркі, звыш праграмы вадзіў па начным Парыжы, дамогся, каб у выхадны дзень пусцілі нас у музей Радэна, знаёміў з букіністамі на ўзбярэжжы Сены. І развітваўся ён з намі дзе-небудзь у раёне бульвара Сен-Жэрмен або каля моста Святога Цвіка, калі Парыж патанаў у ліловым змроку майскай ночы. А раніцаю, пасвяжэлы і адпрасаваны, ужо чакаў у вестыбюлі гасцініцы.
У апошні дзень мы гасцявалі ў камуністаў парыжскага прыгарада Вілетаноус. Рабочыя прадмесці французскай сталіцы звычайна называюць чырвоным поясам Парыжа. У іх мэрыі ўзначальваюць камуністы, а працуюць яны так, каб на наступных выбарах перавагу аддалі іх партыі.
Уладу ў Вілетаноусе ўзначальваюць камуністы ўжо дваццаць тры гады. Яны будуюць рабочым дамы, школы, дзіцячыя сады і яслі. А дзе бяруць грошы? Як толькі могуць, вырываюць у гаспадароў заводаў і заводзікаў, у розных кампаній, дзе працуюць рабочыя іх гарадка.
Мэр гарадка — дробненькая, зграбная і вельмі рухавая П'ерэль Пеціто. Мы з ёю агледзелі выстаўку работ самадзейных мастакоў у клубе мэрыі, ад кацельнай да даху аблазілі некалькі новых дамоў, толькі што пабудаваных мэрыяй, абышлі дзесятак кватэр рабочых. Калі змарыліся шнураваць па лесвіцах, таварыш Пеціто ўпрасіла зайсці яшчэ хоць у дзве кватэры, каб не пакрыўдзіліся гаспадыні, што да іх не зайшлі савецкія таварышы. Прыйшлося пайсці. Ні на хвіліну ад нас не адставаў і Сяргей Пятровіч.
На змярканні нас паехалі праводзіць мадам Пеціто, тры пажылыя работніцы і два па-святочнаму апранутыя гарбары з абветранымі і загрубелымі рукамі. Мы ехалі амаль па пустой шашы. Там-сям каля самых кюветаў стаялі пакінутыя аўтафургоны, грузавікі, рэфрыжэратары, пікапы і дарожныя машыны. На кожным кузаве бялеў папяровы квадрацік з надпісам «17 МАІ».
— Што гэта такое? Чаму кінуты машыны? — пацікавіліся мы.
— Паўгадзіны назад па ўсёй Францыі пачалася ўсеагульная забастоўка,— растлумачыў Сяргей Пятровіч.