Выбрать главу

На стале ў вялікай паліванай місцы дымілася сопкая бульба, на сподачку ляжалі скрылёчкі ружовага з прорасцю сала і стаялі крамяныя салёныя агуркі. Яны моцна пахлі кропам і вішнёвым лістам. Я хацеў падзякаваць і сказаць, што павячэраў у сталоўцы, але хіба можна адмовіцца ад такога пачастунку! Мы селі за стол. Цётка Ганна астудзіла бульбіну, зірнула на мяне добрымі, глыбока запалымі вачамі, мабыць, адчула, што мне не даюць спакою пытанні, а можа і таму, што кожнаму чалавеку рады ў гады хочацца расказаць пра самае запаветнае. Яна спакойна, нібы працягваючы толькі што перапыненую гаворку, пачала:

— Дзяцей у мяне ніколі не было, і сям'і сваёй не мела. Адзінокая я. Так бы адна і звекавала. А ў вайну як дачуліся нашы мужчыны, што немцы ўжо ў раёне, пабралі пілы і пачалі валіць лес на шлях — крыж-накрыж, сасну на сасну. За двое сутак загацілі дарогу да самага сяла, а самі, хто з дубальтоўкаю, хто з сякераю, падаліся ў лес. Пазней у іх і аўтаматы і кулямёты аднекуль узяліся. А дзе яны ў першыя дні тых мінаў набралі, ніхто не ведаў, але пачаплялі іх ледзь не пад кожную дзеравіну. Паткнуліся немцы на дарогу, ды назад, бачаць — без галоў астануцца. Тады пагналі паліцаяў. Ну ж і палягло гэтых бобікаў, пакуль дапялі да нас. Уварваліся ў сяло, а следам за імі ідуць гэтыя вылюдкі з труп'імі галоўкамі на шапках. Перавярнулі ўсе хаты, пуні абшасталі, стагі развярнулі, а мужчын — трасцу, аніводнага няма. Тады за баб узяліся. Відаць, падтыкнуў нехта — чые падаліся ў лес.

На вуліцу павыганялі босых і проставалосых. Толькі ўдоў і незамужніх не чапалі. А ў Алены, царства ёй нябеснае, дзіцятка маленькае на руках.

Накінула яна доўгі кажух, затуліла ім хлопчыка, грудзі дала, каб не плакаў, і стала разам з усімі. А на дварэ ўжо добра падшэрхла, і сняжок пачаў церусіць. Стаяць, гаротніцы, апусцілі галовы, маўчаць. А нейкі маленькі тоўсценькі немчурок па-нашаму ўсё дапытваецца:

— Куды пахавалі сваіх бандытаў? Паказвайце, а то пастраляем.

А жанкі зноў сваё:

— Ні сном ні духам не ведаем, куды яны скруціліся.

Да змроку біліся з імі тыя, з труп'імі галоўкамі на шапках, так нічога і не выпыталі. Потым, мабыць, старшы, у акулярах, нешта каркнуў, і паліцаі пачалі рулямі папіхаць жанок у спіны, прыкладамі біць і пагналі ўсіх на той канец сяла, у хвойнічак. Сэрца ў мяне так і зайшлося, хата кругам паплыла, хацелася кінуцца ўслед, енчыць, прасіць, маліць, каб злітаваліся. Ды хіба ж іх упросіш: не людзі гэта — ваўкі кручаныя.

Цётка Ганна ўздыхнула, памаўчала з хвіліну, адсунула астылую бульбіну.

— Толькі дайшлі яны да ўзгорачка, нешта бліснула, нібы засвяцілі сярнічку, і адразу — бах, бах! Чую лямант, глухі крык, потым затарахцела нешта, як гарох па блясе, і ўсё змоўкла. Я як стаяла ля акна, так і спаўзла на падлогу, нібы куля зваліла і мяне. Колькі так праляжала, і сама не ведаю! Адышла, як ужо добра сцямнела. Глянула — хоць бы табе дзе агеньчык, хоць бы іскарка бліснула — чарната. Як вымерла сяло. Страшна стала, за глотку нешта душыць, у роце высахла. Паціхеньку выйшла на вуліцу. Бачу — храпу на дарозе размясілі шырокія колы грузавікоў. Значыць, паехала нячыстая сіла...

Як апынулася ў хвойнічку, і сама не ведаю. Усё калоціцца ўсярэдзіне, ногі не слухаюцца. Узышла на ўзгорак, а там — покатам ляжаць маладзіцы, ужо і сняжок іх пачаў прыцярушваць. Не плачу, а слёзы вочы заслалі і самі цякуць, губы скусала да крыві, скамянела ад страху. Хто ж мог падумаць! Яшчэ ў абед мы з Аленаю разам на жорнах ячмень абдзіралі, збіраліся кросны снаваць... і на табе. Як глянула, нема загаласіла і ўкленчыла каля яе. Аж чую, нешта варушыцца пад кажухом і ціхенька ўсхліпвае. Падпаўзла бліжэй, думаю, жывая, расхінула кажух — аж хлопчык, жывенькі, прытуліўся да схаладзелага матчынага цела, толькі ножка з пялёначкі вытыркнулася і пабялела.

Ухапіла я Лёнечку, скінула з сябе світку, загарнула яго і бежкі дадому. Усю дарогу хукала на яго. Ускочыла ў хату, запаліла ў печы, нагрэла чыгун вады, паздымала пялёнкі, што зліпліся ад матчынай крыві, абмыла яго, загарнула ў чыстае прасцірадла. Так ён на руках у мяне і заснуў.

А раніцаю сабраліся ўсе нашы кабеты, выкапалі адну доўгую магілу, залілі яе слязьмі і пахавалі няшчасных.

Там цяпер помнік стаіць і дзве рабінкі растуць, можа бачылі? Гэта іх Лёнька пасадзіў, як падрос.

А пакуль акрыяў, усяго нацярпелася. Кароўкі ў мяне не было, сама нішчымніцу ела ўсю вайну, а малое дзіця без малачка на ножкі не паставіш. Дзякуй ім, бабы кожны дзень прыносілі, хто шклянку, хто паўшклянкі, а хто і смятанкі сподачак. Так і паднялі хлопца ўсёю вёскаю.