Выбрать главу

Пра бацьку казалі, што недзе пад Варшаваю галоўку склаў. А мы так з Лёнем удваіх і гаравалі. Усяго было. Вучыўся ён добра, дзесяць класаў кончыў. Прасіла, каб куды далей падаваўся, на інжынера якога ці агранома, дык не, і слухаць не хоча. Відаць, мяне кідаць шкода. От так і жывём удваіх.

Яна замоўкла. Даўно ў місцы астыла бульба, на прыпечку дагарэлі смалякі. Ад іх асталася толькі грудка белага попелу. Цікалі ходзікі, і шумела пад акном тонкая вішанька. Відаць, і яе пасадзіў Лёнька.

Больш не хацелася ні пра што распытваць цётку Ганну, не хацелася гаварыць пра іншае: усё здавалася мізэрным і дробным пасля таго, што яна расказала.

Мы доўга сядзелі моўчкі. Толькі было чутно, як у шыбіну стукаюць мокрыя галінкі.

1962

ТАК І БЫЛО

Даўно не быў Андрэй Далініч на радзіме. Колькі разоў збіраўся і ўсё адкладваў сустрэчу з мясцінамі, дзе прайшлі маленства і маладосць: то не было калі, то баяўся, што прыедзе і не пазнае хаты, садкі і гародчыкі, якія на ўсё жыццё захавала памяць А яму хацелася верыць, што там усё такое ж, як і два дзесяцігоддзі назад,— дзеці засталіся дзецьмі, яго равеснікі — усё яшчэ юнакі, а старыя ў тым жа ўзросце, як і тады, калі Андрэй расстаўся з імі. Хацелася хоць на дзень завітаць у сваё юнацтва, пазнаць кожную сцяжынку, кожную прысаду, сустрэць даўніх сяброў, нібыта і не разлучаўся з імі.

Андрэй ведаў, што час усё змяніў і паставіў на свае месцы, ведаў, што вайна напалову спапяліла яго драўлянае палескае мястэчка, што многіх равеснікаў і сяброў даўно няма на свеце, што выраслі новыя людзі, што нанава забудаваліся вуліцы. А ўспаміны часцей і часцей непакоілі яго, нейкая сіла цягнула і клікала ў родныя мясціны, хоць і ехаць не было да каго: бацькі даўно памерлі, родзічы раз'ехаліся хто куды. Але ўсё ж ён сабраўся ў дарогу.

На аўтобусным вакзале поўна людзей, з чамаданамі, партфелямі, мяхамі і кошыкамі. Маладыя, старыя і дзеці. На вакзалах заўсёды здаецца, што нікому не сядзіцца на месцы, што ўсе некуды едуць, спяшаюцца, нервуюцца, а часам без дай прычыны штурхаюць і абражаюць адзін аднаго, хоць сустрэліся першы і, мабыць, апошні раз.

Андрэй адшукаў акенца, над якім вісеў доўгі спіс гарадоў, пасёлкаў і вёсак. Сярод іх была назва і яго мястэчка. Ён агледзеў доўгую чаргу — ніводнага знаёмага. А некалі адразу знаходзіў сваіх, кожны гатоў быў узяць яму білет, заняць у аўтобусе месца.

А як было весела ехаць на канікулы: цесна сядзелі крыху агаладалыя, стомленыя сесіяй, але заўсёды вясёлыя і вострыя на язык студэнты, смяяліся, дабрадушна жартавалі адзін з аднаго, спявалі песні аж да самага дому. Дзе яны цяпер, сябры і равеснікі?

Андрэй яшчэ раз агледзеў чаргу — усе незнаёмыя. Пры самым акенцы стаіць высокі, у саламяным капелюшы, у новым цёмна-зялёным касцюме малады чалавек, ён трымае маленькі сакваяжык і набітую пакуначкамі гаспадарчую сетку. Хто ён? Напэўна, доктар. А дзе ж колішні земскі ўрач Аляксандр Сцяпанавіч? Ён заўсёды хадзіў вось з такім сакваяжыкам, толькі старым і пацёртым. Ён сустракаў кожнага новага чалавека, што з'яўляўся на свет, ён першы прыходзіў у дом, дзе было гора. Аляксандр Сцяпанавіч ведаў усіх, і ўсе ведалі і шанавалі яго. «Калі жывы, трэба будзе абавязкова адведаць»,— падумаў Андрэй і стаў у чаргу за высокаю прыгожаю дзяўчынаю. Яна нават не азірнулася. Чыя б гэта магла быць?

— Вы да Гаці? — спытаў Далініч, спадзеючыся завязаць гаворку. Дзяўчына глянула на яго, коратка адсекла: «Так»,— і адвярнулася.

Андрэй успомніў, што гадоў дваццаць назад і незнаёмыя дзяўчаты адказвалі яму куды далікатней і ласкавей, а цяпер, відаць, адразу заўважаюць яго сівізну, прыпухліны пад вачамі і дзве глыбокія разоркі, што ляглі каля губ. Ён зноў падумаў: «Ці варта ехаць? Каго я там сустрэну, хто абрадуецца мне? Можа, як у гэтай чарзе, не сустрэну ніводнага знаёмага чалавека?»

За ім станавіліся з выгаралымі на сонцы чубамі хлопцы. Мабыць, студэнты. Па колькі ім можа быць? Іх, відаць, яшчэ і на свеце не было, калі Андрэй апошні раз выехаў з дому. Чые ж яны? Можа гэтая суровая з выгляду дзяўчына — Броніна дачка? Андрэй пачаў углядацца ў твары, шукаць падабенства, якое бывае паміж дзецьмі і бацькамі, але так і не знайшоў. Заняты думкамі і ўспамінамі, ён дайшоў да касы.

— Адзін да Гаці,— сказаў ён і толькі цяпер адчуў, як забілася сэрца, як хваля дрыготкай радасці і тугі падступіла да горла. Ён даўно ўголас не гаварыў гэтае слова, але яно заўсёды жыло ў яго памяці, як матчына імя, як самая дарагая на зямлі назва. Ён часта марыў: «Калі б толькі пусцілі, на карачках папоўз бы туды, каб толькі дакрануцца да роднай зямлі, а там і паміраць не страшна». Ён часта да болю выразна бачыў вузенькія вулачкі ў прысадах і садах, паплавы ў кураслепе, зарослы алешнікам і парэчкамі астравок пасярэдзіне Пцічы, высокі зялёны вал на самым беразе, што заставаўся ад старасвецкага замчышча князёў Гальшанскіх, а за валам — высозны белы касцёл з дзвюма званіцамі, густыя кусты бэзу і старыя пахілыя вербы. Колькі світанняў сустрэў Андрэй пад гэтымі вербамі ў пару свайго юнацтва, колькі зорак над ім праляцела, пра што ён толькі тут не марыў, якія словы ні шаптаў, трымаючы гарачую далонь першай каханай! І яна перад ім ажыла, чыстая і светлая, маладая і шчаслівая, з пышнымі русымі валасамі, што пахлі рамонкамі і мятай.