Студэнты прыціхлы слухаючы Андрэевы разважанні, а машына ўжо грукатала па колішняй Кавалёўшчыне. Да вайны тут стаялі чырвоныя цагляныя кузні, звінелі малаты, з горнаў ляцелі іскры, і заўсёды было завозна на гэтай вуліцы. Успаміналася, як глухі Барыс зубіў сярпы, а Андрэеў бацька каваў балагольскіх коней, стары Тэвель, абапіраючыся на кіёк, адбіваў такт маленечкім малаточкам, а яго барадатыя сыны мясілі малатамі чырвоныя восі, распырскваючы снапы зыркіх іскраў. Цяпер кузняў няма. Толькі там-сям ад іх асталіся абгарэлыя шулы і зарослыя палыном і дзядоўнікам невысокія грудкі зямлі.
Аўтобус спыніўся на плошчы. Пасярэдзіне яе разросся вялікі сквер. Андрэй выйшаў і пачаў аглядацца.
— Вы ў які бок? — спытаў малады доктар.
— Мабыць, у гасцініцу. Дзе яна цяпер?
— Тады нам па дарозе.
Яны пайшлі праз малады сквер. Ясені і клёны шумелі празрыстым лісцем, там-сям каля дарожак стаялі ўкапаныя ў зямлю лавачкі, але на іх нікога не было: у такую пару ўсе занятыя, кожны працуе. Андрэй заўважыў, што высокая трава ў скверы аж палягла, падумаў, што яе даўно пара скасіць, а загаварыў зусім пра іншае:
— На гэтым месцы гадоў трыццаць назад быў вялікі рынак. Па нядзелях тут стаялі сотні вазоў з паднятымі аглоблямі, колы па самыя калодкі танулі ў гразі. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з'язджалася... А клёны каля таго плота і я садзіў, здаецца, у пятым класе. Ого, якія вялікія выраслі.
— Дык, выходзіць, вы тутэйшы, а я думаў камандзіровачны,— прызнаўся малады доктар.
— Радзіўся, маленства і юнацтва тут прайшло, а цяпер нікога і нічога не пазнаю.— Андрэй абвёў позіркам некалькі белых камяніц. Іх, відаць, нядаўна пабудавалі на месцы замшэлых хацінак і на колішняй папоўскай сядзібе.
Развітваючыся каля гасцініцы, малады доктар затрымаў Андрэеву руку і спытаў:
— Прабачце, а як ваша прозвішча?
Той назваўся.
— Знаёмае. Гэта, мабыць, пра вас мне расказваў Аляксандр Сцяпанавіч.
— Вы ж яго сустрэнеце раней за мяне. Перадайце самае шчырае прывітанне і скажыце, што вельмі хачу яго бачыць.
* * *
Бадай усе раённыя гасцініцы падобны адна на адну: аднолькава рыпяць прыступкі на ганку, з бляшанага ўмывальніка капае вада, такія ж вузенькія калідоры і вялікія пакоі з мноствам нікеліраваных ложкаў. Нават у загадчыц ёсць нешта агульнае. Гэта звычайна сярэдняга веку кабеты, у меру далікатныя, увішныя і на пачатку не вельмі гаваркія. А пажывеш дні два-тры — і яны раскажуць не толькі сваю радаслоўную, а ўсе раённыя навіны, не абмінуць і самага высокага начальства. Абы слухаў.
Як толькі пачало змяркаць, Андрэй выйшаў на вуліцу. Тут мала што змянілася з тых часоў, калі ён ганяў абруч і гуляў у хованкі: стаялі тыя ж домікі і хаты, хіба можа трохі асунуліся і пачарнелі, а з царквы зніклі крыжы і званіца. Цяпер тут кінатэатр. Цвінтар разгароджаны, а кусты бэзу парадзелі і высахлі. Вось і два збуцвелыя слупкі ад колішняй лавачкі. Андрэй спыніўся каля іх, успомніў, як некалі тут сядзелі яны з Броняй, прытуліўшыся адно да аднаго. Броня, Броня!
Хацелася адразу кінуцца шукаць яе, але чамусьці рабілася страшна: мінула ж столькі часу, прайшла страшэнная вайна, знішчыла, пакалечыла, раскідала па свеце мільёны людзей, а колькі іх загінула ў пекле, з якога неяк пашэнціла вырвацца яму!
А можа Броня тут, побач, у сваім доме, з мужам, з дарослымі дзецьмі, працуе ў той жа школе? Хоць і школа, відаць, ужо новая. Андрэй не заўважыў, як апынуўся каля Бронінага дома. Некалі тут у гародчыку цвілі настурцыі і вяргіні, ганак быў густа ўвіты дзікім вінаградам. Андрэй праводзіў Броню дахаты, яны доўга стаялі на прыступках і ніяк не маглі развітацца, пасля садзіліся на лавачку, ён асцярожна туліў яе да сябе. Паміж лістамі прабіваўся прамень блакітнага месячнага святла і падаў на Броніны валасы і лоб.
— Міне зіма, вясною абараню дыплом і прыеду ў нашу школу. Будзем разам бегчы па хрусткім снезе на заняткі, а вечарамі — чытаць, слухаць музыку; арганізуем драматычны гурток, і абавязкова ты сыграеш «Кацярыну». У цябе для гэтага хопіць і пачуцця і душэўнага хараства.