Броня маўчала. Андрэй чуў, як тахкае яе сэрца, лавіў яе гарачае дыханне і ўглядаўся ў добрыя, разумныя вочы. Ён і цяпер настолькі адчуў яе цеплыню, убачыў кожную рыску, што, здавалася, зрабі крок — і дакранешся да яе рукі, адчуеш пах яе валасоў. Але цяпер ён бачыў разгароджаны палісад і голы ганак, а ў акне маладога мужчыну ў жоўтай майцы і незнаёмую маладзіцу з дзіцяткам на руках. Зрабілася горка і пуста. Ён пачаў сябе суцяшаць, што яна магла пераехаць у другі дом, атрымаць школьную кватэру або пасяліцца ў мужа. «А калі яна тут, як мы сустрэнемся, што будзем гаварыць, што адчуваць і думаць. Мы ж чужыя, зусім чужыя. А можа і не. Першае чыстае каханне радніць людзей на ўсё жыццё, нават калі іх разлучыў лёс». Ён цяпер прызнаўся сабе, што і ехаў сюды, каб хоць здалёк убачыць Броню, дазнацца, што яна недзе тут.
А ўспаміны беглі адзін за адным. У памяці ажывалі даўно забытыя драбніцы: Броня ў лёгкім ружовым плацці, у шкарпэтках з сінімі абадочкамі і ў беленькіх гумавых тапачках. Іх тады называлі таргсінкамі.
Нейкім другім зрокам, нібы збоку, угледзеў Андрэй і сябе — маладога, загарэлага, з чупрынаю густых валасоў, у кужэльнай вышыванай кашулі. Яны тады развітваліся да вясны. Зімою Андрэй прыехаць не абяцаў — хацеў крыху зарабіць на завочным аддзяленні свайго інстытута і пасядзець у бібліятэцы над дыпломнаю работаю.
Ён прасіў Броню, каб прыехала ў Мінск на зімовыя канікулы. У яго ж ёсць маленькі прыватны пакойчык на ўскраіне горада. Броня пажыве ў ім, а ён паначуе ў інтэрнаце.
— Што ты? Няёмка! Людзі ліха ведама што падумаюць, гаворкі і плётак не абярэшся.
Андрэй прасіў і даводзіў, што плёткі не павінны замінаць шчасцю, што трэба быць вышэй іх: яны ж даўно ўсё вырашылі і ведаюць, што будзе праз год і праз дзесяць гадоў. Будучае бачылася выразна, як другі бераг іх ціхай Пцічы. Варта толькі пераплысці — і яны будуць разам на ўсё жыццё, да канца адчуюць шчасце блізкасці самага дарагога чалавека, без якога няма хараства і сапраўднай радасці. Андрэй так кахаў Броню, што ніколі не адважваўся пераступіць мяжы іх чыстых адносін. Хоць і марыў пра інтымную блізкасць, але цяпер яна была б непапраўнаю абразаю іх святых пачуццяў. Ён успомніў апошняе лета свайго кахання, жнівеньскую гарачыню, дарогі, прыцярушаныя хрусткаю саломаю. Над ваколіцамі павольна асядаў пазалочаны сонцам пыл, а далёка над палямі звінела і заціхала, шырока плыла і трымцела працяжная жніўная песня. Яна чулася Андрэю заўсёды, як толькі ўспаміны вярталі яго ў родныя мясціны, гучала ў загатаваных цяплушках, на замеценых снегам таежных сцежках, у закураных бараках і перасылках. Ад яе шчымела сэрца, поўнячыся тугою і болем па зямлі яго маленства, па тым жнівеньскім надвячорку, што астаўся ў памяці на ўсё жыццё.
Ён тады цэлы дзень падаваў снапы ў малатарню на калгасным таку, а як змеркла, ужо быў на Броніным ганку. Яны выйшлі за мястэчка, і вузкая цвёрдая сцяжынка павяла іх у апусцелыя палі. У далінах курыўся туман, месяц узышоў позна, і цені здаваліся доўгімі і смешнымі. Кіламетры за тры ад ускраіны ўзвышаўся пясчаны курган з трыганаметрычнаю вышкаю наверсе. Яе чамусьці ўсе звалі маяком. Андрэй узяў Броню за руку:
— Сходзім на маяк.
— Позна і далёка, дый раса буйная, ногі прамочым. Можа лепей вернемся?
Андрэй падхапіў яе на рукі і панёс па сцежцы. Броня смяялася і слаба спрабавала вызваліцца:
— Шалёны, што ты робіш? Пусці... пусці, ну добра, пайду,— прасіла яна, але моцна трымалася за Андрэеву шыю. Пасля яны беглі навыперадкі, лавілі адно аднаго. Ім здавалася, што, апрача іх, на свеце не было нікога. Пад месяцам мігцеў росны жнеўнік. У полі было ціха і пуста.
— Палезем на самы верх,— сказаў Андрэй. Яны ўзышлі па хісткіх крутых усходцах і ўпершыню адчулі такую вышыню, такое хараство, бязмежнасць жыцця і свету. Унізе слаўся туман, пранізаны месячным святлом. Броніны вочы свяціліся дабратой, а вусны застылі ў шчаслівай усмешцы. Пра што яны гаварылі, Андрэй ужо не помніў, ведаў толькі, што тады яны далі адно аднаму слова ніколі не разлучацца.
Але пасля гэтай ночы сустрэліся толькі адзін раз. Зімою. Андрэя выклікалі тэлеграмай. Памірала маці. Ён кінуў-рынуў усё і прыехаў дадому. Некалькі дзён не адыходзіў ад бальнічнага акна, а калі маме стала зусім кепска, Аляксандр Сцяпанавіч пусціў яго ў палату. Маці пазнала яго, але сказаць ужо нічога не магла. Раніцаю яна сканала. Тады з гора Андрэй упершыню закурыў. І цяпер ён выцягнуў з кішэні цыгарку, пачаў закурваць і заўважыў, што далёка адышоў ад Бронінага дома і апынуўся на вялікай вуліцы. Яго абміналі незнаёмыя маладыя людзі, каля хат сядзелі пажылыя кабеты, здавалася, што ён іх некалі бачыў, але яго ніхто не пазнаваў. Ён зноў быў у палоне сваіх успамінаў, нават адчуў на спіне халадок тае снежаньскай раніцы, скрып палазоў па іскрыстым снезе, і даўкі сухі камок падкаціўся к горлу. Андрэй прасіў бацьку і сваякоў, каб не наймалі на пахаванне папа, але так і не ўпрасіў. Добра, што побач была Броня. Калі пачалася паніхіда, яны непрыкметна выйшлі з хаты. Наўкол ляжалі гурбы свежага сіняватага снегу, нізка звісала шэрае неба, было маркотна і ціха. Броня ўзяла Андрэя пад руку, і яны паціху пайшлі на могілкі. Яна не суцяшала, а толькі моцна сціскала вышэй локця яго руку. На душы станавілася лягчэй і спакайней, што побач блізкі і дарагі чалавек. У лёгкія студэнцкія чаравікі набіваўся і раставаў снег, станавілася холадна.