СТАРЭЧЫ
У дні будзённыя і святы
На лаўках вулічных старэчы,
Ля ўжо старых вясковых хатак,
На цёплым сонцы грэюць плечы.
Вясна прыгожая такая,
Штодня і цеплыня, і просінь.
Уся прырода расцвітае,
А ў іх, старых, паўсюдна восень.
Найбольш самотныя на свеце,
Сядзяць маўклівыя ў маркоце.
У гарадах унукі, дзеці,
Цяжка ім жыць тут у самоце.
І думаюць яны аб нечым,
Ці не аб тым, што час памерці.
Сядзяць на лавачках старэчы
Чакаючы з надзеяй смерці.
ЯК ЖЫЦЬ БЕЗ ВЕРЫ, БЕЗ НАДЗЕІ
Хоць час і горбіць мае плечы,
Але не зломлены гадамі,
Люблю так ездзіць на сустрэчы
Я з дарагімі чытачамі.
А на сустрэчах свае кніжкі
Падпісваў я, як памятаю,
Надзеям, Верам, Васям, Мішкам,
Сяргеям, Толям, Мікалаям.
Вось толькі не сустрэнеш болей
У нашых школах Надзі, Веры,
Усе — Данусі, Стасі, Ёлі,
Бэаты, Весі, Казімеры.
У час такіх сустрэч заўсёды
Становіцца мне сумна неяк.
Калі нам не мінуць нягоды,
Як жыць без веры, без надзеі?
ВАДАСХОВІШЧА
Жыхарам памёрлых вёсак прысвячаю
Дзе дрэва старое, дзе студня —
Бясследна і без пары
Памерлі Лука і Рудня,
І Боўтрыкі, і Гарбары.
І знікнулі тут назаўсёды
Сялян гэтых вёсак сляды.
Загінуў след працы народу
У хвалях сцюдзёнай вады.
Калісь, на пытанне такое:
— Дзе нарадзіўся, дзе рос?
Пачуем: — Пад гэтай вадою
З зямелькай звязаўся мой лёс.
Памёрлым спакойна не спіцца,
Па смерці ўтапілі тут іх.
Не прыйдзе пад крыж памаліцца
Ніхто і ніколі з жывых.
Прыедуць у святы і будні
Турысты з усіх гарадоў
На могільнік Лукі і Рудні,
Ці Боўтрыкаў і Гарбароў.
НАШ НАСТАЎНІК
Памяці Васіля Бахара
Над шматпакутнаю зямлёй
Дыхнула ўрэшце мірам неба.
Апаленыя ўсе вайной,
Асветы праглі мы, як хлеба.
І нас усіх ласкавы лёс
З сёл навакольных, проста з поля
Сабраў ля гайнаўскіх бяроз
У роднай беларускай школе.
А на парозе школы ён,
Як бацька, ўсіх вітаў сардэчна,
І сэрцы нашыя ў палон
З часіны той узяў навечна.
Умела прывіваў любоў
Ён да народа, да радзімы,
Да родных беларускіх слоў,
Якія сталі нам святымі.
НЕКАТОРЫМ ІНТЭЛІГЕНТАМ
Сіла народа ў яго інтэлігенцыі.
Пераязджаем з вёскі ў грорад
І вёску забываем скора.
І вельмі хутка гарадскою
Мы пакрываемся лускою.
Тым, хто апрануты і сыты, —
І родны кут і дом забыты.
Нас так высока ўзносяць стромы,
Што забываем нават, хто мы.
ПАНЯ АНЯ
Прыехала ў вёску
З горада дачуся.
Спытала па-польску:
— Jak się masz, mamusiu?
Вось якая паня
З дзяўчыны вясковай!
А на гэта Аня:
— Nie chcę waszej mowy.
— Дык чаго ж ты хочаш,
Скажы, калі ласка?
Анечка бармоча:
— Chcę wiejskiej kiełbaski.
ЗАПАВЕТ
Чым далей я ад айчыны —
Тым айчына мне бліжэй.
І ў турботныя хвіліны,
І ў шчаслівыя часіны
Мне яна ўсё даражэй.
Бо яна — адна, як маці.
У мяне няма айчын.
Гэта ўсё маё багацце,
Ад яе не адцурацца,
Я — адной айчыны сын.
ЗАЎЖДЫ ГАТОЎ
Да ўсіх сцяжын, дамоў,
Чуллівасці бацькоў,
Да беларускіх слоў,
Урадлівасці палёў,
Духмянасці лугоў,
Напеўнасці лясоў —
Пакуль пульсуе кроў
Я радасць і любоў
Аберагаць гатоў.