Майго жыцця святыня Мора
У РОДНАЙ ВЁСЦЫ
Вось я ізноў у вёсцы Мора —
І цешыцца надзвычай сэрца.
У студні поіць доўгі жораў
Сваё бляшанае вядзерца.
Крадуся, п’ю ваду са смакам,
Я ж тут бываю толькі госцем.
Пільнуе, можа, тут сабака
Сляды мінулай маладосці?
Усё, усё тут, не іначай,
Як і раней было, — такое ж.
Слядоў сваіх, аднак, не бачу, —
Пазарасталі ўжо травою.
СЛЯДЫ ДЗЯЦІНСТВА, МАЛАДОСЦІ
Ізноў я тут у Моры госцем,
Ізноў адведаў родны кут.
Слядоў дзяцінства, маладосці
З трывогаю шукаю тут.
Перад парогам роднай хаты
Не мог стрымаць раптоўных слёз.
Няма ўжо тут матулі, таты.
Ім падарункаў не прывёз.
У сенцах, як калісьці, жорны
Стаяць, не лічачы гадоў.
Зярняты ў іх на хлеб свой чорны,
Бывала, з татам я малоў.
А дзе ж каса, што браў на плечы,
Каб сена накасіць каню?
Дзе серп, што палец мне скалечыў,
Як жаць пайшоў упершыню?
Дзе цэп, якім калісьці з татам
Я малаціў авёс сухі?
Дзе бусел са страхі цыбаты?
Няма ўжо нават і страхі...
Я тут, у Моры, толькі госцем,
Прайшлі маланкава гады...
Майго дзяцінства, маладосці
Даўно зацерліся сляды.
НЕ КАЖЫ, ШТО Я ТАБЕ ЧУЖЫ
Тваю, вёска, да сёння зямліцу
Адчуваю пад босай ступнёй,
Смак вадзіцы з крыштальнай крыніцы
Не забуду, як весніх жаўроў.
Я праліў многа слёз, многа поту
На палосках тваіх і лугах,
І заўсёды ад цяжкай работы
Шмат насіў мазалёў на руках.
Вёска, толькі табой ганаруся —
Толькі тут я знаходжу спачын.
Я ніколі цябе не зракуся,
Я твой сын, верны твой селянін.
Вёска, ты мне апора, святыня,
Так глыбока я ўрос на мяжы.
Не кажы, што цябе я пакінуў,
Не кажы, што табе я чужы.
ВЯРТАННІ
Не высушаць маіх карэнняў
Пласты асфальту і бетону.
Жывучых сокаў і натхнення
Мой родны кут мне даў да скону.
Ступаў я босаю ступнёю
Па змалку дарагой зямліцы.
Усё тут блізкае, святое,
Я прычашчаюся ў крыніцы.
І ў вечным спеве жаўруковым,
Што льецца з высі напрадвесні,
Я чую гукі роднай мовы
І роднай беларускай песні.
Калі спяваюць — падпяваю
І кожнай цешуся удачай.
Няшчасце толькі завітае —
Я плачу, калі нехта плача.
І ад калыскі да сканання
Я астануся селянінам.
Маё жыццё — мае вяртанні,
Вяртанні ў родныя мясціны.
МАЯ ПЕРШАЯ ШКОЛА
Калі мяне да вёскі Мора
Ізноў прыводзяць каляіны,
Хвалюючыся, крокам скорым
Прыходжу ў школьны свой будынак.
Яшчэ з мінулага стагоддзя
Стаіць ён тут, — асветы помнік.
Сяляне пры любой нагодзе
Тут здабывалі ведаў промні.
І гукі беларускай мовы
Гучалі тут з-за школьных партаў.
Тут асвятляўся люд вясковы
І пазнаваў сваю тут вартасць.
Адгэтуль я ва ўзросце раннім
Пайшоў у свет, як самы першы.
Я тут з вялікім хваляваннем
Чытаў аднавяскоўцам вершы.
Хоць стаў будынак школы клубам,
Хоць ён стары і занядбаны,
На ветэрана глянуць люба,
Яго вітаю я з пашанай.
ПЕРШАЯ КНІЖКА
Калі я пасвіў ля чыгункі
З аднавяскоўцамі скаціну,
Мне хтось, нібыта ў падарунку,
З акна вагона кніжку кінуў.
Малюнкаў мноства каляровых
У кніжцы гэтай я прыкмеціў.
Заплакаць з радасці гатовы,
Найшчаслівейшы быў на свеце.
Маю цудоўнейшую кніжку
Адразу хлопцы адабралі.
І ёй нацешыцца хоць крышку
Я не паспеў і плакаў з жалю.
І мушу шчыра я прызнацца:
Хоць знікнуў след гадоў дзіцячых,
Мне ўсё малюнкі тыя сняцца,
Праз сон па першай кніжцы плачу.