Выбрать главу

ДЗЯЦІНСТВА ПРЫСТАНЬ

Жыхарам вёскі Мора

Майго дзяцінства прыстань — Мора. Адкуль выводзіш свой назоў? Відаць, было тут мора гора, Сярод балот, сярод хмызоў.
Тут асушылі ўжо балота, З балотам зніклі хмызнякі, Знікаюць гора і турботы, Жыць сталі лепей землякі.
Тады назоў мо недарэчны, Мо лепш інакш назваць сяло? Не існаваць таму ўжо вечна, Што век свой доўгі аджыло.
Ды не! Талковы і прыгожы І новы мае сэнс назоў. Шуміць навокал мора збожжа, У моры квеценных садоў.
За Морам роўнядзь і прастора, Не падуладныя вякам... Жадаю я багацця мора І мора шчасця землякам!

Я Ў ДУШЫ ЗАСТАЎСЯ СЕЛЯНІНАМ

Не было мне суджанае лёсам Жыць без перабою ў роднай вёсцы. Чуць зямельку пад ступою босай, Цешыць вока збожжам на палосцы.
З габляваных смаляных бярвенняў У бацькоўскай заставацца хаце. З глебы перасаджаны з карэннем Стаў я постаць селяніна траціць.
Стаў я жыць, загублены ў мільёне, У натоўпе, гушчы спраў шматлікіх, Шаргаць па асфальце і бетоне Стаў я ў глянцаваных чаравіках.
У мурах таўшчэзных і халодных Я замкнуўся, як у клетцы птушка, Уцякаюць мае думкі штодня На палетак з палявою грушкай.
Паміж мной і бацькавым парогам Пасмы праляглі сталёвых рэек. І, калі збіраюся ў дарогу, Узрастае ў сэрцы зноў надзея.
Цешуся, што зноў убачу скора Родны кут, які калісь пакінуў. І хоць праглынуў мяне ўжо горад, Я ў душы астаўся селянінам.

СНЮ ЦЯБЕ Я, ВЁСКА МОРА

Родная ты, вёска Мора, Мы сустрэнемся няскора, Да цябе далёкі шлях. І на шумных тратуарах У маіх жывеш ты марах, У маіх жывеш ты снах.
Сню: з вялікаю натугай, Я ару зямельку плугам, Плуг нялёгка мне ўтрымаць. І з агромністай сявенькі Я, хлапчына маладзенькі, Еду зерне рассяваць.
На плячы з касой кляпанай Луг касіць іду я рана, З белай срэбранай расой. Зноўку серп бяру зублёны Жаць іду з ім на загоны, На палетак родны свой.
Сню, як мы зімой заўзята На таку цапамі з татам Змалацілі ўвесь авёс. У марозны час зімовы З Белавежскай пушчы дровы З татам позняй ноччу вёз.
Снілася, што ў сенцах жыта З татам я малоў нібыта На хлеб чорны, аржаны. Хлеб пякла матуля потым, Елі мы яго з ахвотай... Сны, цудоўныя вы, сны!
Не злічу ўжо раз каторы, Ты мне снішся , вёска Мора, І жыццё, і маладосць. Надалей мне часта сніся, Хоць у снах мне адазвіся, Я ж цяпер твой рэдкі госць.

РЭЧАІСНАСЦЬ

Няма гаспадара ўжо ў Моры, І брат на пенсіі ўжо мой. А брукаваны панадворак Зарос усякаю травой.
І непатрэбны стаў нікому Плужок жалезны з бараной, І трактар стаўся кучай лому, Аджыўшы век жалезны свой.
Бацькоўская старая хата Яшчэ стаіць, як маналіт. Век дажывае разам з братам, Каб разам адысці ў нябыт.
Калі бываю ў Моры зрэдку, Дык у такі ўваходжу стан: Як адыходу вёскі сведка, Ці як апошні з магікан.

ПАЛЯВЫЯ ДАРОГІ

Палявыя дарогі Між гаёў і палеткаў, Мае босыя ногі Вас краналіся ўлетку.
На пастронку карову Сваю пасвіў на золку. Часта ў полі жытнёвым Слухаў крык перапёлкі.
Палявыя дарогі Павялі ў свет шырокі, Натаміліся ногі, Запаволелі крокі...
Палявыя дарогі Па вандроўках багатых Давядуць да парога Роднай бацькавай хаты.