Выбрать главу

І СЭРЦАЎ ІХ АПОШНЯЕ БІЦЦЁ

Памяці Бацькоў

Пакуль пульсуе ў жылах кроў І цепліцца яшчэ жыццё, Мне не забыць маіх Бацькоў І сэрца іх апошняе біццё.
Я берагу да іх любоў, Сваё святое пачуццё. Мне не забыць маіх бацькоў І сэрцаў іх апошняе біццё.
Хоць не сустрэну іх ізноў — Мне іх не верне небыццё. Мне не забыць маіх Бацькоў І сэрцаў іх апошняе біццё.
І ў час трывожных, сумных сноў Заплачу горка, як дзіцё, Пачуўшы зноў маіх Бацькоў Сэрцаў апошняе біццё.

***

Бацькоў

дала зямля бацькоў,

Бацькоў

зямля бацькоў забрала.

Рыгор Барадулін
Бацькі мае жылі спрадвеку ў вёсцы, Раслі з зямлі, з зямлі пладоў жылі. І працавалі на сваёй палосцы, Хоць на маленькай — на сваёй зямлі.
І да яе, прыпісаныя лёсам, Яны ішлі па дзедаўскіх слядах. Набожныя, маліліся нябёсам І пах зямлі насілі на руках.
Імкнуліся прыдбаць хоць дзесяціну, Цягаліся гадамі па судах З адною думкай: штось пакінуць сыну І даць дачцэ што-кольвек у пасаг.
Зямля была апорай і багаццем, Як кісларод была яна бацькам. І без зямлі тут не было і працы Іх спрацаваным стомленым рукам.
Бацькі былі народжаны зямлёю, Зрасліся з ёю ўсім сваім жыццём. Зямлю расілі потам і крывёю І спяць у ёй сваім апошнім сном.

ХАЦЕЛАСЯ Б ІМ МНОГАЕ СКАЗАЦЬ

Калі я толькі ехаў да бацькоў, Што дажывалі век старэчы ў Моры, Заўсёды думаў: вось цяпер ізноў Удосталь між сабою пагаворым.
Аднак калі пераступаў парог, Пазбыўшыся сваёй дарожнай стомы, Я быў шчаслівы, што мне лёс збярог Маіх бацькоў, што я тут з імі, дома.
І, гледзячы з журбой у родны твар, Я слухаў іх старэчае дыханне, Пачуццяў поўны, поўны цёплых мар, Я быў шчаслівы, седзячы ў маўчанні.
Мне часта сніцца поле, сенажаць, Старэнькія бацькі ў вясковай хаце. Хацелася б ім многае сказаць, На жаль, няма на свеце бацькі, маці.

СКАЖУ, БЫВАЛА: ЕДУ ДА БАЦЬКОЎ

Скажу, бывала: еду да бацькоў, І родзіцца ў душы настрой прыўзняты, Што вось убачу іх старых ізноў І прывітаю на парозе хаты.
Скажу, бывала: еду да бацькоў. І клопаты знікаюць, абавязкі, І адчуваю ўцеху цёплых слоў, І мора дабраты, і мора ласкі.
Яшчэ і сёння: еду да бацькоў, Скажу нібы па звычцы, не іначай. І ў гэты міг паверыць я гатоў, Што там, у хаце, іх жывых убачу.
Скажу я сёння: еду да бацькоў, Цяжарам сум узваліцца на плечы. Агорне роспач, як з усіх куткоў Глядзіць мне ў вочы скрушная пустэча.
Скажу я сёння: еду да бацькоў, І цэлы свет становіцца нямілы. Стаю маўкліва я ля двух крыжоў, Што там вартуюць родныя магілы.

ТАК МАЛА СЛАЎ ЛІСТОЎ ДАХАТЫ

Я мала слаў лістоў дахаты, Хоць іх чытаць любіў мой тата.
Татулькі роднага не стала. Шкадую, што пісаў так мала.
Далей няшмат пісаў таксама, Чытаць не ўмела мая мама.
Цяпер хварэю я душою: Няма бацькоў — няма спакою.

КУЛАЧНАЯ БОЙКА

Была зямля і добры дом — Лічыўся бацька кулаком. Хоць на руках меў мазалі, І быў амаль што інвалід, Хаця з прычыны хворых ног Ён працаваць ужо не мог — Сцвярджалася заўсёды так: Як ёсць зямля, дык ты — кулак! Было нядобра штосьці мець, Ніхто не мог разбагацець. Калі ты голы, як жабрак, Тады ты добры — ты бядняк! Тады быў дзіўны падыход, Дзялілі як маглі народ. І з кожным годам, кожным днём Край станавіўся бедняком. І толькі — як пратэсту знак — Рука сціскаецца ў кулак!