Выбрать главу
А на Бургаскай вуліцы ў Варшаве Я мару аб бургаскім узбярэжжы, Аб Чорным моры, цёплым і ласкавым, І аб тым Моры, што пад Белавежай.

МЯНЕ ПАКЛІКАЛА ДАРОГА

Мяне паклікала дарога, Хоць і не тыя сталі крокі. Ды ад бацькоўскага парога Я так далёка, так далёка.
Што ж, лёс усюды нас кідае, Мы то ў цясніне, то на строме, І тужым мы па родным краі І па бацькоўскім тужым доме.
Ніяк не можам мы пазбыцца Тугі і горкай адзіноты. Начамі нам радзіма сніцца, Яе жыццё, яе турботы.
Мяняем месцы часта, многа, Мы пералётныя, як гусі. Ды да бацькоўскага парога Я зноў вярнуся, зноў вярнуся.

Абраднасць нашая святая

НАША АБРАДНАСЦЬ

Цешыць нас, што ў родных хатах Сустракаем нашы святы І адвечны наш абрад, Што з душэўнай асалодай Адзначаем мы заўсёды Свята слаўнае Каляд.
Згодна з праваслаўнай верай Да Каляднае вячэры Людзі з гарадоў і сёл, Сыну Божаму на славу Спажываць супольна стравы Селі за святочны стол.
У святую ноч не спіцца, І ў царкву, каб памаліцца Едуць, сеўшы ўсе на воз. Зоркі бліскаюць таемна, Нарадзіўся недарэмна На збавенне нам Хрыстос!

КАЛЯДА

Урачысты Святы вечар Распачаўся пахам з печы. У кутку пад абразамі, Што прыбраны ручнікамі, Жменя сонечных калоссяў, Каб багата нам жылося. Традыцыйна ў беларусаў Водар сена пад абрусам. Села ўжо сям’я на лавы. На стале дымяцца стравы. Смачны боршч з баравікамі, Што сабралі ў лесе самі, Смачна пахнуць з печы грушы, Вараць іх, калі насушаць. З панцаку куцця ў каструлі, Сподак смажанай цыбулі, На стале стаяць грыбочкі, Агурочкі проста з бочкі, Міска квашанай капусты, Тут і страва з рыбай тлустай, Селядцоў ажно чатыры, Бульба побач, у мундзірах, Горба блінчыкаў духмяных І кісель з мукі аўсянай. Вось, нарэшце, бацька рэжа Аржаны хдябочак свежы. Як застолле заціхае — Цэркаўка людзей чакае. Сустракае люд вясковы Нараджэння дзень Хрыстовы.

ХОДЗІЦЬ ПА СЯЛЕ ЗВЯЗДА

Каляда, Каляда! Свеціць пад акном звязда. Са звяздою ходзяць дзеці, Хоць і дзьме марозны вецер. — Заспяваць ці не спяваць? Кажаце, калядаваць? — Калядуйце, песняры! Просяць іх гаспадары. І прыгожыя такія Льюцца песенькі святыя Да самюсенькіх нябёс: Нарадзіўся нам Хрыстос! З хаты пазірае ёлка Шматкалёрнаю вясёлкай. Свята — госці за сталом, Весяліцца кожны дом. Ходзіць па сяле звязда, Каляда, Каляда!

КАЛЯДНІКІ

З васьмікутнаю звяздою Дзеці цэлаю гурбою Выйшлі сёння на мароз. З канца вёскі на змярканні Пачалі калядаванне: Нарадзіўся нам Хрыстос! Ад хаціны да хаціны Да гаспадароў гасцінных З каляроваю звяздой Ходзяць радасныя дзеці, Пад акенцам звязда свеціць, Так прыгожа, Божа мой! Цешыць сёння ўсё Падлессе Прыгажосць калядных песнь, Той адвечны наш абрад. Вось і радуе заўсёды Сэрца нашага народа Свята слаўнае Каляд. Праспявалі пад акенцам, Дзверы заскрыпелі ў сенцах, Выйшаў з хаты гаспадар. І з душэўнай асалодай, Уручае, як заўсёды, Дзецям свой грашовы дар. Грошыкі падзеляць дзеці, Шчаслівейшыя на свеце, І ласункаў купяць шмат. Будуць жыць, нібы надзеяй, Гэтай светлаю падзеяй, Будуць зноў чакаць Каляд.

НАРАДЗІЎСЯ НАМ ХРЫСТОС

Усявышні нам рашэнне Весткай радаснай прынёс, Што для нашага збаўлення Нарадзіўся нам Хрыстос.
У спрадвечнай моцы Бога Будзе наш няўхільны лёс. Каб прыходзіць з дапамогай, Нарадзіўся нам Хрыстос.