Выбрать главу
Ужо прырода памірае, Красу сваю штодзённа траціць. З красой прыроды пакідае Зямельку Прасвятая Маці.
Ды ёй не дадзена памерці, Яна знаходзіцца ва ўспенні. Ёй невядомы подых смерці, Перадсмяротнае цярпенне.
Жыццё хвіліннае на свеце Яна з Хрыста звязала лёсам. З жыцця зямнога ў Назарэце У вечнае пайшла ў нябёсах.

СВЯТЫ ІЛЛЯ

Ілля Святы і Цудатворац — Апекуном людзей у Моры. І на Іллю ў сваю капліцу Яны ўваходзяць памаліцца. І я збіраюся ў дарогу Заўсёды на Іллю Святога. Вядзе мяне Ілля Святы У дом бацькоўскі — ўжо пусты. Бацькоў сваіх цяпер знаходжу Я за магільнай агароджай. Пасля турбот спакойна спіцца Ім за цвінтарнаю капліцай. Я над магіламі малюся Свайго татулькі і мамусі. Прашу за тое мне прабачыць, Што быў я рэдка ў роднай хаце, Што ад’язджаў я як найдалей. Яны ж чакалі ўсё, чакалі... Прабач і Ты, Святы Ілля! Спачну ж калісьці тут і я.

ІКАНАПІСЕЦ

Міхасю Пячонку

Над дошкаю схіліўся Міша, Твар у яго такі натхнёны, З вялікім хваляваннем піша Ён візантыйскую ікону.
І ажывае раптам дрэва Пад майстра спраўнаю рукою, І вось царкоўныя ўжо спевы Чутны пад постаццю святою.
І твары мрояцца манахаў У даўніх манастырскіх келлях, Што з творчым велічным размахам Іконы распісаць умелі.
З трымценнем сэрца, асалодай Стварае вобраз ён Ісуса. І будуць перад Ім заўсёды Маліцца людзі Беларусі.

ІКОНА

Памяці Маці

Была ў нас святасцю ікона, Яна жыла заўсёды з намі. Маці малілася з паклонам Перад святымі абразамі.
І нас, малых дзяцей, вучыла Не забываць ніколі Бога. І многа аддавала сілы, Каб не сысці нам з той дарогі.
Вайны грымела кананада І дым клубіўся чорнай хмарай Ад частых выбухаў снарадаў, Што пагражалі ўсім пажарам.
І, не зважаючы на тое, Што смерць гразіла безупынку, Маці з іконаю святою Абходзіла наўкол будынкі.
Калі спакойна стала ў хаце, Фронт адышоў далей на захад, Паверылі мы: Божа Маці Спасла нас ад ваенных жахаў.
Прайшло жыццё матулі з Богам, І ў час жалобы і разлукі Ёй у апошнюю дарогу Іконку мы далі у рукі.

НА ГАРЫЗОНЦЕ ЛЕСУ ГОТЫКА

На гарызонце лесу готыка. А я іду ў лясную гушчу, Пад лесу царскія вароты, Да хараства спрадвечнай пушчы.
І прычашчаюся ў крыніцы, У крышталічным ізумрудзе. Кадзільны пах і дух жывіцы Струменіцца бясконца ў грудзі.
Не моўкне гоман шматгалосы, Спеў жыхароў лясных аблогаў, Што падымаюць пад нябёсы На крылах радасць і трывогу.
Пазнаць бы дрэва мне заўчасна, Што дасць мне дошкі ў хвілі скону. Я перад ім упаў бы шчасна І цалаваў бы, як ікону.
Мо лепш на вечны адпачынак З карэннем дрэваў мне зрадніцца. Магутнай прарасці ялінай І ачышчаць людзей жывіцай.

Голас сэрца

САНЕТ

А ты, каханая, адна ў мяне на свеце, У сэрцы стомленым маім жывеш адна, Мае пачуцці выгараць да дна, Заўсёды ты ў іх будзеш на прыкмеце.
Жывеш ты і ў маіх цудоўных снах, А сню цябе я на ўзбярэжжы мора. На фоне вадзяной жывой прасторы Барвовяць цела сонца і вясна.
Мне ад цябе нідзе ўжо не ўцячы, Нам не расстацца болей, улічы, Што мне ўцякаць нікуды ўжо не трэба,
На гэты лёс нас асудзіла неба, І ты — прычына вечных летуценняў, Крыніца роздуму майго, натхненя!

ДАЗВОЛЬ ЦЯБЕ КАХАЦЬ