Выбрать главу

* * *

Імкнуся сэрцам да каханай, Надоўга раздзяліў нас лёс. Як многа нам тугі прынёс, Імкнуся сэрцам да каханай. Мне ноччу сніцца стук калёс, Дамоў я еду пастаянна... Імкнуся сэрцам да каханай, Надоўга раздзяліў нас лёс.

ГОЛАС СЭРЦА

Калі я ад цябе далёка — Сумую па табе няспынна. Расце сум з кожнаю хвілінай І штораз больш я адзінокі. І сэрца поўніцца трывогай, Неўтаймаваным моцным жалем. І, каб цябе не адабралі, — Збірацца хочацца ў дарогу.

* * *

Па леце лодак рад смуткуе. Лісцём заплакалі галіны. З кім у дарогу паплыву я? Хіба ўжо толькі з успамінам. Ты адплыла, застаўся з марай, Як Рабінзон пасля крушэння. Блукаю ў восеньскім пажары... Я сам таксама ўжо асенні.

* * *

Сцяжыны той мне не забыць ніколі, Якою ад яе калісьці крочыў. Упершыню рукам сваім даў волю: Абняў нясмела стан яе дзявочы. І ўпершыню ў блакітныя да болю, Ды сумныя чамусьці глянуў вочы. І гэты зрок відаць мяне сурочыў, Сцяжыны той мне не забыць ніколі.

ЗОРКІ

Заіскрыліся зоркі ў галінах. Іх, здаецца, рукою б сабраў Па чарзе і чароўнай дзяўчыне Шнур караляў бы з іх нанізаў.
Ды няўлоўныя зоркі, як шчасце, Надта зманлівы, дзіўны іх свет. Як усмешка чароўная Насці, Як затоены ў сэрцы сакрэт.

БУКЕТ ГВАЗДЗІКАЎ

Вакзал. Перон. Стаюё я між людзей. Кругом трывожнае чаканне. Стаю і прытуляю да грудзей гваздзікі-зоркі ў цэлафане. Гудок здалёк. На гарызонце дым, і колаў стук расце няспынна. Віруюць думкі аб адным: Ці едзе мілая дзяўчына? Цягнік надзей спыніў свой доўгі ход, дыхнуў агнём з грудзей гарачых. З вагонаў выплыў на перон народ — на жаль, каханае не бачу. Няма. Дарма яе шукае зрок. У сэрцы сум расце вялікі. Адхлынуў прэч людскі паток. Трымаю непатрэбныя гваздзікі. Туды, сюды бязмэтна я хадзіў. У сэрцы боль перамагаў каханне... Жанчыне незнаёмай я ўручыў Свае гваздзікі ў цэлафане.

ВАЛЯНЦІНА

Так тужу я па табе Тут у кожную хвіліну. Я жыву заўжды ў журбе, Валянціна, Валянціна.
Прывялі мяне сюды Майго лёсу каляіны. Без цябе больш нікуды, Валянціна, Валянціна.
Так імчыць стралою час, Вось і наша гадавіна. Пачуццё яднае нас, Валянціна, Валянціна.
Я наяве, нат у сне Еду да цябе няспынна. Сустракай хутчэй мяне, Валянціна, Валянціна.

МАЁЮ ТЫ СТАНОВІШСЯ ВЯСНОЙ

Відаць, я буду старыцца паволі, Калі маёй становішся вясной. Табе ж ужо не пастарэць ніколі, Заўжды са мною будзеш маладой.
Мы з лёгкакрылай радасцю бясконцай, З багаццем неабдымным пачуцця, З бязмежнай ласкай і пяшчотай сонца Выходзім разам на прасцяг жыцця.
Каб безупынна цешыцца, як дзеці, І шчасцейка свайго лавіць прамень, З табой жывем у казачным мы свеце, Які сабе ствараем мы штодзень.
Пачнем мы марыць аб шчаслівым лёсе, Каб явай стала казачнае ў снах. Не кліч, не кліч мяне журботна восень, Калі ў душы мяёй яшчэ вясна!

СЫШЛІСЯ НАШЫЯ ДАРОГІ

Дарог жыццёвых вельмі многа Мы змералі ступнямі ног, Калі супольная дарога Нас прывяла на наш парог.
І мы шчаслівыя сягоння, Нам хочацца кахаць і жыць І нашых сплеценых далоняў Ніхто не можа раздзяліць.
І глыбіня пачуццяў шчырых Змяце капрызлівы настрой. Мы будзем жыць у шчасці, міры, Мы будзем цешыцца сабой.