Выбрать главу
Лёс чалавечы — Шчасце і мукі. Радасць сустрэчы — Горыч разлукі. Слодыч кахання — Сум адзіноты. Людзей прызнанне — З людзьмі турботы. У блізкіх вера — Расчараванне. Планы, намеры — Іх распаданне. Расце маёмасць — Растуць і страты. Шчаслівы дома Або распяты. Надзея ў дзецях — Дзеці чужымі. Дык ці ж на свеце Шчасце магчыма? Чакаць мы сталі: Добразычлівы, Піхне лёс шалі У бок шчаслівы.

НАЙЛЕПШЫ ТЫ, КАЛІ МАЎЧЫШ

Калі маўчаў ты цэлымі гадамі, Нічога не пісаў, не друкаваў, Тады з усімі ў згодзе быў сябрамі, Ніхто цябе не лаяў, не ўшчуваў.
Калі здзівіў усіх уздымам новым, Дык добрым быць ты сілішся дарма. Цябе ўжо лаюць: пішаш бесталкова, І сораму ў цябе зусім няма.
Падобным трэба быць да чарапахі І панцыр на сваёй спіне насіць. Тады ў цябе зусім не будзе страху, Што раптам нехта зможа наступіць.
Калі ж ты не напішаш ані слоўца, І будзеш паслухмяны век, — глядзіш, Цябе ізноў пагладзяць па галоўцы, Найлепшы ты — тады, калі маўчыш.

СЯМЕЙНЫЯ ДРАМЫ

Па краіне ў сярэднім

распадаецца кожны трэці шлюб.

(З друку)
З сям’і ўсё пачынаецца, А яна разбураецца, распадаецца. Разбураныя сем’і — дзіцячыя драмы, Няма бацькі, ці няма мамы. Сямейныя непаладкі, Узаеманападкі. Няма прымірэння, Няма прабачэння. Апошні крок — Кожны ў свой бок. Адзіныя, каханыя, Прыніжаныя, апляваныя, Непрымірымыя. Блізкія становяцца чужымі.

ГАРАДСКІ ГОСЦЬ

Гарачаю летняй часінай Да сябра вясковага ў госці Прыехаў у адпачынак Адзін гарадскі ягамосцік.
У працы дык нічагуткі Дапамагчы ён не хоча, А збожжа жаць трэба хутка, Час уцякае рабочы.
І селянін знерваваны Урэшце пытае: — Мой дружа, Ці ты, сваім родным адданы, Па жонцы і дзецях не тужыш?
— Але ж ты, братка, разумны І спачувальны, каб ведаў! Мне без маіх вельмі сумна, Дык напішу, хай прыедуць.

ТРЭБА ВУЧЫЦЦА КАХАЦЬ ЛЮДЗЕЙ

Spieszmy się kochać ludzi,

Tak szybko odchodzą.

Ян Твардоўскі
Нас выкрадаюць адгэтуль гады, На нашай зямліцы мы толькі госці. Быў жа тут нехта яшчэ малады І нечакана спачыў на пагосце.
А як жа многа сумных падзей І калатнечы ліхой у народзе! Трэба вучыцца любіць людзей, Надзвычай хутка яны адыходзяць.
Мы не спраўляемся з нашым жыццём, Не пражываем яго сур’ёзна. Не ўзбагачаем людзей пачуццём, Кахаем замала або запозна.

КУДЫ, КУДЫ БЯГУЦЬ ГАДЫ

Куды, куды бягуць гады? Чаму няма гадам звароту? І хто сцірае іх сляды У сцюжах, лужах і сумётах?
Хто беліць валасы, як лён? Барознамі нам твар калечыць? Хто на адхоне нашых дзён Знішчае зрок і горбіць плечы?
Хто забірае ў нас бацькоў — Хто нас найбольш у свеце любіць, А потым па чарзе ізноў І нас саміх таксама губіць?
Гады, крадуць усё гады, Без нашай згоды, запытання. Бяруць, бягуць і ўсё туды, Адкуль ужо няма вяртання.

ДРУГА ПАЗНАЕМ ПАСЛЯ ЎДАЧЫ

Людзі сцвярджаюць, што друга Мы пазнаем у бядзе, Калі ён нам робіць паслугі, Калі з дапамогай ідзе.
Я разумею іначай: Друга найлепш нам пазнаць, Калі пасля нашай удачы З месца пачаў раўнаваць.
Калі ён нам вельмі зайздросціць Поспехаў нават слабых, Калі яму комам ці косцю У горле становяцца ў міг.
Калі крывадушнасцю хворы Нам толькі раўнуе ў жыцці, Не друг ён нам будзе, а вораг, Здалёк лепш яго абысці.