Выбрать главу
Наш друг, што заплача, як плачам, Разам хварэе душой. Друг, калі нашую ўдачу Лічыць удачай сваёй.

Роздумы

РЭМІНІСЦЭНЦЫІ

Як толькі ехаў цягніком дахаты, Знаёмых сустракаў я пастаянна. І саступалі месца мне дзяўчаты, Што ставіліся да мяне з пашанай.
Я адмаўляўся найчасцей, дарэчы, Як малады яшчэ ў той час мужчына. І з вершамі я ездзіў на сустрэчы, Дзе з маладымі сустракаўся чынна.
На жаль, не стаў паэтам я славутым, Хоць на зыходзе век мой чалавечы. Мне ў цягніках, аўтобусах маршрутных Даюць дзяўчаты месца, як старэчы.

ДЗЯЦІНСТВА

Вясне жыцця

Не ведаюць аб гэтым нашы дзеці: Яны найбольш шчаслівыя на свеце. У іх вясна заўсёды маладая, Здаецца, ёй канца не будзе, краю. Не ведаюць, калі ім бестурботна, Што іх дзяцінства пройдзе беззваротна. Ім прыйдзецца даведацца пра гэта, Калі вясну ў жыцці заменіць лета. І скажуць: як прыгожа нам жылося, — Калі ў жыці іх загасцюе восень.

СОЛЬ ЗЯМЛІ

Колькі ж салёнага поту За цяжкай у полі работай Бацькам праліць было трэба, Каб вырасціць бохан хлеба!
Таму мо і чэрствая луста, Як соллю пасыплеш густа, Халоднай пальеш вадою, Здавалася смачнай такою.

ПОДЫХ СМЕРЦІ

Бабулька ляжыць на мурогу, Да зямлі прытуліўшыся вухам. На твары няпэўнасць, трывога. Намагаецца быццам паслухаць,
Што чуваць пад ёю, глыбока, У бяздонні зямелькі айчыннай, Куды ў часе ўжо недалёкім Адысці назаўсёды павінна.

* * *

Заблытанае нашае жыццё, Дойдзем аднак жа да сваёй мы мэты. І расплывемся ўсе ў небыццё, Пакуль пазнаем нашу планету.
Таму я ў дваццаць першы век Перасылаю просьбу-таямніцу: Каб мог у сваім вершы чалавек З прасторы вечнай апісаць зямліцу.

* * *

Як час наш уцякае скора... Дажджлівым і халодным днём Мяне старэнькі бацька з Мора Вёз на цягнік старым канём.
Змяняе вёска свой характар. Змяняецца сялянства лёс. Брат пасадзіў мяне на трактар І на паўстанак ім адвёз.

ПАЭТАЎ ЦЭНЯЦЬ ПАСМЯРОТНА

Раптоўна адышоў паэт Туды, адкуль няма звароту. І пасмутнеў раптоўна свет, І пачаліся тут турботы.
Калі паэт — у небыцці, Жывых кранула на хвілінку: Не ацанілі пры жыцці Такую здольную адзінку.
Мясцовы актывіст з улад Пачаў тут дамагацца цвёрда, Каб хутка вынесці загад: Паэту прыдзяліць крыж-ордэн.
Ці ёсць тут, можа, сэнс? Які ж? Што нешта ўсё-такі зрабілі? Памёрламу паэту крыж Сям’я паставіць на магіле.

* * *

Як вогнішча ўначы жыццё людское: Спачатку цепліцца іскрынкай кволай. Агеньчык доўга поўзае змяёю — І полымем успыхвае вясёлым.
Яно гарыць сабе спакойна потым, І прытухае на вачах лагодна, Патлее так, скаванае лянотай, І попелам становіцца халодным.

* * *

Аж кружыцца галава, Пульсуе мацней кроў у венах: Так пахне, так пахне трава, Калі становіца сенам.
Аж блякне нябёс сінява, Што ціша навокал такая: Ціхутка, ціхутка трава На скошаным лузе ўмірае.

ЧАС

Калі ўсё жыццё перамолата, Калі ўсе хвіліны растрачаны Ты часу не купіш за золата, Не атрымаеш у спадчыну.
Жыццё на зямлі ў нас адзінае, Жыць трэба разумна, напружана. Увогуле, кожнай хвілінаю Больш даражыць, чым жамчужынай.