Выбрать главу
Калі мы ўжо абавязкова Апынімся ў сям’і шаноўнай, Што будзем мы рабіць нанова, Ці будзем жыць як роўны з роўным?
Ці не апынімся часамі Зноў пад пагібельным прымусам, Ці дойдзем да Еўропы самі, Ці будзе шлях і беларусам?

***

Прывабнасць кожнай кветкі-краскі І сэрца кожнага раскоша Ёсць у звароце:     Калі ласка, У польскай мове:     Bardzo proszę.
Убачыш сонечны прамень, За ім і дня таемны вобраз У прывітанні:     Добры дзень, Даслоўнасць польскаму:     Dzień dobry.
І беларусаў і палякаў Заўжды аднолькавав хвалюе І дарагое слова:     Дзякуй, І непаўторнае:     Dziękuję.

НА НОВЫМ СВЕЦЕ КОНЬ СТАРЫ

Заблытаўся сярод машын Старэнькі конь на Свеце Новым. На гулкай вуліцы — адзін, Таму і цокаюць падковы.
Навокал сотні конскіх сіл, Ну а ў яго адна, слабая. Шчыпае вочы дым і пыл, Што сілы конскія ўзнімаюць.
І здзекваюцца ліхтары, Клаксан зрабіўся хуліганам. На Новым Свеце конь стары Бяжыць апошнім ветэранам.

СУСЕДЗЯМ

Суседзі нашыя славянскія Палякі — блізкія суседзі. Не будзьце ж вы занадта панскія! Не на адным мы возе едзем?
Правы аднолькавыя дадзены, І нам, і вам, як абавязкі. Хоць лёсам мы сваім абкрадзены, Ды жыць не хочам з нечай ласкі.
Хоць мы з другой зямлі, усходняе, Аднак з жывой яшчэ душою. За беларускае, за роднае Стаялі і стаім сцяною.
Былі мы доўга пад прымусамі І з боку захаду і ўсходу, Ды засталіся беларусамі, Лічыцца сталі мы народам.
Не хочам быць безабароннымі, Мы будзем за сваё змагацца. Даволі жыць заўжды прыгоннымі, Людзьмі нарэшце хочам звацца!
Супольнаю сям’ёю дружнаю Жыць хочам у адной краіне. Заможнымі быць, не лапцюжнымі — Наша адвечная павіннасць.

КАЛІ Ж МЫ СТАНЕМСЯ ПАРТНЁРАМІ?

Не ведалі сваёй мы вартасці, Яна зусім прапала недзе. Прасілі толькі талерантнасці Заўсёды у сваіх суседзяў.
Не шанавалі нашай нацыі Суседзі розныя навокал. Праявамі дыскрымінацыі Кармілі нас на кожным кроку.
Жывем мы пад аднымі зорамі, Адно нас сагравае сонца. Калі ж мы станемся партнёрамі Суседзям у сваёй старонцы?

МЫ — ЗГУРТАВАНЫЯ

Дзеячам БГКТ

Мы — згуртаваныя, Мы — аб’яднаныя Матчынай моваю І роднай песняй. З душой крылатаю Выйшлі аратыя На нівы свежыя Сустрэць прадвесне.
І жменяй поўнаю На скібы роўныя З натхненнем сеялі Шчасця зярняты. Нівы ўраджайныя І рукі дбайныя Штогод прыносілі Нам плён багаты.
Мы — не лапцюжныя, Сям’ёю дружнаю Ідзём у светлае Заўтра краіны. Палякам — роўныя, Славянам кроўныя. Супольны дом наш — Наша айчына.

У ЦЯГНІКУ

З бетоннай спальні гарадской Усё жыццё сваё няспынна Імкнуся сэрцам і душой Я да сваёй малой айчыны.
У цягніку, у цягніку Паміж Варшавай — Беластокам, Я дні жыцця свайго таўку, Нібы іду марудным крокам.
Жыву як заяц на мяжы, Што не сагрэе свайго следу, Усім чужы, зусім чужы, Калі ж я да сваіх даеду?
Калі ж сыду я з цягніка І больш не буду толькі госцем У краі брата-земляка, На родных сцежках маладосці?

ПРЫЗЯМЛЕННЕ

Я адарваўся ад зямлі, Пакінуў сваё Мора: „Бывайце, родныя палі, Я адлятаю ў горад”.