ГОСЦЬ
Калі ж у наш гасцінны дом
Нам госця прывядуць багі —
Ён любы нам, як весні гром, —
І залаты, і дарагі.
Як толькі пару дзён міне,
Не залатых, папраўдзе, дзён, —
Наш госць паменшае ў цане,
Раптоўна срэбрам стане ён.
А запаволіць бег свой час —
З трывогай лічым мы дзянькі:
Калі ж пакіне, ўрэшце, нас
Госць, як жалеза, нам цяжкі?
У КЛЕТЦЫ З БЕТОНУ
У хатах з бярвенняў
Лясных, смаляных
Жылі пакаленні
Ў стагоддзях былых.
А ў век наш дваццаты
Спяшаемся мы
З драўлянае хаты —
У гмахі-дамы.
І птушка з балкона
Глядзіць, як на здзек:
У клетцы з бетону
Жыве чалавек.
СУМЛЕННЕ
Мне птушка помніцца на плоце,
Што мела жоўценькі жывоцік.
А я, гарэзлівы хлапчына,
У тую птушку кіем кінуў.
Я думаў: толькі напужаю —
Яна ж упала, нежывая...
І доўга мёртвую ўжо птушку
Я на сваёй далоні гушкаў,
Нябогу лашчыў я рукою
І паліваў яе вадою...
На жаль, усе мае турботы
Не ажывілі птушкі з плоту.
НА СКРЫЖАВАННІ
Прыемна мне, што ў родным асяроддзі
Пасля гадоў я апынуўся зноў,
На скрыжаванні двух тысячагоддзяў,
На скрыжаванні дваццаці вякоў.
І хоць мяне запаланіў зноў горад,
Аднак жа гэта — родны Беласток.
Адтуль рукой падаць у вёску Мора,
Што, як агеньчык, свеціць мне здалёк.
Знаходжуся я ў вёсцы частым госцем,
Раней бываў з нагоды нейкіх свят.
Бацькі ўжо спяць сном вечным на пагосце,
Свой дажываюць век сястра і брат.
А іх даўно дарослыя ўжо дзеці,
Пасля сканчэння усялякіх школ,
Лятаюць птушкамі па свеце,
Як моладзь з іншых беларускіх сёл.
На двух тысячагоддзяў скрыжаванні,
На скрыжаванні дваццаці вякоў,
З найлепшым і сардэчным пажаданнем
Звяртаюся да родных землякоў.
НАТАЛЛІ
Ужо мне семдзесят мінула,
Табе, дачышка, толькі восем.
У твар табе вясна зірнула,
А у мяне ўжо толькі восень.
Я перажыў, дачушка, многа,
Узлётаў шмат было, упадкаў.
Я — пры канцы жыцця дарогі,
Ты — толькі у яе пачатку.
Перад табою шлях навукі,
Даволі доўгі і складаны.
Патрэбны розум твой і рукі,
І вытрыманасць, і адданасць.
У творчым будзь заўсёды ўздыме
І здабывай упарта веды.
Жыві ў карысць сваёй радзіме,
На радасць свайму бацьку Шведу.
НА ЎЛАСНЫ ЮБІЛЕЙ
Нам часам робяць юбілеі
І лічаць нашыя гады,
А юбіляр жыве надзеяй,
Што ўсё яшчэ ён малады.
Што ў творчым ён яшчэ гарэнні,
Што ў сэрцы весні неспакой,
Як дрэва, запусціў карэнне
І лісце апрануў вясной.
Што не вядзе яшчэ падлікаў
Здзяйсненняў пройдзеных гадоў,
І хто б куды яго ні клікаў,
Ідзе, пакуль не стыне кроў.
Хоць лічаць нам у юбілеі
Гады, што мчаць у небыццё,
Мы не старэем, мы сталеем,
І ўдасканальваем жыццё.
МАЕ ПАЖАДАННІ
Калі жыцця сумую шлях
У сваю восень, на змярканні,
На яве мару я і ў снах,
Каб споўніліся пажаданні.
Каб я, сівенькі галубок,
Пісаць не адвучыўся вершаў
І каб паставіў яшчэ крок
У век наступны — дваццаць першы.
Каб надыходзячы той век
Шчаслівы быў і быў спакойны,
Каб больш ніколі чалавек
Не знаў галечы, гвалту, войнаў.
Каб сцвердзіў ён, што Віктар Швед
На гэтым свеце жыў нядарам:
Людзям пакінуў сціплы след
У сваіх вершах з сэрца жарам.