Выбрать главу

СЦЕЖКІ ЖЫЦЦЯ

Ад шумлівай маёй Белавежы, Ад хаціны сасновай бацькоў Шмат прайшоў у жыцці сваім сцежак, І гатовы ў дарогу ізноў.
На складаных людскіх каляінах Я шукаў цеплыні, дабраты, І знайшоў іх у родных мясцінах, І таму гэты кут мне святы.
А калі мае стомяцца ногі, Я згару ад жыццёвых трывог, Хай апошняя сцежка-дарога Прывядзе на бацькоўскі парог.

МАЕ ВЕРШЫ

У маіх вершах — сэрца насцеж, Праўдзівасць пройдзенага, дум, У маіх вершах — маё шчасце І ў перамежку боль і сум.
У маіх вершах — мае слёзы, Ад шчасця, ад трывог, бяды. Бо і на возе, і пад возам Мае імчаліся гады.
Бурліць у вершах безупынна Мая гарачая любоў І да народа, да айчыны, І да бацькоў, і да сяброў.
У мае вершы пераліта Як кроў у вены, пачуццё, Усё, што мною перажыта, — Усё-усё маё жыццё.