Выбрать главу
На шлях жыццёвы маладосць Мне падарыла крылы, Каб гарадская прыгажосць Мяне запаланіла.
З бетоннай клеткі, з вышыні Глядзеў я на зямліцу, І засыхалі карані Айчынныя ў сталіцы.
І без зямлі, як дрэва, тут Я гас i гас няспынна, І сніўся мне бацькоўскі кут — Маленькая айчына.
На яве, а таксама ў снах, Бяруць разгон ікмненнні, Каб хоць у пажылых гадах Там здзейсніць прызямленне.

Лёс складаны Беларусі

АЙЧЫНА

Мая тут вёска з роднымі бацькамі, Я тут якраз на белы свет прыйшоў. Тут першы раз сказаў я слова „мама”, Ды многа іншых змалку любых слоў.
Я рос і вырас на айчыннай глебе, Карэнні тут глыбока запусціў, І рос не на чужым — на ўласным хлебе, Салёным потам хлеб свой акрапіў.
Глыбока зросся я з айчынным лёсам, У гэтым лёсе — лёс журботны мой. Няшчасці пасылалі нам нябёсы — З айчынай мы жылі адной бядой.
Айчыну я нашу заўсёды ў сэрцы, Яна ж адна, няма другіх айчын. Бацькі мае ў айчыннай спяць зямельцы, У ёй і я хачу знайсці спачын.
Тут першы крок і першая сцяжына І першая за плугам баразна. Таму і дарагая мне айчына — Мая рака без берагоў і дна.

МІНСК

Праз многа год вандрую я ізноў Па гулкіх плошчах, вуліцах знаёмых. І сустракаю шмат сваіх сяброў, І адчуваю тут сябе, як дома.
І шчыры, нізкі аддаю паклон Я неўміручым Коласу, Купалу, Што на дарозе з ношай цяжкіх дзён Спыніліся спачыць на п’едэсталах.
Цудоўны Мінск! Хоць і прайшлі гады, Хоць я цябе даўным-даўно не бачыў, Ты, як і быў, застаўся малады, Я позірк твой захоўваю юначы.
Манету ў Свіслач кідаю знарок, Як сімвал, што сюды яшчэ вярнуся, Што будзе зноўку вабіць, цешыць зрок Сталіца светлазорнай Беларусі.

НА РАДЗІМЕ ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

Ад берагоў шумлівай Віслы, Ад вуліц Фенікса-Варшавы, Прыехаў я на рэчку Іслач — На рэчку паэтычнай славы.
Над ёй шумяць таемна дрэвы І толькі аб адным гавораць — Аб тым, як Дунін-Марцінкевіч Хацеў няпраўду тут агораць.
Мінулы час уваскрашае Людская памяць непрыкметна: Дудар у Люцінцы спявае Нам песні волі запаветнай.

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Дзе Чарнамор’я пеністыя хвалі Аб прыбярэжны дробяцца валун, Там сумныя акорды прагучалі З апошніх, абарваных лёсам, струн.
І цудадзейная замоўкла ліра, Замоўк хваробай скошаны пясняр. І толькі ў песні, маладой і шчырай Пульсуе думка, ззяюць промні мар.
У ёй жыве наш край гаротны, ціхі, У спелым жыце васількі цвітуць, І імі трызняць слуцкія ткачыхі, Што паясы на лад персідскі ткуць.

ПАМЯЦІ АЛЕСЯ ГАРУНА

Ты мір і волю нёс айчыне, Калі шалеў вайны віхор. І нечакана на чужыне Змаганнем змучаны памёр.
Гасцінны старажытны Кракаў Прыняў цябе, паэт-змагар. Ты спіш адзін сярод палякаў З няздзейсненым цяжарам мар.
Магіла знойдзена ў стагоддзе Прыходу ў неспакойны свет. І жыць ты будзеш у народзе — Ты несмяротны, наш паэт!
Ты з небыцця да нас вярнуўся, Цяжкі твой і па смерці лёс. Распяты ў роднай Беларусі Ты ўваскрасаеш, як Хрыстос.

ЛЯЦІ, МАЯ ПЕСНЯ

Памяці Міхася Забэйды-Суміцкага

Чароўных гукаў родных слоў Стрымаць не змогуць нават межы: Яна вярнулася ізноў З далёкай Прагі ў Белавежу.
Дзе толькі велічны, з агнём, Плыў мілагучны голас звонкі, Заўсёды разам з Міхасём Спявала родная стронка.
Цурчаў прызрысты ручаёк, Аб нечым пушча гаманіла, Граў на жалейцы пастушок, Плыў шчэбет птушак лёгкакрылых.