Выбрать главу
Дык хай далей чулліва так Старонку родную ўслаўляюць — Заўсёды малады мастак І песня, вечна маладая.

ХТО МЫ

У вёсцы пачаліся спрэчкі: Жывем мы над адною рэчкай, Адна зямелька ў апрацоўцы, І молімся ў адной царкоўцы, Адно ў нас сонейка, нябёсы, Адным спалучаны мы лёсам, Адно нам толькі невядома і нас хвалюе гэта: хто мы? Азваўся Ян — тут найстрэйшы — Усё жыццё я быў тутэйшым, Відаць, мы ад пачатку свету Будзем тутэйшымі усе тут. — Павінны кімсьці быць, вядома, — Негаваркі азваўся Сёма, — Усё-ткі людзі мы, не гускі, Мяне завуць заўсёды рускім. — Можа мы родам з Украіны? — Тут запыталася Паўліна. — — Кажуць, што з украінскай мовы Заўсёды пазычаем словы. Лявон дакінуў сваё слоўца: — А можа ўсе мы тут літоўцы? Было ж тут, пішуць летапісцы, Княства Літоўскае калісьці. — Жывем у Польшчы, мы — палякі, Запальчывы азваўся Якаў. Жывем мы ў прагрэсіўным свеце — Ужо палякі мае дзеці. Нервова ўскрыкнуў тут Кастусь: — Дзе ж ваша, браткі, Беларусь? Бачу, пазбыцца мы гатовы Нацыянальнасці і мовы. І быццам бы нам невядома, Адкуль выводзімся і хто мы, І сапраўды ўжо слухаць горка, Што наша брыдкая гаворка, Што быццам бы мы з горшай гліны — Цурацца роднага павінны, Што быццам існуе прымус, Каб свайго зрокся беларус. Ніхто нас не змушае, брацця, Каб свайго роднага цурацца, Каб пастаянна з года ў год Мы паміралі як народ. Шануйма роднае, паверце, Каб ведаць хто мы, каб не ўмерці.

МІЛЫ ДРУЖА

Мілы дружа, слухаць горка, Ты набыў дурных манер: Брыдкаю завеш гаворкай Мову родную цяпер.
Нат тутэйшым, як калісьці, Не завеш сябе, дружок. Адарваным з дрэва лісцем Мкнеш, дзе дзьмухне вецярок.
Што, зыбыў, адкуль паходзіш, Што ты нарадзіўся тут? Ты ж плюеш на асяроддзе, На бацькоўскі родны кут.
Ты на гарадской пасадзе Адцураўся ад сяброў. Нават прозвішча ўжо здрадзіў Сваіх прадзедаў, бацькоў.
І, магчыма, па парадку Зробіш ты апошні крок: Здрадзіш бацьку, здрадзіш матку, Астанешся, як калок.

БЕЛАРУСКІ МУЗЕЙ

Казалі нам, што ў вочы рэжа І што псуе турыстам кроў Музей няпольскі ў Белавежы, Паміж дубоў, паміж зуброў.
Нялюдскім варварскім загадам, Як крывадушнік-фарысей, Хутка ліквідавалі ўлады Этнаграфічны наш музей.
Даробак знішчылі багаты Нашых сяліб, нашай зямлі, І унікаты-экспанаты У Цехановец аддалі.
І мы упорыста, гадамі, З ахвяр грашовых землякоў, З натугаю будуем самі У Гайнаўцы музей ізноў.
І ў павільёне ўжо гатовым, Што вырас нам, як прыгажосць, Музей мы ўжо адкрылі новы, Усім праціўнікам на злосць.

ГРОДЗЕНСКІЯ ЭКСПАНАТЫ

У нас вялікае свята, Цешцеся, беластаччане! Прывезлі да нас экспанаты: Родную мову, песню і танец.
Вось уваходзяць на сцэну, Выпаласканыя з беларускасці чыста, У народных уборах манекены, Самадзейныя гродзенскія артысты.
І паўтараюць яны бездакорна Вызубраныя словы, мелодыі, крокі. Уваскрасае мінулае зорнай Беларусі маёй сінявокай.
Са сцэны з настроем прыўзнятым Сышлі самадзейнікі з Гродна — Беларускія экспанаты Загаварылі на „общенародной”.

УЦЕКАЧЫ

Сумнае дзеецца з вёскамі, Быццам няма вінаватых. Вокны забітыя дошкамі, Страшаць пустэчаю хаты.
Мы назаўжды развіталіся З роднай бацькоўскай зямлёю, Вёсцы чужымі ўжо сталіся, Наша жыццё — гарадское.