Выбрать главу
Я клянуся: не зракуся Сваё роднае любіць. Быў і буду беларусам, Пакуль толькі буду жыць!

Я БЕЛАРУС

Я беларус, рос у народнай гушчы, Сярод палёў, уквечаных лугоў, Пад дзіўны гоман Белавежскай пушчы, Пад заліўныя трэлі салаўёў.
Я беларус, рос у сялянскай хаце, У свет выходзіў праз яе парог. Сваю любоў да бацькі і да маці, Я ў глыбіні грудзей сваіх збярог.
Я беларус, і любай роднай мове Яшчэ дзіцём вучыўся ад бацькоў. Таму яна — мой лёс у родным слове — Мне даражэй, чым з іншых сотні слоў.
Я беларус і гэтым ганаруся. Усім душу сваю магу адкрыць: Ніколі і нідзе не адракуся, Што беларусам жыў і буду жыць!

МАЯ ЗЯМЛЯ

Я зросся з роднаю зямлёю, Дзе блізкі мне жыве народ, Яе пад босаю нагою Я чую ад дзіцячых год.
Глыбока запусціў карэнні Я ў родную сваю зямлю. Тут сокам многіх пакаленняў Сваю я смагу наталю.
Зямля дае натхненне, думы, Бацькоўскай мовы прыгажосць, І сэрца напаўняе сумам, Калі ты дома рэдкі госць.
Часцінка велічнай планеты, Далёка ты — а я ў журбе. Жывеш, зямля, заўжды ўва мне ты, Пакуль хаджу я па табе.
Мая зямля, мая калыска, Прычал мой да апошніх дзён. Ты ад душы прымі мой нізкі, І шчыры, і зямны паклон!

МОЙ НАРОД

Тады ў народа ёсць паэты,

Калі ў паэтаў ёсць народ.

Раіса Баравікова
Калі я еду на Радзіму, Мінаю толькі Беласток, Як земляка свайго, гасцінна Мяне вітаюць тут здалёк.
А чым бліжэй да роднай хаты, Тым даражэй бацькоўскі кут. І нат у цягніку дзяўчаты Мне прапануюць месца тут.
Я адмаўляюся, вядома, А сэрца б’ецца гарачэй. Прыемна мне, што я ўжо дома, Што я сярод сваіх людзей.
Што я заўжды тут у пашане, Як у старых, так і малых, Што любяць тут мяне сяляне, За тое, што люблю я іх.
А да народа, да айчыны Любоў мая мацней штогод. Свайго народа я часціна, А ў маім сэрцы ўвесь народ.

МАЯ МОВА

Цябе з калыскі, немаўлём, Я атрымаў як запавет. Я табою ўрос у родны дом, З табою пазнаваў я свет.
З табой жыве айчынны край І працавіты мой народ. Народзе, мовы не кідай, Узбагачай яе штогод!
Крыніца думак, пачуцця, Натхнення, дзе няма маны, І спадарожніца жыцця Мне ад калыскі да труны.
Калі ж у шчасці ці журбе, З надзеяй, смуткам уваччу, Я, мова, думаю ў табе, Дык у табе я і маўчу.

БЕЛАСТОК

Беласток, родны наш Беласток, — Вырас ты на палосках, у жыце, Дзе радзімы цвяток-васілёк Праглядаецца ў неба блакіце.
Сімвалічны твой герб, Беласток, Ад арла і крывіцкай пагоні. Гэта ў наша мінулае крок, Спалучае ён нас і сягоння.
Прыгажэеш штогод, Беласток, Незвычайнай сваёй панарамай. Тут касцёлы віднеюць здалёк, Ёсць і цэркаўкі нашы таксама.
Цешыш сэрца і цешыш наш зрок Ты, малое айчыны сталіца. Беласток, родны наш Беласток, Будзем вечна табой ганарыцца.

ПАМІРАЮЦЬ НАШЫ ВЁСКІ

Палеткі са збожжам з валошкамі Няспынна пусцеюць, пусцеюць... Акенцы, забітыя дошкамі Хацінак нямеюць, нямеюць...
Сяляне ўжо састрэлыя, Што грэюць на сонейку косці, Маўклівыя, як анямелыя, Гатовы спачыць на пагосце.
А іх улюбёныя, кроўныя, Здаўна гарадскія ўжо дзеткі, І ўнукі, усе — польскамоўныя, Старэнькіх наведваюць рэдка.
Ніхто тут здаўна ўжо не селіцца, І гінуць, пусцеючы, вёскі. Штодзень паміраюць аселіцы, Травой зарастаюць палоскі.