Выбрать главу

Кiн выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскi арэх.

- Хадзем у вялiкi пакой, - сказаў ён. - Мы тут замiнаем Жулю. Да таго ж паветра на траiх не хапае.

У вялiкiм пакоi было халадней i прасторней. Ганна зашмаргнула выцвiлыя фiранкi. Кiн запалiў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацiлася па абрусе.

- Вось i нашыя падазроныя, - сказаў Кiн. Ён падняў першы шарык, крыху сцiснуў яго пальцамi, шарык луснуў i разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцiнку - партрэт пажылой панi з набеленым тварам i чорнымi бровамi.

- Хто ж яна? - спытаўся Кiн, кладучы партрэт на стол.

- Княгiня, - хуценька вымавiла Ганна.

- Не спяшайцеся, - усмiхнуўся Кiн. - Няма нiчога больш небяспечнага ў гiсторыi, чым вiдавочныя хады. Кiн адклаў убок партрэт i ўзяў другi шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымi капрызнымi губамi i вельмi разумнымi стомленымi вачыма пад высокiм, з залысiнамi, iлбом.

- Я б сказала, што гэта князь, - у адказ на запытальны позiрк Кiна вымавiла Ганна.

- Чаму ж гэта?

- Ён прыйшоў першы, стаiць поруч з княгiняй i шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.

- Усё суб'ектыўнае, другараднае.

Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сiнiм плашчы.

- Можна прапанаваць? - спыталася Ганна.

- Зразумела. Вазьмiце. Я здагадаўся. Кiн перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, i яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.

- Атрымлiваецца? - спыталася Ганна.

- Што атрымлiваецца?

- Наш Раман быў у заходнiх землях. Адтуль ён прывёз жонку.

- Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воiн, якога ледзь былi не забiлi ў сутычцы?

- А чаму вучонаму нельга быць воiнам?

- Разумна. Але нiчога не даказвае.

Кiн адгарнуў далоняю партрэты i паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. I тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.

- Гэта карлiк?

- Карлiк.

- А што ён тут робiць? Таксама родзiч?

- А калi блазан?

- Ён занадта проста адзеты для гэтага. I сярдзiты. Блазан не павiнен быў весялiцца. Само пачварства было падставай для смеху.

- Добра, не буду спрачацца, - сказала Ганна. - Але мы ўсё роўна нiчога не ведаем.

- На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркi, сакалiны позiрк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сцiснута ў нервовым магутным кулаку...

- Вядома, варыянт спакуслiвы, - сказаў Кiн.

- Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вiнчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскi ўвогуле з каня не злазiў.

Партрэты ляжалi ў рад, зусiм жывыя, i цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзi памерлi шмат соцень гадоў назад. "Хоць, - падумала Ганна, - я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад..."

- Можа быць, - пагадзiўся Кiн i выбраў са столiка два партрэты: князя ў сiнiм плашчы i рыжага прыгажуна.

- Калегi, - заглянуў у вялiкi пакой Жуль. - Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзiны. А там нехта прыехаў.

13

Шар быў уключаны i скiраваны на рыцарскi стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, i промнi перад захадам сонца, што павiсла над сцяной крэпасцi, высвечвалi на гэтым цьмяным занавесе постацi працэсii, якая выпаўзала на бераг.

Паперадзе ехалi конна некалькi рыцараў у белых i чырвоных плашчах, два манахi ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за iмi восем стомленых насiльшчыкаў валаклi крытыя насiлкi. Потым з лесу паказалiся пехацiнцы i, нарэшце, дзiўная будынiна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкi для велiкана.

- Што гэта? - спыталася Ганна.

- Катапульта, - адказаў Кiн.

- А што ў насiлках?

У прыцемку было вiдаць, як Жуль пацiснуў плячыма.

Насiльшчыкi з палёгкаю апусцiлi сваю ношу на прыгорак, i наўкола сабраўся натоўп.

Моцныя пальцы схапiлi знутры за краi полага, рэзка тузанулi яго, i на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру i ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блiшчаў вялiкi сярэбраны крыж. Чырванашчокi круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылi мужчыну i павялi да шатра.

- Ёсць падазрэнне, - сказаў Кiн, - што да нас завiтаў яго праасвяшчэнства, епiскап рыжскi Альберт. Вялiкi гонар.

- Гэта начальнiк мечаносцаў? - спыталася Ганна.

- Фармальна - не. На самай справе - валадар нямецкай Прыбалтыкi. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставiцца сур'ёзна.

Епiскап затрымаўся на схiле, прыставiў далонь казырком да вачэй i глядзеў на горад. Рыцары штосьцi тлумачылi яму. Насiльшчыкi, кiнуўшы паклажу, уселiся на траву.

Ратнiкi пагналi платформу з катапультай у бок моста цераз ручай. Ад групы рыцараў, якiя акружалi епiскапа, адлучыўся рыцар, той, што ледзь не забiў рыжага прыгажуна. За iм у чорнай сутане адзiн з наблiжаных епiскапа. Ратнiкi падвялi каня.

- Сцяг не забудзьцеся, брат Фрыдрых, - сказаў манах.

- Брат Тэадор возьме, - сказаў рыцар. Ратнiк дапамог рыцару сесцi ў сядло з высокай пярэдняй лукой. Левая рука ў рыцара рухалася незграбна, нiбыта пратэз, на правай пальчатка была кальчужная, на левай - жалезная.

- Пачакайце! - крыкнула Ганна. - Ён жа гаворыць! Вы наладзiлi гук?

Кiн усмiхнуўся.

- Ён па-расейску гаворыць.

- Не, па-нямецку. Мы ж не чуем. Тут iншы прынцып. Ведаеце, што бываюць глуханямыя, якiя па губах могуць здагадацца, пра што гаворыць чалавек?

- Ведаю.

- Наша прыстаўка прачытвае з губ. I перакладае.

Каля моста цераз ручай да рыцара далучыўся малады барадаты дваранiн у чырвоным плашчы з доўгiм, раздвоеным на канцы вымпелам, прымацаваным да дрэўка дзiды. Вымпел быў белы, а на iм - дзве чырвоныя вежы з варотамi, зверху - тыяра.

Рыцары паднялiся па схiле да горада, прытрымалi коней каля рова. Малады мечаносец узняў апраўлены ў серабро рог. Крэпасць маўчала.

Ганна сказала:

- Не люблю шматсерыйных пастановак, заўсёды час зацягваюць. - Згатуйце пакуль нам кавы, - сказаў Жуль. - Калi ласка.

Ганна не паспела адказаць, як вароты прачынiлiся, выпусцiўшы з крэпасцi двух коннiкаў. Паперадзе ехаў князь у сiнiм плашчы з залатым шлякам. За iм яцвяг у чорнай вопратцы i чырвоным каўпаку. У варотах былi вiдаць стражнiкi. Вiтаючы князя, Фрыдрых падняў руку ў кальчужнай пальчатцы. Князь тузануў каня за аброць, i той матнуў галавою, дробна перабiраючы нагамi.

Шар быў накiраваны ўнiз - Кiн хацеў пачуць, пра што пойдзе гаворка.

- Ландмайстар Фрыдрых фон Какентаўзен вiтае цябе, - сказаў рыцар.

- На якой мове яны размаўляюць? - цiха спыталася Ганна.

Жуль зiрнуў на табло, на якiм беглi iскры.

- Латынь, - сказаў ён.

- Добры дзень, рыцар, - адказаў князь. Чорны яцвяг лёгенька крануў каня нагайкай мiж вушэй, i той закруцiўся на месцы, узрываючы капытамi зялёную траву. Рука маладога трубача апусцiлася на роўнае дзяржальна мяча.

- Яго праасвяшчэнства епiскап рыжскi i лiвонскi Альберт шле бацькоўскае блаславенне князю Замошша i выказвае смутак з тае прычыны, што нядобрыя саветнiкi парушылi мiр мiж iм i яго сюзерэнам. Епiскап сам зрабiў ласку прыбыць сюды, каб перадаць сваё бацькоўскае пасланне. Будзьце ласкавыя прыняць, - сказаў рыцар.

Малады рыцар Тэадор падаў скручаную ў трубку грамату, да якой на стужцы была прымацаваная вялiкая пячатка. Фрыдрых фон Какентаўзен прыняў грамату i падаў русiну.

- Я перадам, - сказаў русiнскi пасол. - Што яшчэ?

- Усё ў пiсьме.