- Хачу.
Кiн коратка ўздыхнуў i загаварыў, гледзячы сабе пад ногi. Голас яго змянiўся, стаў сушэйшы. Кiн чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж iмжэў у такт яго голасу.
- "Справа 12-а-56. Маўн Маўн Ко. Нарадзiўся 18 траўня 1889 года ў вёсцы Швезандаўн на поўнач ад горада Пегу ў Бiрме. У шасцiгадовым узросце быў прыняты ў манастырскую школу, дзе дзiвiў манахаў сваiм уменнем завучваць главы з Цiлiтакi. Ужо да дзесяцi гадоў ведаў на памяць увесь канон Хiнаяны, i яго як дзiця, адзначанага Кармой, вазiлi ў Мандалай, дзе з iм гутарыў сам татанабайн i падарыў яму парасон i гаршчок на мiласцiну. У Мандалаi ён натрапiў на кнiгу аб хрысцiянстве, i шляхам параўнання рэлiгiйных сiстэм i на аснове размоваў з вучонымi-мусульманамi хлопчык стварыў фiласофскую сiстэму, у якой выкарыстаў першаасновы дыялектыкi, блiзкай да гегелеўскай. Быў пакараны зняволеннем у келлi. У 1901 годзе ўцёк з манастыра i дабраўся да Рангуна, спадзеючыся пераканаць у сваёй невiнаватасцi ангельскага бiскупа Эндру Джонсана. Да бiскупа хлопчыка не пусцiлi, але некалькi дзён ён пражыў у доме мiсiянера Г.Стоўнуэла, якi быў уражаны тым, што бiрманскi абарванец на вулiцы чытае на памяць Евангелле на ангельскай мове. Мiсiянер паказваў хлопчыка сваiм сябрам i пакiнуў у дзённiку запiс пра тое, што Маўн Маўн Ко свабодна валодае некалькiмi мовамi. Спробы Маўн Маўн Ко давесцi мiсiянеру сваю тэорыю не мелi поспеху, таму што мiсiянер вырашыў, што хлопчык пераказвае крамольную кнiжку. На чацверты дзень, нягледзячы на тое, што хлопчыка ў доме мiсiянера кармiлi, Маўн Маўн Ко ўцёк. Яго труп з прыкметамi моцнага знясiлення, з колатымi ранамi на грудзях быў знойдзены партовым палiцэйскiм А.Банерджы 6 студзеня 1902 каля склада № 16. Прычына смерцi невядомая".
Кiн змоўк. Быццам яго выключылi. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.
- Тут мы былi ўпэўненыя, - сказаў Кiн. - Аднак спазнiлiся.
- Чаму ж нiхто яго не зразумеў?
- Дзiўна яшчэ, як ён дабраўся да таго мiсiянера, - сказаў Кiн. Пачытаць яшчэ?
- Калi ласка.
- "Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавiч. Нарадзiўся 23 кастрычнiка 1900 года ў г. Лiпавец Кiеўскай губернi. Навучыўся размаўляць i спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяцi дзiцяцi жылi ўсе мелодыi, пачутыя дома i ў Кiеве, куды яго два разы вазiлi бацькi. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Мiхайлавiча Гудзiм-Ляўковiча. Пасля гэтага канцэрта, на якiм Мордка выконваў, у прыватнасцi, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублi. Улетку 1905 года аптэкар С.Я.Сайферцiс, спiсаўшыся са знаёмымi ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобiў яго ўбачыць дзiва i даручыў клапацiцца аб iм. На вакзал праводзiлi ўсе суседзi. Скрыпку нёс Сайферцiс, а хлопчык - баул з цацкамi, прысмакамi ў дарогу i нотнай паперай, на якой сам запiсаў першую частку канцэрта для скрыпкi. На рагу Вiннiцкай i Мiкалаеўскай вулiц праважатыя сустрэлiся з шэсцем сябраў саюза Мiхаiла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохалiся за хлопчыка i хацелi яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесцi яго ў суседнi двор, але ён вырваўся i з крыкам: "Мая скрыпка!" выбег на вулiцу. Хлопчык быў забiты ўдарам бота былога падаткавага iнспектара Нiкiфара Быкава. Смерць была iмгненная". Яшчэ? - спытаў Кiн.
Не дачакаўшыся адказу, ён прадоўжыў:
- "Справа 22-5а-4. Алiхманава Салiма. Нарадзiлася ў 1905 годзе ў г. Хiве. За прыгажосць i бялюткасць твару была ўзята ў гарэм Алiм-хана Кутайсы, блiзкай асобы апошняга хана Хiвiнскага. У 1919 годзе нарадзiла мёртвае дзiця. Не валодаючы яшчэ граматай, прыйшла да вываду пра бясконцасць i шматмернасць Сусвету. Самастойна навучылася чытаць, пiсаць i лiчыць, вынайшла таблiцу лагарыфмаў. Iнтуiтыўна выкарыстоўвала здольнасць прадбачання некаторых падзей. У прыватнасцi, прадказала землетрасенне 1920 года, растлумачыўшы яго цiскам у зямной кары. Гэтым прадказаннем выклiкала незадаволенасць у духавенстве Хiвы, i толькi каханне мужа выратавала Салiму ад пакарання. Прагна iмкнулася да ведаў. Убачыўшы ў доме выпадковую ташкенцкую газету, навучылася чытаць па-расейску. У жнiўнi 1924 года ўцякла з дому, пераплыла Амудар'ю i паступiла ў школу ў Турткуле. На здольнасцi дзяўчыны звярнула ўвагу расейская настаўнiца Галiна Кранава, якая займалася з ёю алгебрай. За некалькi тыдняў Салiма засвоiла курс сямiгадовай школы. Было вырашана, што пасля кастрычнiцкiх святаў Галiна завязе дзяўчынку ў Ташкент, каб паказаць спецыялiстам. У час дэманстрацыi 7 лiстапада ў Турткуле Салiма iшла ў групе жанчын якiя знялi паранджу i была апазнана родзiчамi Алiм-хана. Ноччу была выкрадзена са школы i задушана ў Хiве 18 лiстапада 1924 года".
- Даволi, - сказала Ганна. - Вялiкi дзякуй. Хопiць.
9
На дварэ сцямнела. Невялiчкi квадрат акенца, якое выходзiла з халоднага пакоя ў сад, быў густа-сiнi, i ў iм умудрылася памясцiцца поўня. Цесны, загрувашчаны прыборамi пакой напаўняла гудзенне, якое здавалася Ганне голасам часу - фiзiчна адчувальнай нiццю, па якой беглi хвiлiны.
Жуль наладжваў устаноўку, зрэдку выходзячы на сувязь са сваiм часам, выкарыстоўваючы для гэтага круглы блакiтны экран, на якiм дрыжалi ўзоры жоўтых i белых кропак, а Кiн наладжваў здымачную апаратуру.
Чорны шар, што вiсеў над Жулевай галавою, пачаў павольна круцiцца. Ён быў падобны на вялiзны надзiмны шар.
- Зараз, Ганна, вы атрымаеце магчымасць зазiрнуць у трынаццатае стагоддзе, - сказаў Кiн.
Яе ахапiла казытлiвае дзiцячае пачуццё чакання тэатра. Вось-вось расхiнецца занавес, i пачнецца дзея...
Замiльгацеў жоўтымi i белымi агеньчыкамi круглы экран сувязi. Жуль нахiлiўся да яго i пачаў хутка вадзiць перад iм пальцамi, нiбыта размаўляў з глуханямымi. Агнi на экранчыку застылi.
Гудзенне часу запаўняла ўсю хату, яно было такое гучнае, што Ганне здавалася: зараз яго пачуе вёска. I тут у шары паплылi нейкiя каляровыя плямы, было такое ўражанне, быццам глядзiш на рэчку праз круглы iлюмiнатар парахода.
Кiн скрыпнуў табурэцiкам. Рукi яго былi ў чорных пальчатках амаль да локцяў.Ён дакрануўся да канта скрынкi, над якою вiсеў шар, i пальцы яго пагрузiлiся ў цвёрды метал.
- Паехалi, - сказаў Кiн.
Каляровыя плямы пабеглi хутчэй, яны сплывалi на край iлюмiнатара i знiкалi. Тут жа штосьцi рэзка пстрыкнула. Быццам нехта правёў рукою па запацелым шкле iлюмiнатара, i выява ў шары набыла выразныя формы i межы. Гэта было зялёнае поле, акружанае бярозкамi.
Шарам кiраваў Кiн. Рукi ў чорных пальчатках былi схаваны ў стале, ён сядзеў напружана, як за рулём.
Адлюстраванне ў шары рэзка пайшло ўбок, бярозы нахiлiлiся, як у моднай кiнастужцы.
Ганна на iмгненне зажмурылася. Гай на экране знiк, паказаўся круты схiл пагорка з драўляным тынам наверсе, шырокая разбiтая дарога i, нарэшце, штосьцi знаёмае - рэчка Вятла. За ёю густы яловы лес.
I тут жа Ганна ўбачыла сваю хату. Яна стаяла ў шэрагу iншых, на гэтым баку ручая. Хоць яе хутчэй можна было назваць халупаю - прыземiстай, слепаватай, пад саламянай страхой. Затое ручай быў значна шырэйшы, над iм схiлялiся вербы, дарога перасякала яго па драўляным мосце, каля якога стаялi некалькi коннiкаў.
- Я стабiлiзуюся, - сказаў Жуль.
- Гэта трынаццатае стагоддзе? - спыталася Ганна.
- Дванаццатага чэрвеня.
- Вы ўпэўненыя?
- У нас няма альтэрнатывы.
- А там, ля ручая, людзi.
- Божыя дваране, - сказаў Кiн.