Выбрать главу

Кін адклаў лыжку, моўчкі падняўся з-за стала, выйшаў у сенцы, штосьці там скінуў. Жуль зморшчыўся. Наступіла цішыня.

Кін вярнуўся са стосам жаўтаватых лісткоў паперы. Паклаў іх на стол каля Ганны. Потым узяў талерку і пайшоў на кухню па другую порцыю лапшы.

— Што гэта? — спытала Ганна.

— Нейкія дакументы. Вы нічога ў іх не зразумееце.

— Навошта тады яны мне?

— Чым чорт не жартуе. Калі вы ўжо застаяцеся… Ганна ледзь не прызналася, што вырашыла ўжо ехаць.

Але знячэўку яе позірк сустрэўся са злымі вачыма гусара.

Жуль не таіў сваёй непрыязнасці.

— Дзякуй, — сказала Ганна абыякава. — Я пачытаю.

7

Госці корпаліся ў сваіх жалязяках. Было душна. Насоўвалася навальніца. Ганна села на канапу, падкурчыўшы ногі. Жоўтыя лісточкі былі невялікія, тэкст надрукаваны ўборыста, выразна, крыху выпуклымі літарамі.

Спачатку была назва на латыні.

Веrtholdi Chronicon Lyvoniae, рag. 29,

Мonumenta Lyvoniae antiquae, VIII, Rigае, 1292.

…Рыцар Фрыдрых і пробашч Іаган выказалі меркаванне: трэба, сказалі яны, зрабіць наступленне і, узяўшы горад Замош, люта пакараць жыхароў для прыкладу іншым. Раней пры ўзяцці крэпасцяў даравалі грамадзянам жыццё і свабоду, і таму ў астатніх няма належнага страху. Парашым жа: хто з нашых першы ўзыдзе на сцяну, таму дамо найлепшых коней і знатнага палонніка. Вераломнага князя, ворага хрысціянскай царквы, мы ўзнясём вышэй за ўсіх на самым высокім дрэве. І пакараем люта яго слугу, з пекла родам, спарадзіцеля агню.

І русы выкацілі з варотаў распаленыя колы, якія раскідвалі па баках пякельны агонь, каб падпаліць асадную вежу. Між тым ландмайстар Готфрыд фон Гольм, несучы сцяг у руцэ, першы ўзышоў на вал, а за ім следаваў Вільгельм Оге, і, убачыўшы гэта, астатнія ратнікі і браты спяшаліся ўзысці на сцяну першымі, адны дапамагалі падымацца адзін аднаму, а другія біліся каля варотаў…

Побач з гэтым тэкстам Ганна прачытала неахайную, наўскасяк ад рукі прыпіску: «Пераклад з першай публікацыі. Рукапіс Бертольда Рыжскага знойдзены ва ўрыўках, у канвалюце XIV ст. у Мадрыдскай біб-цы. Запіс адн. да лета 1215. Горскі памылкова ідэнтыфіцыраваў Замошша з Ізборскам. Гл. В. I. 12.1990, стар.36. Несумненна, адзіны ўпамін пра Замошша ў ордэнскіх крыніцах. Генрых Латв. маўчыць. Пскоўскі летапісец, пад 1215 г. падае скупа: „Того же лета убиша многих немцы в Литве и Замошье, а город взяша“. Тацішчаў, за ім Салаўёў палічылі Замошша літоўскай воласцю. Янін выказаў сумненне ў 80-х гг.».

На другім лістку было штосьці незразумелае:

ДАРОГА ДАРОГ

Аb majorem Dei gloriam. У імя Гермія Тройчы Найвялікшага. Калі хочаш дабываць Меркурый з Месяца, зрабі перадусім насычаную ваду з купарвасу і салетры, узяўшы іх пароўну, сальвіруй Месяц звычайным спосабам, дай асесці ў звычайнай вадзе, вымый вапну ў чыстых водах, высушы, апусці ў сасуд пласкадонны, пастаў у печ кальцыніравацца пры ўмеранай тэмпературы, якая патрэбна для Сатурна, каб расплавіцца, і праз тры тыдні Месяц узыдзе, і Меркурый будзе разлучаны з Зямлёю.

Тым жа беглым почыркам збоку было напісана: «За паўстагоддзя да Альберта і Бэкана». Што ж зрабілі праз паўвека Альберт і Бэкан, Ганне заставалася невядома.

Дарэмна яна марнуе час. Ганна наўгад выцягнула з пачка трэці лісток.

СА СПРАВАЗДАЧЫ ЗАХОДНЕДЗВІНСКАГА АТРАДА

Гарадзішча пад назваю Замошша размешчана за 0,4 км на паўночны захад ад вёскі Палудзёнкі (Мёрскі р-н) на высокім і крутым (да 20 м) пагорку на левым беразе р. Вятла (левы прыток Заходняй Дзвіны). Пляцоўка ў плане няправільнай авальнай формы, арыентавана па лініі поўнач — поўдзень з невялікім адхіленнем на ўсход. Даўжыня пляцоўкі 136 м, шырыня ў паўночнай палавіне 90 м, у паўднёвай — 85 м. Раскопам у 340 кв.м. ускрыты культурны пласт чорнага, цёмна-шэрага колеру магутнасцю 3,2 м бліжэй да цэнтра і 0,3 м каля краёў. Насычанасць культурнага слою знаходкамі даволі значная. Знойдзена шмат фрагментаў лепных сасудаў: каля 90 % слабапрафіліраваных і банкавых формаў, характэрных днепрадзвінскай культуры, і штрыхавая кераміка (каля 10 %), а таксама некалькі абломкаў керамікі XII ст. Папярэдне выяўлены тры ніжнія гарызонты: ранні этап днепрадзвінскай культуры, позні этап той жа культуры і гарызонт трэцяй чвэрці 1 тысячагоддзя нашай эры (культура тыпу верхняга пласту банцэраўскага гарадзішча).

У канцы XII — пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм і шэраг жыллёвых будынкаў, якія былі знішчаны ў выніку пажару. Даследаванні фундамента храма, на якім была пабудавана ў XVIII ст. капліца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкі ўскладняюцца ў выніку парушэнняў верхніх пластоў могілкамі XVI–XVIII стст.