Выбрать главу

Кін змоўк. Быццам яго выключылі. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.

— Тут мы былі ўпэўненыя, — сказаў Кін. — Аднак спазніліся.

— Чаму ж ніхто яго не зразумеў?

— Дзіўна яшчэ, як ён дабраўся да таго місіянера, — сказаў Кін. — Пачытаць яшчэ?

— Калі ласка.

— «Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавіч. Нарадзіўся 23 кастрычніка 1900 года ў г. Ліпавец Кіеўскай губерні. Навучыўся размаўляць і спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяці дзіцяці жылі ўсе мелодыі, пачутыя дома і ў Кіеве, куды яго два разы вазілі бацькі. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Міхайлавіча Гудзім-Ляўковіча. Пасля гэтага канцэрта, на якім Мордка выконваў, у прыватнасці, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублі. Улетку 1905 года аптэкар С. Я. Сайферціс, спісаўшыся са знаёмымі ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобіў яго ўбачыць дзіва і даручыў клапаціцца аб ім. На вакзал праводзілі ўсе суседзі. Скрыпку нёс Сайферціс, а хлопчык — баул з цацкамі, прысмакамі ў дарогу і нотнай паперай, на якой сам запісаў першую частку канцэрта для скрыпкі. На рагу Вінніцкай і Мікалаеўскай вуліц праважатыя сустрэліся з шэсцем сябраў саюза Міхаіла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохаліся за хлопчыка і хацелі яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесці яго ў суседні двор, але ён вырваўся і з крыкам: „Мая скрыпка!“ выбег на вуліцу. Хлопчык быў забіты ўдарам бота былога падаткавага інспектара Нікіфара Быкава. Смерць была імгненная». Яшчэ? — спытаў Кін.

Не дачакаўшыся адказу, ён прадоўжыў:

— «Справа 22-5а-4. Аліхманава Саліма. Нарадзілася ў 1905 годзе ў г. Хіве. За прыгажосць і бялюткасць твару была ўзята ў гарэм Алім-хана Кутайсы, блізкай асобы апошняга хана Хівінскага. У 1919 годзе нарадзіла мёртвае дзіця. Не валодаючы яшчэ граматай, прыйшла да вываду пра бясконцасць і шматмернасць Сусвету. Самастойна навучылася чытаць, пісаць і лічыць, вынайшла табліцу лагарыфмаў. Інтуітыўна выкарыстоўвала здольнасць прадбачання некаторых падзей. У прыватнасці, прадказала землетрасенне 1920 года, растлумачыўшы яго ціскам у зямной кары. Гэтым прадказаннем выклікала незадаволенасць у духавенстве Хівы, і толькі каханне мужа выратавала Саліму ад пакарання. Прагна імкнулася да ведаў. Убачыўшы ў доме выпадковую ташкенцкую газету, навучылася чытаць па-расейску. У жніўні 1924 года ўцякла з дому, пераплыла Амудар'ю і паступіла ў школу ў Турткуле. На здольнасці дзяўчыны звярнула ўвагу расейская настаўніца Галіна Кранава, якая займалася з ёю алгебрай. За некалькі тыдняў Саліма засвоіла курс сямігадовай школы. Было вырашана, што пасля кастрычніцкіх святаў Галіна завязе дзяўчынку ў Ташкент, каб паказаць спецыялістам. У час дэманстрацыі 7 лістапада ў Турткуле Саліма ішла ў групе жанчын якія знялі паранджу і была апазнана родзічамі Алім-хана. Ноччу была выкрадзена са школы і задушана ў Хіве 18 лістапада 1924 года».

— Даволі, — сказала Ганна. — Вялікі дзякуй. Хопіць.