Выбрать главу

— Ну вось, — сказала Ганна, — маглі бы на дзве хвіліны выскачыць раней. Статак жа яны вернуць, а пастухоў ужо забілі.

Пастух ляжаў ніцма ў лужыне крыві, якая хутка цямнела, і коні пераскоквалі цераз яго. Услед за яцвягамі, толькі марудней, выехалі яшчэ некалькі воінаў, на якіх былі кальчугі са стальнымі пласцінамі на грудзях і канічныя жалезныя шлемы з прываранымі спераду стальнымі палосамі, якія прыкрывалі нос. Ганна адразу пазнала сярод коннікаў рыжага прыгажуна.

— Глядзіце, — сказала яна. — Калі ён зараз загіне… Кін скіраваў шар уніз, бліжэй да коннікаў. Чамусьці, калі з варотаў выскачылі яцвягі, Ганна вырашыла, што абаронцы крэпасці ўжо перамаглі. Мабыць, таму, што не магла пазбавіцца ад падсвядомай упэўненасці, што глядзіць кіно. А ў кіно пасля шэрага драматычных ці нават трагічных падзей абавязкава з'яўляюцца нашыя на тачанках або на танках. Пасля гэтага вораг, залізваючы раны, адкочваецца ў сваё логава.

Статак у гэты момант аддаліўся ад сцен. Тыя ратнікі, што не сталі гнацца за пастухом, умела накіроўвалі яго да ручая, азіраючыся на крэпасць, — ведалі, што русіны аддаваць статак не захочуць. Насустрач ім да ручая спускаліся рыцары.

Яцвягі, нібы не адчуваючы небяспекі, закруціліся вакол напалоханых кароў, біліся з загоншчыкамі, і калі на іх напалі цяжка ўзброеныя рыцары, адразу лёгка і неяк весела адышлі назад да крэпасці, насустрач дружыннікам. Немцы гналіся за імі, і Ганна зразумела, што статак страчаны.

Але рыжы воін і дружыннікі меркавалі інакш. Захопліваючы сустрэчных яцвягаў, як магніт захоплівае металічнае пілавінне, яны скаціліся да рыцарскага атрада і зліліся з мечаносцамі ў густую шчыльную масу.

— Калі б статка не было, — заўважыў раптам Кін, вяртаючы Ганну ў змрок пакоя, — рыцарам трэба было яго прыдумаць.

На гэты момант Ганна не бачыла сэнсу бою, яго логікі — быццам яе ўвагі хапіла толькі на асобныя фрагменты, бляск мяча, разяўлены ад болю рот конніка, раздзьмутыя ноздры каня… Рыжы прыгажун узнімаў меч дзвюма рукамі, нібы калоў дровы, і Ганне былі відаць іскры ад удару аб трохвугольны белы з чырвоным крыжам шчыт магутнага рыцара ў белым плашчы. Ганна ўбачыла канец дзіды, якая ўдарыла рыжага ў бок, і ён пачаў павольна, не выпускаючы мяча, валіцца з каня.

— Ой! — Ганна прыўстала: яшчэ імгненне — і рыжы загіне.

Штосьці чорнае мільганула побач, і рыцар ударыў па чорным кафтане яцвяга, які закрываў сабою віцязя, а той, прыгнуўшыся да высокай лукі сядла, скакаў у накірунку крэпасці.

— Усё, — сказаў Жуль, — праверка апаратуры. Перапынак.

— Добра, — пагадзіўся Кін. — А нам варта асэнсаваць убачанае.

Шар пачаў тухнуць. Кін выпрастаў рукі. Стомлена, нібы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткі і кінуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, — гэта былі вароты, якія зачыняліся, і каля іх ляжалі пастух і яго забойца, ляжалі побач, мірна, быццам вырашылі адпачыць на зялёным схіле пагорка.

12

У пакоі было душна. Квадрацік акенца пачарнеў. Ганна паднялася з табурэціка.

— І ніхто не прыйдзе ім на дапамогу? — спыталася яна.

— Русінскім князям не да маленькага Замошша. Русь раздробленая, кожны сам за сябе. Нават полацкі князь, якому фармальна падпарадкоўваецца гэтая зямля, і той вельмі заняты сваімі праблемамі.

Кін адкрыў з боку шара шасцікантовую адтуліну і засунуў руку ў яго чэрава, якое мігцела зялёным святлом.

— Гэта быў дзіўны свет, — сказаў ён. — Няўстойлівы, але па-свойму гарманічны. Тут жылі жамойты, леты, самагіты, эсты, русіны, лівы, яцвягі, семігалы… Некаторыя з іх даўно зніклі, а некаторыя жывуць тут і да гэтага часу. Русінскія князі па Даўгаве — Заходняй Дзвіне збіралі даніну з навакольных плямёнаў, ваявалі з імі, часта радніліся з жамойтамі і лівамі… І невядома, як бы склаўся далейшы лёс Прыбалтыкі, калі б тут, у вусці Даўгавы, не высадзіліся нямецкія місіянеры, за якімі прыйшлі рыцары. У 1201 годзе энергічны епіскап Альберт заснаваў горад Рыгу, узнік ордэн святой Марыі, або мечаносцаў, што планамерна заваёўваў плямёны і народы, хрысціў паганцаў — хто не хацеў хрысціцца, гінуў, хто згаджаўся, станавіўся рабом. Усе вельмі проста…

— А русінскія гарады?

— А русінскія гарады — Кукейнас, Герсіке, Замошша, потым Юр'еў — адзін за адным былі ўзяты немцамі. Яны не змаглі аб'яднацца. Толькі літоўцы ўстаялі. Менавіта ў гэтыя гады яны стварылі адзіную дзяржаву. А праз некалькі гадоў на Русі з'явіліся манголы. Раздробленасць яе аказалася пагібельнай.

Кін выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскі арэх.