Выбрать главу

— Хадзем у вялікі пакой, — сказаў ён. — Мы тут замінаем Жулю. Да таго ж паветра на траіх не хапае.

У вялікім пакоі было халадней і прасторней. Ганна зашмаргнула выцвілыя фіранкі. Кін запаліў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацілася па абрусе.

— Вось і нашыя падазроныя, — сказаў Кін. Ён падняў першы шарык, крыху сціснуў яго пальцамі, шарык луснуў і разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцінку — партрэт пажылой пані з набеленым тварам і чорнымі бровамі.

— Хто ж яна? — спытаўся Кін, кладучы партрэт на стол.

— Княгіня, — хуценька вымавіла Ганна.

— Не спяшайцеся, — усміхнуўся Кін. — Няма нічога больш небяспечнага ў гісторыі, чым відавочныя хады. Кін адклаў убок партрэт і ўзяў другі шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымі капрызнымі губамі і вельмі разумнымі стомленымі вачыма пад высокім, з залысінамі, ілбом.

— Я б сказала, што гэта князь, — у адказ на запытальны позірк Кіна вымавіла Ганна.

— Чаму ж гэта?

— Ён прыйшоў першы, стаіць поруч з княгіняй і шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.

— Усё суб'ектыўнае, другараднае.

Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сінім плашчы.

— Можна прапанаваць? — спыталася Ганна.

— Зразумела. Вазьміце. Я здагадаўся. Кін перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, і яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.

— Атрымліваецца? — спыталася Ганна.

— Што атрымліваецца?

— Наш Раман быў у заходніх землях. Адтуль ён прывёз жонку.

— Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воін, якога ледзь былі не забілі ў сутычцы?

— А чаму вучонаму нельга быць воінам?

— Разумна. Але нічога не даказвае.

Кін адгарнуў далоняю партрэты і паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. І тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.

— Гэта карлік?

— Карлік.

— А што ён тут робіць? Таксама родзіч?

— А калі блазан?

— Ён занадта проста адзеты для гэтага. І сярдзіты. Блазан не павінен быў весяліцца. Само пачварства было падставай для смеху.

— Добра, не буду спрачацца, — сказала Ганна. — Але мы ўсё роўна нічога не ведаем.

— На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркі, сакаліны позірк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сціснута ў нервовым магутным кулаку…

— Вядома, варыянт спакуслівы, — сказаў Кін.

— Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вінчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскі ўвогуле з каня не злазіў.

Партрэты ляжалі ў рад, зусім жывыя, і цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзі памерлі шмат соцень гадоў назад. «Хоць, — падумала Ганна, — я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад…»

— Можа быць, — пагадзіўся Кін і выбраў са століка два партрэты: князя ў сінім плашчы і рыжага прыгажуна.

— Калегі, — заглянуў у вялікі пакой Жуль. — Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзіны. А там нехта прыехаў.

13

Шар быў уключаны і скіраваны на рыцарскі стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, і промні перад захадам сонца, што павісла над сцяной крэпасці, высвечвалі на гэтым цьмяным занавесе постаці працэсіі, якая выпаўзала на бераг.

Паперадзе ехалі конна некалькі рыцараў у белых і чырвоных плашчах, два манахі ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за імі восем стомленых насільшчыкаў валаклі крытыя насілкі. Потым з лесу паказаліся пехацінцы і, нарэшце, дзіўная будыніна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкі для велікана.

— Што гэта? — спыталася Ганна.

— Катапульта, — адказаў Кін.

— А што ў насілках?

У прыцемку было відаць, як Жуль паціснуў плячыма.

Насільшчыкі з палёгкаю апусцілі сваю ношу на прыгорак, і наўкола сабраўся натоўп.

Моцныя пальцы схапілі знутры за краі полага, рэзка тузанулі яго, і на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру і ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блішчаў вялікі сярэбраны крыж. Чырванашчокі круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылі мужчыну і павялі да шатра.

— Ёсць падазрэнне, — сказаў Кін, — што да нас завітаў яго праасвяшчэнства, епіскап рыжскі Альберт. Вялікі гонар.

— Гэта начальнік мечаносцаў? — спыталася Ганна.

— Фармальна — не. На самай справе — валадар нямецкай Прыбалтыкі. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставіцца сур'ёзна.