Выбрать главу

— Ну проста як нашы браты, — усміхнуўся нечакана Альберт. Паглядзеў на Готфрыда. Але той не заўважыў іроніі. — І чараўніка прыгрэў князь Вест?

— Ён жыве тут ужо трэці год. Ён затаіўся. Ён напалоханы. Яму няма куды ісці. У Кіеве яго чакае такі самы лёс, што і ў Смаленску. На Захадзе ён выклікаў небяспечную жадобу караля Піліпа і гнеў святой царквы. Я думаю, што ён многае паспеў зрабіць. Пра гэта сведчыць гібель нашай вежы.

— Сапраўды часам зацямняецца розум уладных людзей, — сказаў епіскап. — Сіла наша ў тым, што мы можам накіраваць на дабро аблуду чарадзея, калі мы цвёрдыя ў сваёй веры.

— Я мяркую, што праўда на вашым баку, — даў згоду брат Фрыдрых.

— Беражы нас, божа, — сказаў ціха брат Готфрыд. — Д'ябал усюдыісны. Я сваімі рукамі адкруціў бы галаву чарадзею.

— Не нам яго баяцца, — вымавіў епіскап. Не ўстаючы з крэсла, ён выцягнуў руку і ўзяў з куфра жаўтаваты аркуш, які ляжаў пад скруткамі. — Паглядзіце, гэта прыслалі мне з Замошша тыдзень назад. Што вы скажаце, брат Фрыдрых?

Рыцар Готфрыд перахрысціўся, калі епіскап падаў аркуш Фрыдрыху.

— Гэта напісана не ад рукі, — сказаў Фрыдрых. — І ў гэтым няма чарадзейства.

— Вы ўпэўненыя?

— Месір Раман выразае літары на дрэве, а потым прыкладае да дошкі ліст. Гэта падобна на пячатку. Адной пячаткаю вы можаце замацаваць сто грамат.

— Вялікая справа, калі скіравана ў імя царквы, — сказаў епіскап. — Божае слова можа пашырацца танна. Але якая пагроза ў лапах д'ябла!

— Гэтак, — згадзіўся брат Фрыдрых. — Раман патрэбны нам.

— Я ж паўтараю, — сказаў брат Готфрыд, устаючы, — што ён павінен быць знішчаны разам з усімі ў гэтым горадзе.

Яго суразмоўцы нічога не адказалі, епіскап заплюшчыў вочы.

— На ўсё воля божая, — сказаў ён урэшце.

Абодва рыцары ўсталі і накіраваліся да выхаду з шатра.

— Дарэчы, — кінуў наўздагон епіскап, — чым можа для вас стацца гісторыя з польскай князёўнай?

— Спытайцеся ў брата Готфрыда, — сказаў Фрыдрых фон Какентаўзен. — Гэта здарылася непадалёку ад замка Гольм, а леты, якія напалі на ахову князёўны, па чутках, выконвалі яго загад.

— Гэта толькі чуткі, — сказаў Готфрыд. — Толькі чуткі. Цяпер жа князёўна і яе цётка пакутуюць у палоне князя Веста. Калі мы вызвалім іх, то атрымаем за гэта выкуп ад князя Смаленскага.

— Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых? — спытаўся епіскап.

— Ні ў якім разе, — адказаў Фрыдрых. — Не сакрэт, што князь Вячка адбіў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.

— Я згодны з вамі, — сказаў епіскап. — Паклапаціцеся пра дзяўчыну. Як толькі яна трапіць да нас, мы тут жа адправім яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнікі. І ніякіх выкупаў.

— Мае людзі рызыкавалі, — сказаў Готфрыд.

— Мы і так не сумняваліся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскія рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. І гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамі Рыгі?

17

— Разумеецца, Жуль, — сказаў Кін, — пачынай рыхтаваць апаратуру да пераходу. І паведамі дамоў, што мы гатовыя. Аб'ект апазнаны.

Кін дастаў з апарата шарык і пайшоў да дзвярэй.

— Я з вамі? — сказала Ганна, пра якую ўсе забыліся.

— Як вы сабе хочаце, — адказаў Кін абыякава. Ён хутка выйшаў у вялікі пакой. Там было занадта светла. Мухі кружыліся над вазачкай з цукеркамі. У адчыненае акно ўліваўся вецярок, матляючы фіранку. Ганна падышла да акна і выглянула, амаль гатовая да таго, каб убачыць каля ручая шатры мечаносцаў. Аднак там гулялі ў футбол хлапчукі, а далёка на ўскрайку лесу, адкуль учора выйшаў злашчасны статак, лапатаў маленькі трактар.

— Гэта партрэт епіскапа? — спыталася Ганна, гледзячы, як Кінавы пальцы ператвараюць шарык у пласцінку. — Не, памятаеце жоўты аркуш паперы, што паказваў рыцарам епіскап? Гэта першы ў Эўропе друкарскі адбітак. — Ён нахіліўся над сталом, чытаючы тэкст.

— Чытайце ўголас, — папрасіла Ганна.

— Варварская латынь, — сказаў Кін. — Алхімічны тэкст. Бяспечна ёй было б надрукаваць што-небудзь рэлігійнае. Навошта дражніць сабак?.. «Каб зрабіць эліксір мудрацоў, вазьмі, мой брат, філасафічнай ртуці і падагравай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва… пасля гэтага разагравай мацней, і яна стане львом чырвоным…»

Трактар спыніўся, з яго выскачыў трактарыст і пачаў корпацца ў рухавіку. Нізка праляцеў маленькі самалёцік По-2…

— «Кіпяці чырвонага льва на раскаленым пяску ў кіслым вінаградным спірце, выпары вадаасць, і ртуць ператворыцца ў камедзь, якую можна рэзаць нажом. Пакладзі гэта ў замазаную глінай рэторту і ачысці…»