— Не дай божа, не дай божа! Жахлівы будзе гнеў караля Лешкі.
— Нам жа будзе ўсё роўна.
— Хто гэтая Магда? — спыталася Ганна. — Усе пра яе гавораць.
— Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкі Белага. І ехала ў Смаленск… Давайце паглядзім, ці не ў царкве князь?
Перад расчыненымі дзвярыма сабора сядзелі калекі і жабракі.
Шар пранік цераз сцяну сабора, і Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак і ладану. Ішла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэнніка ў вышытай залатой рызе. Яго павялічаны цень пакалыхваўся, засцілаючы фрэскі — суровых чорнабародых старцаў, што глядзелі са сцен на людзей, якія напоўнілі невялікі сабор.
Раман стаяў поруч з князем, наперадзе, яны былі амаль аднолькавага росту. Губы ў чарадзея ледзь варушыліся.
— Вароты слабыя, — ціха гаварыў ён князю. — Могуць не вытрымаць. Ведаеш?
Князь зморшчыўся:
— На вуліцах біцца будзем, у лес уцячом.
— Не выйдзе. У іх на кожнага твайго дружынніка пяць чалавек. Кальчужных. Ты ж ведаеш.
— Таму што тады лепш бы і не пачынаць. Прадумай яшчэ што. Агнём іх спалі.
— Не магу. Запас скончыўся.
— Ты купі.
— Няма дзе. Мне сера патрэбна. А па яе ехаць трэба далёка.
— Тады чаруй. Ты чарадзей.
— Чарамі не дапаможаш. Не чарадзей я.
— Калі не чарадзей, то чаму цябе ў Смаленску палілі?
— Зайздросцілі. Папы зайздросцілі. І манахі. Думалі, што я золата раблю…
Абодва замаўчалі, прыслухоўваючыся да свяшчэнніка. Князь перахрысціўся, потым зірнуў на суседа.
— А што зоркі гавораць? Ці выстаім, пакуль літва прыйдзе?
— Баюся, не дачакаемся. Ордэн наўрад ці будзе адкладваць штурм.
— Выстаім, — сказаў князь. — Павінны выстаяць. А ты думай. Найперш з табою расправяцца. Ці спадзяешся на старую дружбу?
— Няма ў мяне з імі дружбы.
— Тады расправяцца. І яшчэ скажу. Ты на польскую князёўну вачэй не вылуплівай. Не па табе тавар.
— Я з княжага роду, брат.
— А яна каралеўскай крыві.
— Я сваё месца ведаю, брат, — сказаў Раман.
— Хітруеш. Ды бог з табою. Толькі не ўздумай бегчы. І чарадзейства не дапаможа. Яцвягаў за табою пашлю.
— Не пагражай, — сказаў Раман. — Мне пара ісці.
— Ты куды? Поп не закончыў.
— Я Акіплешу на торг пасылаў. Чакае ён мяне. Працаваць трэба.
— Ну ідзі, толькі непрыкметна.
Раман павярнуўся і стаў асцярожна праціскацца назад. Князь паглядзеў услед. Ён усміхнуўся, але ўсмешка была нядобрая. Раман знік у змроку.
Кін вывеў шар з сабора, і той завіс над цвінтаром, дзе чакалі канца службы, курчыліся пад змрочным мокрым небам калекі і жабракі. Раман хутка выйшаў з прачыненых дзвярэй. Паглядзеў на плошчу. Там кульгаў блазан, прыціскаючы да грудзей гліняную міску і ружовы абпалены гаршчок.
— Цябе па смерць пасылаць, — сказаў Раман.
— Не бі мяне, дзядзечка, — заверашчаў блазан, выскаляючыся. — Госці пазачынялі лаўкі — ворага чакаюць, прыйдзе немец, зноў гандляваць пачнуць. Што госцю? Мы на віселіцу, а ён — весяліцца.
Раман шпарка пайшоў цераз плошчу. Блазан за ім, пакульгваючы, горбячыся. Мінулі калодзеж, конавязь, павярнулі ў вузкі, дваім не размінуцца, завулак. У канцы яго, каля вала, у плоце былі нізкія вароты. Раман пастукаў тры разы кулаком. Адкрылася вочка. Потым павольна расчыніліся дзверы. Там стаяў стражнік у кароткай кальчузе, скураной шапцы і доўгіх портках. Ён адступіў убок, прапускаючы Рамана. Цесны двор, зарослы травою, некалькі валуноў, якія ляжалі вакол выпаленай ямы… Раман на драўляных мастках перасек двор, падняўся на ганак прыземістага дома з бярвенняў на падмурку. Адчыніў дзверы, тузануў за колца, якое было ўстаўлена льву ў мызу.
У святліцы Раман шпурнуў плашч у рукі прыгожаму чарнаброваму хлопцу, які падбег да яго.
— Ты чаго чакаеш? — спытаўся ён у блазна. Блазан паставіў на падлогу міску, узяўся за клямку ў падлозе, пацягнуў на сябе века люка, адчыніўся лаз у падвал. Раман спусціўся першы. За ім блазан і чарнабровы хлопец.
Сутарэнне было прасторнае, асвятлялася з акенцаў пад самаю столлю. На палічках стаялі запаленыя каганцы з тлушчам. Агеньчыкі адлюстроўваліся ад рэтортаў, слаёў з мутнага, грубага шкла, ад гліняных місак, медных сасудаў, злучаных металічнымі і шклянымі трубкамі… У нізкай з вялікай пашчай печы гарэў агонь, каля яе стаяў голы да пояса жылісты мужчына ў скураным фартуху. Пачуўшы крокі, ён аглянуўся.
— Студзі патроху, — сказаў Раман, зазірнуўшы ў печ.
Блазан зірнуў у печ з-пад локця чарадзея і сказаў:
— Даўно пара студзіць.