— Ведаем, — сказаў мужчына. У яго былі доўгія вусы, чорныя, блізка пасаджаныя вочы. Рэдкія валасы спадалі на лоб, і ён увесь час адгортваў іх за вушы.
— Хутка ордэн на штурм пойдзе, — сказаў Раман.
— Астудзіць не паспеем, — адказаў той. — А шкада.
— Студзі, — сказаў Раман. — Невядома, як лёс паверне. У мяне няма сілы каторы раз усё збіраць і будаваць.
— А ты, дзядзечка, епіскапу ў ногі пакланіся, — сказаў блазан. — Абяцай лёс даведацца, золата здабыць. Ён і пашкадуе.
— Нікчэмнасць і ўбоства думкі, — сказаў Раман.
— Па-мойму, што ўбоства думкі, што яе празмернасць — усё бязглуздзіца, розумам чыніць — розуму не трэба, — сказаў блазан. Падышоў да доўгага стала, пераліў з адной шклянкі ў другую — пайшоў едкі дым.
Раман адмахнуўся, зморшчыўся. Жылісты мужчына адступіў да печы.
— Ты што, — абурыўся Ранан. — Атравіць нас хочаш?
— А можа, так і трэба? Ты дзяўчыну пакахаў, а табе не дазволена, я шклянку пераліў, а мне не дазволена, князь епіскапу пярэчыць, а яму не дазволена. Вось бы вас усіх і адправіць на той свет?
— Маўчы, дурань, — сказаў Раман стомлена, — лепш бы прываротнага зелля накапаў, чым лайдачыць.
— Не, — крыкнуў блазан, падбягаючы да стала і задзіраючы галаву, каб зблізку паглядзець на Рамана. — Не разумею цябе, дзядзечка, і разумны ты ў нас, і слаўны на ўсю Эўропу — навошта табе князёўна? Наша справа — берагчы горад, золата здабываць, месца знаць.
— Маўчы, смерд, — сказаў Раман. — Маё месца сярод каралёў і князёў. І паводле роду, і па ўладзе, і па розуме!
Хлопец глядзеў на Рамана.
— Зробленае, перадуманае не магу кінуць. Ува мне вялікія тайны жывуць — недагавораныя, недакончаныя. — Раман шырокім жэстам абвёў сутарэнне.
— Значыць, так, — сказаў блазан, падскочыўшы, пасмейваючыся і размахваючы бутэлечкай, бессаромны і нахабны, — значыць, ты ад дзяўчыны адмаўляешся, дзядзечка, дзеля гэтых бутэлечак? Будзем дома сядзець, чарапкі берагчы. Пакуль ландмайстар з мячом не прыйдзе.
— Але як усё зберагчы, — прашаптаў Раман, абапёршыся кулаком на стол. — Скажы, як выратаваць? Як адцягнуць час?
— Не атрымаецца, дзядзечка. Адзін асёл хацеў з дзвюх кармушак жэрці, як эліны казалі, ды з голаду здох, не прыдумаў, з якой пачаць.
Раман дастаў з палічкі бутэлечку.
— Ты ўсё памятаеш?
— Калі дзяўчыне даць выпіць тры каплі, на край свету пойдзе. Дай сам адап'ю. Рамана палюблю, ногі яму цалаваць буду, замуж за яго пайду…
Хлопец зарагатаў і тут жа збянтэжыўся пад Раманавым позіркам.
— Хопіць, чортава насенне! — выбухнуў чарадзей. — Забыўся, што я цябе з гнілой ямы выкупіў?
— Памятаю, дзядзечка, — сказаў блазан. — Ой як памятаю!
— Усё-такі ён падобны на малпу, — сказала Ганна. — На злосную малпу. У ім ёсць штосьці здрадніцкае.
— Баярын! — сказаў жылісты мужчына. — А што з вогненным гаршком рабіць?
— Гэта цяпер не патрэбна, Мажэй, — адказаў Раман.
— Ты казаў, што мяне пашлеш, — вымавіў Мажэй. — Божыя дваране ўвесь мой род выразалі. Не магу забыць. Ты абяцаў.
— Божа! — Раман сеў на лаву, стукнуўся локцямі аб стальніцу, абхапіў галаву рукамі. — Глупства гэта ўсё, нікчэмнасць!
— Шаноўны, — сказаў Мажэй з тупой настойлівасцю, — ты абяцаў мне. Я пайду і заб'ю епіскапа.
— Няўжо не разумееш, — амаль крычаў Раман, — нічым мы горад не выратуем! Не спалохаюцца яны, не адступяць, іх у пяць разоў больш, у іх сіла, ордэн. Эўропа, Магдэбург, папа… Конрад Мазавецкі ім войска дасць, дацкі кароль чакае не дачакаецца. Вы ж цёмныя, вам здаецца, што ўвесь свет вакол нашага гарадка сышоўся! Я і вежу паліць не хацеў… Вячка мяне прыціснуў. Лепш змірыцца, ордэну кроў не патрэбна, ордэн бы князю горад пакінуў… Хіба вам крыві мала!
— Ты загаварыў інакш, баярын, — сказаў Мажэй. — Я з табою заўсёды быў, таму што верыў. Можа, я іншых гарадоў не бачыў — нашыя жамойцкія гарадкі па лясах раскіданы, але пакуль ордэн на нашай зямлі, мне не жыць. Мы ордэн не клікалі.
— Змагацца таксама трэба з розумам, — стукнуў кулаком па стале Раман. — Сёння ноччу яны на прыступ пойдуць. Возьмуць горад, могуць не злітавацца. Калі мы паднімем руку на Альберта — яны ўсіх нас выражуць. І дзяцей, і жанчын, і цябе, блазан, і мяне…
— Я заб'ю епіскапа, — сказаў Мажэй.
— А я, дзядзечка, — сказаў блазан, — з табою не згодны. Авечкі добрыя, а авечак ваўкі ядуць.
— Маўчы, раб! — узлаваўся Раман. — Я цябе дзесяты год кармлю і ратую ад бед. Калі б не я, цябе ўжо тройчы павесілі б.
— Правільна, дзядзечка, — раптам засмяяўся блазан. — Часам я глупства скажу, затое разумныя не здагадаюцца. Рабом я быў, рабом памру, затое сумленне мучыць не будзе.