Выбрать главу

— Чым балбатаць, лепей пайдзі да князёўны, — сказаў Раман жорстка. — Дасі ёй прываротнага зелля. Так, каб старая не заўважыла.

— І гэта геній, — уздыхнула Ганна.

— А што? — спытаўся Кін.

— Верыць у прываротнае зелле…

— Чаму ж не? І ў дваццатым стагоддзі вераць.

— Іду, — сказаў блазан, — толькі ты да немцаў не збяжы.

— Заб'ю. Ты даўно гэтага заслугоўваеш.

— Заб'еш, ды не сёння. Сёння я яшчэ патрэбны. Толькі дарма ты епіскапа беражэш. Ён табе дзякуй не скажа.

Блазан падхапіў бутэлечку і лоўка ўскараскаўся наверх. Мажэй вярнуўся да печы, памяшаў там качаргою, доўга маўчаў. Раман прайшоўся па пакоі.

— Не, — сказаў ён сам сабе. — Усё не так. Як я змарыўся ад глупства чалавечага.

Хлопец прысеў каля сцяны на кукішкі. Раман вярнуўся назад да стала.

— Можа, паглядзець за блазнам? — спыталася Ганна.

— Мне цяпер важней Раман, — сказаў Кін.

— Падыдзі сюды, Глузд, — сказаў Раман, аглядаючыся.

Хлопец лёгка ўстаў, зрабіў крок і тут жа азірнуўся.

Раман рэзка ўзняў галаву, паглядзеў туды ж. Ускочыў з-за стала. Мажэя ў пакоі не было. Раман тут жа кінуўся за печку. Там былі нізкія масіўныя дзверы. Яны былі прачыненыя. — Глузд, куды глядзеў? Мажэй збег!

— Куды збег? — не зразумеў хлопец.

— Ён жа з гаршком збег. Ён жа епіскапа забіць хоча! — Раман штурхнуў дзверы, зазірнуў усярэдзіну, ляпнуў сабе па баку, дзе вісеў кароткі меч, выхапіў яго з ножнаў і знік у праёме.

Хлопец застаўся звонку, заглянуў у ход, і Ганна ўбачыла, што яго спіна расце, запаўняе экран. Стала цёмна — шар працяў хлопца, пранёсся ў цемры, і яна здавалася бясконцай, як здаецца бясконцым чыгуначны тунель, а потым наступіў бэзавы дажджлівы вечар. Яны былі на метраў сто ад крапаснога вала ў нізіне, парослай хмызняком. Паміж нізінай і крэпасцю паволі ехалі верхам два нямецкія ратнікі, паглядваючы на гарадскую сцяну. На вуглавой вежы пагойдваліся шлемы стражнікаў.

Раптам у схіле нізіны ўтварылася чорная дзірка — адкінуліся ўбок дзверы, укрытыя звонку дзёрнам. У дзвярах стаяў Раман. Ён уважліва агледзеўся. Дождж памацнеў і мутнаю сеткаю засланяў яго твар. Нікога не ўбачыўшы, Раман адступіў, зачыніўшы за сабою дзверы. Перад вачыма быў парослы хмызняком схіл. І ніякіх слядоў ад дзвярэй.

Кін вярнуў шар у падвал, на імгненне абагнаўшы Рамана.

Хлопец, які так і стаяў у дзвярах падземнага хода, адляцеў убок — Раман адштурхнуў яго, кінуўся да стала. Хлопец падышоў, спыніўся ззаду. Раман ірвануў да сябе ліст пергаменту і хутка пачаў пісаць.

— Стукаюць, — сказаў Кін. — Ганна, чуеш?

У дзверы стукалі.

Раман згарнуў ліст у трубку, падаў хлопцу.

Ганна зрабіла намаганне, каб вярнуцца ў дваццатае стагоддзе.

— Зачыні дзверы, — хуткім шэптам сказаў Кін. — І хоць памры, каб ніхто сюды не ўвайшоў. Мы не можам перапыніць працу. Праз паўгадзіны я адыходжу ў мінулае.

— Ёсць, капітан, — сказала Ганна таксама шэптам. Каля дзвярэй яна аглянулася. Кін сачыў за шарам, Жуль — за прыборамі. Яны спадзяваліся на Ганну. Хлопец Глузд узяў трубку пергаменту, слухаў, што гаварыў яму Раман.

За дзвярыма стаяў дзед Генадзь. Гэтага Ганна і баялася.

— Ты чаго замыкаешся? — сказаў ён. — Па тэлевізары французскі фільм паказваюць пра сярэдневяковае жыццё. Я па цябе.

— Ой, у мяне галава баліць! — сказала Ганна. — Зусім не магу з хаты выйсці. Легла ўжо.

— Як легла, — здзівіўся Генадзь. — Паветра ў нас свежае, ад яго і баліць. Хочаш, гарчычнікі пастаўлю?

— Ды я ж не прастудзілася. У мяне галава баліць, стамілася.

— А можа, па чарачцы? — спытаўся дзед Генадзь.

Ганна не магла ўпусціць дзеда ў сені, дзе на падлозе былі відаць сляды Жулевай працы.

— Не, дзякуй, не хочацца.

— Ну тады я пайшоў, — сказаў дзед, не робячы ні кроку. — А то французскі фільм пачынаецца. А гэтыя не вярталіся? Рэстаўратары?

— Не, яны ўжо на станцыю паехалі.

— А «газіка» такі спачатку не было, а потым узяўся. Дзіва. Тут хіба «газік» пройдзе?

— Яны з пагорка прыехалі.

— Я і кажу, што не праедзе. Але людзі прыемныя,

адукаваныя. Вывучаюць нашае мінулае.

— Я пайду лягу. Можна?

— Ідзі, вядома, хіба я трымаю, а то фільм пачынаецца. Калі хочаш, то прыходзь, я глядзець буду.

Нарэшце дзед пайшоў. Ганна не стала чакаць, пакуль ён міне веснічкі, — кінулася назад у халодную святліцу. За час яе адсутнасці сцэна ў шары памянялася. Яна ўяўляла сабой верхні паверх церама, у кутнім пакоі была толькі польская князёўна Магда. Ганна не адразу ўбачыла, што на падлозе, склаўшы накрыж ногі, сядзіць блазан.