— Я б вас ніколі не пазнала, — сказала Ганна.
— Дзякуй, — адказаў Кін.
— А чаму змяя?
— Гэта вуж. Я літоўскі воін, з Раманавай аховы.
— Але яны ж адзін аднаго ведаюць.
— Цяпер цёмна. Я не буду высоўвацца на пярэдні план.
— А я кавы згатавала, — сказала Ганна.
— Кавы? Будзьце ласкавы, наліце Жулю.
Жуль ужо сабраў адзін з пультаў, зачыніў чамадан і вынес у сенцы. Сам вярнуўся да пульта сувязі.
— Жуль, — сказала Ганна, — выпі кавы.
— Дзякуй, — сказаў Жуль, — пастаў, калі ласка, на столік.
Ганна паставіла кубачак пад выключаны шар. Калі не патрэбна, лепш не набівацца. У сенцах яе дагнаў Жулеў голас.
— Мне шкада будзе, што я вас больш не пабачу, — сказаў ён. — Такая ў нас праца.
— Такая праца, — усміхнулася Ганна, паварочваючыся да яго. Яна была яму ўдзячная за жывыя словы.
Кін стаяў на кухні, сёрбаў каву.
— Вам жа нельга! — не стрымалася Ганна.
— Вядома, лепш не піць. Толькі вось вам не хапіла.
— Нічога, я яшчэ сабе згатую.
— Правільна, — сказаў Кін.
20
Выхад у мінулае ледзь быў не сарваўся. Яны ўсе стаялі ў сенцах над чамаданамі і скрынкамі. І зноў пачуўся стук у дзверы.
— Хто? — спыталася Ганна.
— У цябе ўсё ў парадку? — запытаў дзед Генадзь.
— А што?
— Галасы чую, — сказаў дзед.
Кін кінуўся ў кухню. Жуль зачыніўся ў тыльным пакоі. Ганна марудзіла з засаўкай.
— У мяне радыё, — сказала яна. — Радыё я слухала. Я ўжо зноў легла.
— Спаць легла, а святло не тушыш, — прабурчаў дзед. — Я табе анальгіну прынёс.
— Навошта мне анальгін?
— Ад галавы, вядома. Хіба не скардзілася?
Прыйшлося адчыніць. На вуліцы павяваў вільготны вецярок. Яркі месяц асвятляў дзедаў капялюш. Дзед імкнуўся заглянуць Ганне за спіну, але ў сенцах было цёмна. Пачак таблетак быў цёплы, нагрэўся ў дзедавай жмені.
— Турбуюся я за цябе, — сказаў ён. — Увогуле ў нас мясціны цііхя, бандытаў, зразумела, няма, чым ім цікавіцца, але нейкае да цябе ёсць небяспечнае прыцяжэнне.
— Я не баюся. Дзякую за лекі. Дабранач.
Ганна хуценька зачыніла дзверы, падумаўшы, што, калі дзед пакрыўдзіўся, у яе будзе даволі часу з ім зладзіць… Дзед яшчэ пастаяў на ганку, паўздыхаў, потым зарыпелі прыступкі. Кі падышоў да акна ў сенцах — дзед паціху ішоў па сцежцы.
— Дзякуй, Ганна, не ведаю, што б мы без цябе рабілі, — сказаў Кін.
— Не крывіце душой. Ён прыходзіць менавіта таму, што я тут. Не было б мяне, ён бы і не западозрыў.
— Ваша праўда, — сказаў Кін.
Ён прайшоў, мякка ступаючы, у халодны пакой. Кін уключыў шар і павёў яго з святліцы польскай князёўны, цяпер цёмнай, на двор, цераз залітую дажджом плошчу, мінаючы конавязь, дзе пераміналіся мокрыя коні, мінаючы калодзеж, у закутак, да Раманавай хаты. За плотам, у двары шар апусціўся да зямлі і спыніўся. Кін выпрастаў рукі са століка, перайшоў у другі куток пакоя, дзе стаяла тонкая металічная рама, пад ёю блішчала платформачка, падобная на падлогавыя вагі. Паветра ў раме ледзь варушылася.
— Давай напругу, — сказаў Кін.
— Адну хвілінку, — сказаў Жуль. — Дай я прыму рэчы, а то потым не будзе калі адхінуцца.
За спіной у Ганны зашапацела, пстрыкнула. Яна павярнулася і ўбачыла, як знік адзін чамадан — з лішняй вопраткай, потым другі, з пультам. Сенцы апусцелі. Кін ступіў у раму. Жуль падсунуў табурэцік бліжэй да шара і нацягнуў на левую руку пальчатку.
— Пачынаецца ювелірная праца, — сказаў ён.
Кін зірнуў на Ганну, як ёй здалося, дзіўна — ён быццам не зразумеў, з кім размаўляе Жуль.
— Увага, — сказаў ён.
Шар быў скіраваны ў пусты двор. Пад невялікаю паветкай ля веснічак скурчыўся, відаць, драмаў, стражнік, падобны да Кіна.
— Крыху бліжэй пад хлеў, — сказаў Кін.
— Асцярожна, — сказаў Жуль, — жадаю шчасця.
Кін падняў руку. Пачулася моцнае гудзенне, нібыта ў пакой заляцеў пчаліны рой. І Кін знік.
21
І тут жа Кін апынуўся ў двары. Усвядоміць гэты пераход было няцяжка, таму што Кін быў адзеты адпаведна таму часу і месцу.
Ён выйшаў з ценю хлява — на дварэ стаяла такая цемра, што можна было толькі ўгадваць постаці. Кволае святло прабівалася з шчылін дзвярэй у хляве. Кін слізгануў туды, ледзь адчыніў дзверы — лучына асвятляла нізкае памяшканне, на нізкім палку гулялі ў косці два стражнікі. Кін пайшоў да варотаў. Стражнік каля іх стаяў нерухома. У той момант, калі Кін быў зусім побач са стражнікам, тры разы стукнуў у дзверы — на той бок плота стаяў Раман, каля яго ног, як згорблены сабачка, — блазан Акіплеша. Стражнік уздыхнуў, пацягнуўся ў сне. Кін хутка накіраваўся да варотаў, выглянуў, пазнаў Рамана і адцягнуў засаўку.