— Ні халеры не відаць, — прамармытаў Раман.
— Я правяду да дзвярэй, — сказаў Кін. — Ідзіце за мною.
— У такую цямрэчу можна выйсці, — сказаў Раман блазну. — Між іншым, частку дабра б мы вынеслі.
— А далей што? — спытаўся блазан. — Будзеш, дзядзечка, па лесе чарапкі свае насіць, мядзведзяў карміць?
— Не спяшайся, у гразь уступлю, — сказаў Раман Кіну. Ён ішоў па драўляных мастках, трымаючыся за крысо яго плашча.
Ганна раптам хмыкнула.
— Ты чаго? — спытаўся Жуль.
— Ведаў бы Раман, што калегу за крысо трымае.
— Лепш, каб не ведаў, — сур'ёзна адказаў Жуль.
— Ты чаго гэта падглядваў, дзядзечка? — спытаўся блазан. — Не паверыў, што дам каханай зелля?
— Яна прыйдзе да мяне?
— Спытайся ў каго разумнейшага!
Зарыпелі прыступкі ганка. У дзвярах, якія адчыніліся, акрэсліліся постаці людзей.
Кін адразу адступіў убок. Данёсся блазнаў голас:
— Штосьці гэтага ратніка не памятаю.
— Яны ўсе на адзін твар, — сказаў Раман.
Праз шчыліну дзвярэй было відаць, як блазан адкінуў люк у склеп. Заглянуў усярэдзіну. Выпрастаўся.
— Мажэй не вяртаўся, — сказаў ён.
Голас яго раптам задрыжаў. Ганна падумала, што і блазны стамляюцца быць блазнамі.
— Лепш будзе, калі ён не вернецца, — сказаў Раман.
— Розум пакідае цябе, баярын, — сказаў блазан жорстка. — Мажэй аддана служыў табе шмат гадоў.
— Горад не выстаіць, нават калі ўся літва прыйдзе на дапамогу.
— Калі загіне епіскап, будзе справядліва.
— І рыцары адпомсцяць нам люта. Мы загінем.
— Мы выйграем дзень. Прыйдзе літва.
— Я думаю пра самае галоўнае. Я на парозе тайны. Яшчэ дзень, тыдзень, месяц — і сакрэт філасофскага каменя ў мяне ў руках. Я стану вялікі… Князі дзяржаваў і царквы будуць у мяне ў нагах… Ніхто не адважыцца адабраць у мяне Магдалену.
— Дурань, — сказаў спакойна блазан, — разумны, а дурнейшы за мяне. Епіскап…
— А што, епіскапу золата не патрэбна? Улада не патрэбна? Епіскап будзе берагчы мяне, як залатую птушку.
— Але ў клетцы, дзядзечка.
— Умовы будуць мае.
— Птушка ў клетцы загадала гаспадару яду падаваць?
— Будуць падаваць. Як міленькія.
— Рыцары прыб'юць цябе, не будуць разбірацца…
— Епіскап ведае, што я тут. Не дасць мяне ў крыўду.
— А ты яго таму беражэш?
— Гэта праўда. Не дзеля мяне — дзеля вялікай тайны.
— Ой, баярын, загляні сабе ў душу. Хіба не страшна?
— Страшна, страшна… страшна! — Тады ўцякай! Усё кідай! Раман раптам выхапіў нож.
— Я заб'ю цябе!
— Нельга! — крыкнуў блазан. З нечаканым спрытам ён пераскочыў цераз адчынены люк, перад слаба асветленай пашчай якога спыніўся Раман. Ухмылка не знікла з яго твару. Ён кінуўся на двор, Кін ледзь паспеў адхіліцца. На ганку блазан спыніўся, нібы не разумеючы, як там апынуўся, потым натапырыўся, увабраўшы галаву ў шырокія плечы.
— Дожджык, — сказаў ён, — дожджык які… Да скону свету дожджык… Жыцця няма, праўды няма, адзін дожджык.
Зарыпелі прыступкі. Блазан выйшаў на двор…
Кін стаяў пасярод верхняй святліцы. Раман спусціўся ў склеп, але люк застаўся адчынены.
Кін асцярожна заглянуў у люк, і шар, завіснуўшы над ім, глядзеў тудысама.
Раман стаяў каля стала, пастукваючы кончыкамі пальцаў па яго краі. Раптам ён сцепануўся. Ён убачыў, што каля печы, у якой ужо патухла, стаіць змерзлы мокры хлопец.
— Ты чаму маўчыш? — спытаўся Раман.
— Я не дагнаў яго, — сказаў хлопец.
— Я і не чакаў, што ты яго дагоніш. А там ты быў?
— Я быў, — адказаў хлопец.
— Што сказалі?
— Сказалі, апоўначы.
— Ты грэйся, грэйся, — сказаў Раман. — Потым дапаможаш мне.
— Дрыжыкі бяруць мяне, — сказаў хлопец. — Ці прыме нас ордэн?
— Ты не бойся. Мяне ўсюды ведаюць. Мяне ў Венецыі ведаюць. І ў Магдабурзе, і ў Майнцы ведаюць… мяне забіць нельга…
У гэты момант усё і здарылася.
Шар вісеў над самай галавою ў Кіна. Таму адразу было незразумела, хто стукнуў Кіна ззаду. На імгненне выява ў шары прапала, потым узнік здзіўлены Кінаў твар, які імкнуўся павярнуцца і тут жа страціў раўнавагу і рухнуў у люк, павольна спаўзаючы ў падвал па прыступках лесвіцы.
— Стой! Ён жа разаб'ецца!
Зверху мільгануў аркан — за секунду блазан паспеў дастаць і кінуць яго так, што вяроўка абхапіла Кіна за плечы і спыніла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кіна апусцілася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубінай — у другой. Раман і хлопец адхіснуліся ад люка, замерлі. Раман першы скеміў, што да чаго.