Ганна прыслухалася. Церам жыў начным жыццём — скрыпам дошак у падлозе, піскам мышэй на гарышчы, аддаленым лязганнем зброі, вокрыкам вартавога ля ганка, лёгкім шорганнем крокаў… Князёўна замармытала ў сне. Было душна. У трынаццатым стагоддзі не любілі расчыняць вокны.
Князёўніна сукенка гучна зашалясцела. Надзяваць яе прыйшлося знізу — вышэй таліі яна сцягвалася тасёмкамі. На грудзях сукенка цеснаватая — няхай сабе, пацерпім. Цяпер вельмі важна — хустка. Яе трэба завязаць так, каб не было відаць валасоў. Дзе шапачка — пляскатая з залатым абручом? Ганна ўзяла каганец, пасвяціла над сталом, у кутку знайшла шапачку. Цяпер каб люстэрка, — як дрэнна выпраўляцца ў мінулае ў такой спешцы. «Строі нам павінны быць да твару, — падумала Ганна, — але як шкада, што інфармацыю давядзецца чэрпаць з чужых вачэй». Вядома, у князёўны дзесьці ёсць люстэрка на доўгай ручцы, як у казках, але няма часу шнарыць па чужых куфрах. Ганна сунула нагу ў боцік. Боцік засеў на шчыкалатцы — ні туды ні сюды. За перагародкай нехта заварочаўся. Жаночы голас. Спытаў па-русінску:
— Ты што, Магда, не спіш?
Ганна разгубілася, адказала не адразу.
— Сплю, — сказала яна ціха.
— Спі, спі, — гэта быў цётчын голас. — Можа, чаго даць?
Цётка цяжка ўздыхнула.
Ганна адказалася ад думкі пашпацыраваць у боціках. Нічога, сукенка доўгая. Які жаль, што дамы ў той час не насілі вуаль… Зрэшты, наша трагедыя адбываецца пры цьмяным штучным асвятленні, тут і родную маці не пазнаеш. Ганна агледзела сябе яшчэ раз — можа, што-небудзь забылася? Лёгенька падняла князёўніну руку і паклала на куфар — каб не здранцвела. Падумала, што цяпер Жуль, напэўна, аблаяў яе апошнімі словамі. Навошта непатрэбная рызыка! Ганна адчувала дзіўную блізкасць, амаль роднасць з дзяўчынай, якой і ў галаву не магло прыйсці, што яе сукенку надзела на сябе другая, тая, што будзе жыць праз шмат соцень гадоў…
— Нічога, — прашаптала яна, старанна варушачы губамі, каб Жуль бачыў, — яна моцна спіць.
Ганна прашмыгнула да дзвярэй — у суседнім пакоі надта заскрыпела, і голас цёткі, якая ўжо зусім прачнулася, паведаміў:
— Я да цябе іду, дзяўчынка, не спіцца мне…
Ганна тузанула на сябе дзверы. Дзверы не паддаліся. Босыя ногі дакрануліся да падлогі — як усё чуваць у гэтым доме? — цётка скінула нешта. Туп-туп-туп — яе крокі. Праклятае колца ў ільвінай пашчы — гэта стары чараўнік дзед Генадзь ва ўсім вінаваты… Ганна здагадалася павярнуць колца. Ззаду таксама адчыніліся дзверы, але Ганна не стала аглядвацца, — нагнуўшыся, каб не разбіць галаву, шмыганула ў цемру калідора. За дзвярыма бубнела цётка.
23
Першы чалавек, які трапіўся Ганне, быў стражнік ля ўвахода ў церам. Ён стаяў каля поручняў ганка, глядзеў на зарыва, што трапяталася за сцяною горада, прыслухоўваўся да далёкага шуму на сценах. Стражнік аглянуўся. Гэта быў пажылы мужчына, кальчуга яго была распорана на грудзях і сяк-так забэрсана скураным раменьчыкам.
— Што гарыць? — спыталася Ганна, не даючы яму абдумаць, дзеля чаго гэта польская князёўна шпацыруе па начах. Зрэшты, стражніку было не да яе: адчуванне навіслай пагрозы авалодала ўсімі гараджанамі.
— Стагі гараць — на балоце. Я так думаю. Дождж амаль сціх, але завулкі за пляцам патаналі ў цемры. Адсюль, з ганка, усё выглядала не так, як у шары, і Ганна засумнявалася, куды ісці. Можа, таму, што халодны і вільготны вецер, гукі і дыханне горада прымусілі ўсё ўспрымаць інакш. Перад ёю быў ужо не тэлевізар.
— Пачакай, — сказаў стражнік, толькі цяпер скеміўшы, што полька збіраецца ў горад. — Нядобры час гуляць.
— Я вярнуся, — сказала Ганна.
Яе цень, тонкі, гнуткі, доўгі, бег перад ёю па мокрай зямлі плошчы.
— Калі на сцяне будзеш, — крыкнуў услед ратнік, — паглядзі, гэта стагі гараць, ці што?
Ганна мінула калодзеж, плошча звузілася, — сабор здаваўся ружовым. Тут ад галоўнай вуліцы павінен адыходзіць завулак да Раманавай хаты. Ганна ткнулася
туды — спынілася. Яна больш не была назіральнікам і стала часткай гэтага свету.
Ууу — загуло наперадзе, нібы нейкі страшны звер высоўваўся з цемры. Ганна кінулася ўбок, стукнулася ў плот. Роў ці стогн нарастаў, і Ганна, не могучы больш таіцца, павярнула назад да церама — там быў стражнік.
З завулка паказаўся страшны абадраны чалавек, адну руку ён прыціскаў да вачэй, і паміж пальцамі лілася кроў, У Другой была сукаватая палка, якой ён размахваў, знясілена выючы — аднастайна, нібыта спяваў. Ганна пабегла да церама, коўзаючыся па гразі і баючыся крыкнуць, баючыся прыцягнуць да сябе ўвагу. П'яныя, няўпэўненыя, пагрозлівыя крыкі чалавека з дубінаю набліжаліся, да іх прымешваўся мерны грукат, тупат, крык, але не было дзе схавацца, і дзесьці знік, як у кашмары, стражнік каля ганка — ганак быў чорны і пусты, як і сам церам.