Выбрать главу

Блазан падышоў да адчыненага люка і спыніўся так, што з сярэдзіны яго было цяжка ўбачыць.

— Ці будзе лепшы час? — спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўніз. — Ці будзе добры час, ці смертаносныя коннікі ўжо скачуць па нашай зямлі?

— Будзе, — сказала Ганна. — Павінен быць.

Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружыліся яго плечы і кароткая шыя. Яна зрабіла крок наперад, заглянула ўніз, у сутарэнне. Раман прынік да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кін ззаду.

— Адыдзіся, — адмахнуўся ад яго Раман.

Кін паслухмяна адступіў на некалькі крокаў.

У дзверы стукнулі два разы. Потым яшчэ тры разы.

— Я так і ведаў! — прашаптаў блазан. — Я ведаў… Трэба было бегчы да князя!

Раман адсунуў засаўку, і цяжкія дзверы адчыніліся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.

Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:

— Усё ў парадку?

— Усё, — адказаў Раман. — Як там каля варотаў?

— Хутка рухнуць, — сказаў Фрыдрых. — Хутка.

Ён накіраваўся назад у цёмны праход і крыкнуў штосьці па-нямецку. Раптам блазан завішчаў, як параненая жывёліна, і скочыў уніз, мінаючы лесвіцу, з двухметровай вышыні, і ўмомант апынуўся каля дзвярэй, імкнучыся дацягнуцца да засаўкі.

Раман першы скеміў, у чым справа, і схапіўся за тронкі нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож і блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так і не паспеўшы зачыніць дзверы, а ў руцэ ў яго блішчаў штылет…

— Кін! — адчайна крыкнула Ганна. — Не той!

Кін павярнуўся да яе. Вочы ў качэўніка зрабіліся вузкімі шчылінкамі. Голас яго быў ціхі, але страшны, і непадпарадкавацца было нельга:

— Ідзі зараз жа.

Ганна зрабіла крок па лесвіцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кіну…

— Націсні на прысоску! Загубіш усё!

І Ганна, амаль не разумеючы, што робіць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыі…

І ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалілася, знікла, бясконцая бездань часу захапіла яе і панесла цераз цемру, між недарэчных і незразумелых прывідаў: лавіна конскіх мызаў і капытоў неслася на яе праз агонь, які вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвістаў вецер, данесліся абрыўкі музыкі…

Ганна стаяла ў маленькім халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, і Жуль, схіліўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:

— Зрабі крок убок! Выйдзі з поля!

Ганна паслухмяна ступіла — галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар — як акно ў падвал.

Надта маленькі ў шары блазан біўся з Раманам, і рука яго, як абцугамі, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сціскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож і крычаў штосьці, але Ганна не чула слоў.

— Не той, — сказала яна хрыпла. — Не той!

Блазан вывернуўся, і Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману і той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлі адзін за адным нямецкія ратнікі. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваім мячом… І мільгануў ценем Кін…

— Не той! — паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.

У той жа момант з шара зніклі двое: Кін і блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. І, адкінуўшы яго, рыцар апусціўся на калені над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглі наверх. І ратнікі адзін за адным пачалі падымацца па лесвіцы — жвава і спрытна…

Шар патух.

— Усё, — сказаў Жуль.

— Дзе яны? — спыталася Ганна.

— Яны прайшлі скрозь нас. Яны ўжо там, дома… Ты не ўяўляеш, як я стаміўся.

— Я таксама стамілася, — сказала Ганна.

— Дзякуй, — сказаў Жуль. — Без цябе было б не выбрацца нам.

— Не варта падзякі, — адказала Ганна. — Ты ўпэўнены, што ён забраў Акіплешу?

— Ты ж бачыла, — адказаў Жуль. Ён падняў пульт і паклаў у чамадан.

— Яны дабраліся на месца? Ты ўпэўнены?

— Безумоўна, — сказаў Жуль. — Што з імі можа здарыцца?

26

Ганна прачнулася, калі сонца ўжо хілілася на захад. У пакоі было горача, над пакінутай на стале філіжанкай кавы кружыліся восы. У пакоі стаяў дзед Генадзь.

— Выбачай, — сказаў ён. — Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклікаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, — у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я і ўвайшоў.

— Нічога, — сказала Ганна, апускаючы ногі з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.

Ганна акінула сябе позіркам — яна так і засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменніцы караля Лешкі Белага, родам са стольнага горада Кракава.

— Гэта ў Маскве так носяць? — спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасміхаецца з яе. Яна ўстала і выглянула ў сенцы. Там было пуста і чыста. Дзверы ў халодную святліцу расчынены насцеж. І там пуста. Ложак акуратна засланы.