Выбрать главу

— Мяркуючы па ўсім, — задумліва сказаў высокі бандыт, дакрануўшыся пальцам да кончыка носа, — вы нам не паверылі.

— Паверыла. — Ганна сцепанулася пад яго халодным позіркам. Гэтым і выдала сябе канчаткова. І цяпер ёй заставалася толькі бегчы. Тым больш што малады чалавек адклаў кніжку, лёгка ўстаў з канапы і апынуўся ў яе за спіною. Або цяпер, або ніколі. І Ганна хуценька вымавіла: — Мне трэба выйсці на двор.

— Чаго? — спытаўся высокі бандыт.

Ганна кінулася да прачыненага акна, нырнула ў яго галавою ўперад, насустрач начной прахалодзе, водару лугоў і паху дыму ад ляснога вогнішча. Праўда, гэтую сімфонію яна не паспела як след ацаніць, бо гусар уцягнуў яе за ногі назад у пакой. Ганна стукнулася падбародкам аб падаконнік, ледзь не выбіла свае прыгожыя, асляпляльна белыя зубы і павісла — рукамі за падаконнік, ногі навісу.

— Пусці, — прастагнала Ганна. У голасе было столькі нянавісці і прыніжэння, што скуласты бандыт сказаў:

— Пусці яе, Жуль.

Ганна сказала, прыводзячы сябе ў парадак:

— Гэтага я вам ніколі не дарую.

— Вы так рызыкавалі. Там жа пад акном крапіва.

— Парэчкі, — сказала Ганна.

— Чаму не крычалі? — дзелавіта спытаў скуласты бандыт. — Тут далёка чуваць.

— Я яшчэ закрычу, — адказала Ганна, стрымліваючы слёзы.

— Васпані, — вымавіў высокі бандыт, — супакойцеся. Мы не ўчынім вам зла.

— Тады выбірайцеся адсюль! — крыкнула Ганна нечакана віскатлівым, кухонным голасам. — Зараз жа выбірайцеся з маёй хаты! — Яна схапілася за сківіцу і дабавіла праз зубы: — Цяпер у мяне рот не будзе адкрывацца.

Скуласты бандыт паглядзеў паўзверх яе галавы і сказаў:

— Жуль, паглядзі, калі ласка, ці нельга зняць боль? Ганна зразумела, што забіваць яе не будуць, а Жуль асцярожна і цвёрда ўзяў яе за падбародак сухімі тонкімі пальцамі і сказаў, гледзячы ў вочы сваімі сінімі, акружанымі чаротам вейкаў, гусарскімі азёрамі:

— Няўжо мы робім такое цяжкае ўражанне?

— Робіце, — сказала Ганна ўпарта. — І вам прыйдзецца вымыць падлогу ў сенцах. Панастаўлялі чамаданаў…

— Гэта мы зробім, — сказаў Кін, ён жа старэйшы бандыт, падыходзячы да акна. — І, напэўна, давядзецца адкласці рашэнне на заўтра. Сёння ўсе ўсхваляваныя, больш таго, раздражнёныя. Устанем заўтра раней…

— Вы ўсё-такі намерваецеся тут начаваць? — сказала Ганна.

— А дзе ж мы дзенемся?

Ганна зразумела, што ён праўду кажа.

— Тады будзеце спаць у халодным пакоі. Толькі просцін у мяне вам няма.

— Абыдземся, — сказаў Жуль. — Я вазьму кніжку з сабою. Вельмі цікавая. Раніцай аддам. Ганна толькі адмахнулася.

— Дзе ануча? — спытаўся Кін.

— Я зараз прынясу, — сказала Ганна і пайшла на кухню.

Кін накіраваўся за ёю. Беручы анучу, ён спытаўся:

— Можа, вас задаволіць грашовая кампенсацыя?

— Каб я паехала са сваёй хаты?

— Скажам, тысяча рублёў?

— Уга, я столькі атрымліваю за паўгода.

— Значыць, згода?

— Паслухайце, у вёсцы ёсць іншыя хаты. У іх жывуць адзінокія бабулі. Гэта вам абыдзецца танней.

— На жаль, — сказаў Кін, — нас задавальняе гэтая хата.

— Няўжо пад ёю клад?

— Клад? Наўрад. А дзве тысячы?

— За гэтыя грошы вы можаце купіць тут тры хаты. Не раскідвайцеся грашыма. Ці яны дзяржаўныя?

— Іронія недарэчы, — строга сказаў Кін, быццам Ганна вучылася ў яго класе. — Грошы дзяржаўныя.

— Слухайце, — сказала Ганна, — мыйце падлогу і кладзіцеся спаць.

4

Ганне не спалася. За сцяною бурчалі няпрошаныя госці, можа, збіраліся пачаць раскопкі клада на досвітку? Урэшце-такі яна не вытрымала і выглянула ў сенцы. Ліхтарык ляжаў на палічцы — матавы апельсін свечаў на сто. «Імпартная рэч, — падумала Ганна. — Вельмі зручная ў турысцкіх паходах». Чамаданаў прыбавілася. Іх стала тры. Можа, бандыты ўжо засялілі сябровак? І ў гэты момант з лёгкім стукам пасярод прыхожай узнікла бліскучая металічная скрынка, метр на метр. За перагародкаю пачуўся голас гусара:

— Прыехалі.

Дзверы, што вялі ў халодны пакой, здрыгануліся, і Ганна, напалоханая, імгненна шмыганула ў свой пакой.

Гэта было падобна на містыку і ёй не падабалася. Рэчы так проста не ўзнікаюць. Яны ўзнікаюць, бадай, толькі ў навукова-фантастычных раманах, якія Ганна не любіла, але чытала, бо яны былі дэфіцытныя.

Бандыты яшчэ доўга перасоўвалі нешта ў сенцах, мармыталі і ўгаманіліся толькі гадзіны ў тры. Тады і Ганна заснула.