Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.
— Паехалі, значыць? — сказаў ён.
— Паехалі, — адказала Ганна.
— А я табе на памяць прынёс, — сказаў дзед. — З музея.
Ён выцягнуў з глыбокай кішэні з плашча медную львіную галаву з колцам у пашчы.
— Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.
— Дзякуй, дзядуля, — сказала Ганна. — Яны напраўду адтуль?
— А ці я ведаю? Былі б людзі добрыя.
Ганна вярнулася ў вялікі пакой. Праз адчыненае акно быў відаць круты пагорак. Каля ручая пасвілася гнядая кабыла Клеапатра.
— Грахі нашы цяжкія, — уздыхнуў дзед. — Спяшаемся, мітусімся, падарожнічаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш піць?