Выбрать главу

— Вы ўжо заўважаныя, — сказала Ганна. — І вам больш нічога не застаецца, як паведаміць мне, чым вы тут збіраецеся займацца.

— Можа быць, вы ўсё ж такі паедзеце? Паверце, гэтак усім будзе лепш.

— Не, паразважайце, а я пайшла купацца. І не ўздумайце выкідаць мае рэчы або замыкаць дзверы.

Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, і калі б не Ганніна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзіну ракі, заўважыла, як далёка аднесла яе ўніз цячэннем, павярнула назад і страціла хвілін пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакінула ручнік і кніжку.

Ганна выбралася на траву і легла на ручнік. Як назло, нічога добрага з гэтага не выйшла — наляцела некалькі нахабных сляпнёў, і настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.

— Прабачце, — сказаў Кін, сядаючы побач на траву.

— Я вас не клікала, — буркнула Ганна.

— Мы параіліся і вырашылі вам сёе-тое расказаць.

— Толькі не маніць, — сказала Ганна, насцярожыўшыся.

— Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.

— Цудоўны пачатак.

Кін з размаху пляснуў сабе па шыі.

— Сляпні, — сказала Ганна. — Тут, напэўна, каровы пасуцца.

Яна села і прыкрыла свае плечы ручніком.

— Мы павінны пачаць сёння, — сказаў Кін. — Кожная хвіліна каштуе шалёныя грошы.

— Дык не трацьце іх дарэмна.

— Мяне цешыць толькі тое, што дзяўчына вы разумная. І водгукі пра вас у інстытуце давалі станоўчыя. Праўда, вы свавольніца…

— Вы і да інстытута дабраліся?

— А што рабіць? Вы — непрадугледжаны фактар. Наша віна. Дык вось, мы жывём не тут.

— Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?

— Мы жывём у будучыні.

— Якая любата! А ў чамаданах — машына часу?

— Не іранізуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цікавіць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапіць туды, мы вымушаны зрабіць прыпынак менавіта тут.

— Я заўсёды думала, што вандроўнікі ў часе — народ патаемны.

— Паспрабуйце падзяліцца гэтай тайнай з сябрамі. Мяркую, што яны вам не павераць.

Кін адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, і адразу павеяла халадком.

— А чаму я павінна вам паверыць? — спыталася Ганна.

— Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзі. Гэта даволі неверагодна, каб прымусіць вас хоць бы задумацца.

Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэнні.

— І ў якім жа вы жывяце стагоддзі?

— Лагічнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзі на гэтым вось пагорку стаяў невялікі горад Замошша. Лапік у стракатай коўдры Русі. На ўсход ляжалі землі Полацкага княства, з захаду і поўдня жылі жамойты, леты, самагіты, яцвягі, літоўцы і іншыя плямёны і народы. А яшчэ далей на захад пачыналіся ўладанні нямецкага ордэна мечаносцаў.

— Вы археолагі?

— Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.

— Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлічыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранікаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнік?

— Не, ён геній.

— А вы адкуль ведаеце?

— Гэта наша спецыяльнасць — шукаць геніяў.

— А як яго звалі?

— Яго імя — Раман. Баярын Раман.

— Ніколі не чула.

— Ён рана загінуў. Так падае летапіс.

— Можа, летапісцы ўсё прыдумалі?

— Летапісцы шмат чаго не разумелі. І не маглі прыдумаць.

— Што, напрыклад?

— Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня… Гэта быў універсальны геній, які апярэдзіў свой час.

— І вы хочаце, каб ён не загінуў, а прадаўжаў працаваць і вынайшаў яшчэ і мікраскоп? А хіба можна ўмешвацца ў мінулае?

— Мы не будзем умешвацца. І не будзем перайначваць яго лёс.

— Што ж тады?

— Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерці. Гэта не паўплывае на ход далейшых гістарычных падзей. Зразумела?

— Н-не вельмі. Дый навошта гэта вам?

— Самае каштоўнае на свеце — мозг чалавечы. Геніі бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка…

— Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнік можа вынайсці порах.

— Памыляецеся. Чалавечы мозг быў і застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькі ўзровень адукацыі. Сёння вынаходніцтва пораху не выпадзе на долю генія. Сённяшні геній павінен вынайсці…

— Машыну часу?

— Скажам, машыну часу… Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходніка кола або пораху.

— А навошта вам вынаходнік пораху?

— Каб ён вынайшаў штосьці новае.