Выбрать главу

— Я жыла даўно… — уголас падумала Ганна. — Для вас я выкапень. Выкапень, які жыў даўным-даўно. Мамант.

— У пэўнай ступені так. — Кін не хацеў ашчаджаць пачуцці дзяўчыны. — Для мяне вы памерлі семсот гадоў назад.

— Вы ў гэтым упэўнены?

— Упэўнены. Хоць і не бачыў вашай магілы.

— Дзякую за шчырасць… Я была ўчора на могілках. Там, на пагорку. Я магу ацаніць велічыню гэтай прорвы.

— Мы хочам пераадолець яе.

— І забраць адтуль чалавека? А калі ён будзе няшчасны?

— Ён геніяльны. Геній адаптабельны. У нас ёсць практыка.

— Вы катэгарычны.

— Ні ў якім разе. Я заўсёды і ўсё правяраю сумненнем. Катэгарычны Жуль. Можа быць, таму, што малады. Ды не гісторык, а фізік-краніст.

— Вы гісторык?

— У нас няма строгага падзелу на спецыяльнасці. Мы ўмеем многае.

— Хоць у цэлым вы не змяніліся.

— Антрапалагічны тып чалавека застаўся ранейшы. Мы далёка не ўсе прыгожыя і нават не ўсе разумныя.

— Ува мне прачынаюцца пытанні, — сказала Ганна, спыніўшыся ля ганка.

Кін выняў з бочкі граблі і прыставіў да сцяны.

— Разумеецца, — сказаў ён. — Аб населенасці Сусвету, аб сацыяльным ладзе, аб войнах і міры… Выбачайце, Ганна. Я нічога не магу вам адказаць. Хоць, спадзяюся, сам факт майго прылёту сюды ўжо аптымістычны. І тое, што мы можам займацца такой дзіўнаю справай, як пошукі старажытных мудрацоў…

— Гэта нічога не даказвае. Можа, вы займаецеся пошукамі мозгу не ад добрага жыцця.

— Пры кепскім жыцці не хапае энергіі і часу на такія заняткі. А што належыць да недахопу геніяў… У веснічках паказаўся дзед Генадзь са збанком.

— Добры дзень, — сказаў ён, быццам не заўважаючы Кіна, які стаяў да яго спіною, — ты чаму па малако не прыйшла?

— Пазнаёмцеся, — сказала Ганна. — Гэта мае знаёмыя прыехалі.

Кін марудна павярнуўся.

6

Раптам і неяк дзіўна ў Кіна змяніўся твар. Ён выцягнуўся, скура абвісла, сабралася ў маршчыны; здавалася, ён адразу пастарэў гадоў на дваццаць.

— Генадзь… прабачце, не памятаю…

— Проста Генадзь, дзед Генадзь. Якім ветрам? А я вось учора яшчэ Ганне казаў: рэстаўратар Васільеў, чалавек вядомы, абяцаў мне, што не пакіне без увагі нашы мясціны, з прычыны гістарычнага інтарэсу. Але не чакаў, што так хутка.

— Ага, — ціха сказала Ганна. — Зразумела, Васільеў. Вядомы рэстаўратар з Ленінграда.

І ў гэтым, калі ўдумацца, не было нічога дзіўнага: вядома, яны бывалі тут раней, вынюхівалі, шукалі месца сваёй машыне. Сур'ёзныя людзі, вялікія стаўкі. А вось недаацанілі дзедавай страсці да гісторыі.

— І надоўга? — спытаўся дзед Генадзь. — Зараз да мяне пойдзем, гарбаты пап'ём. Як там сям'я, як супрацоўнікі? А я ўжо невялікі музей сабраў, некаторыя рэчы маюць навуковы інтарэс.

— Абавязкова, — усміхнуўся Кін чароўнай грымасай стомленага ад пастаяннай рэстаўрацыі, ад пошукаў і знаходак вялікага чалавека. — Але мы ненадоўга, праездам. Ганну праведалі.

— Праведалі, — рэхам адгукнулася Ганна.

— Правільна, — згадзіўся дзед, улюбёна гледзячы на свайго куміра, — я зараз свой музей сюды прынясу. Разам паглядзім і выслухаем вашы парады.

Кін раптам адрасаваў Ганне ўмольны позірк: ратуйце!

— Не за так, — дала знаць Ганна толькі губамі, адвярнуўшыся ад пільнага дзеда. — Мы пасля зойдзем, — сказала яна. — Разам зойдзем, не трэба музей сюды несці, можна пагнуць што-небудзь ці зламаць…

— Я асцярожна, — сказаў дзед. — Вы, пэўна, разумееце, што мой музей пакуль што не вельмі вялікі. Я некаторыя рэчы на месцах пакідаю. Адзначаю і пакідаю. Мы з вамі павінны на пагорак схадзіць, там я знайшоў дужа цікавы крыж, увесь у карункавай разьбе, належаў купцу другой гільдзіі Сумарокаву, жонка і чада яго надта скрушна тужылі ў вершах.

Ганна зразумела, што і яна бяссільная перад націскам дзеда. Паратунак прыйшоў нечакана. У сенцах зарыпела, дзверы адчыніліся. З'явіўся Жуль у скуранцы. Твар знявечаны палавецкімі вусамі.

— Цярэнцій Іванавіч, — сказаў ён шафёрскім голасам, — праз пятнаццаць хвілін едзем. Нас чакаць не будуць. — Ён спагадліва кіўнуў дзеду Генадзю, і дзед разгубіўся, таму што ад Жуля павявала ўпэўненасцю і непарушнасцю занятага чалавека.

— Так, безумоўна, — згадзіўся Кін. — Пятнаццаць хвілін.

— Паспеем, — сказаў дзед хуценька. — Паспеем. Паглядзім. А машына няхай да мяне пад'едзе. Дзе яна?

— Там, — няпэўна махнуў рукою Жуль.

— Зразумела. Значыць, чакаем. — І дзед з адчайным натхненнем павёў да веснічак рэстаўратара Васільева, сумніцельнага чалавека, якому Ганна мела неасцярожнасць амаль што паверыць.