Выкраданне Чарадзея
Андрэй Дзмітрук. Ноч маладзіка
Пераклаў Міхась Шупенка
Толькі цяпер, пасля раскопак, магу я сказаць сёе-тое пра знікненне Сяргея Іўчанкі.
Сёе-тое, але нічога такога, што магло б, скажам, спатрэбіцца работнікам міліцыі. (Я ўжо даўно ведаў, што Серж знік: я вытрымаў шматдзённую буру тэлефонных званкоў яго маці, быў вымушаны ўдзельнічаць у няўцямнай Ірынінай мітусні па горадзе, але цалкам адчуў прапажу толькі перад РАУС, дзе красаваліся на стэндзе вышуку лістоўка «Знайсці чалавека» з фотакарткаю Іўчанкі.) Магчыма, я адзіны, хто здагадваецца, дзе цяпер Серж. Калі я нават маю рацыю, дык вярнуць яго да нас не лягчэй, чым з таго свету альбо з іншай Галактыкі. (Гэта быў добра вядомы мне здымак, прафесійны, хоць і зроблены ў хатніх умовах. Здымаў наш прыяцель — аператар кінакронікі; фонам служыла белая прасціна, павешаная на сцяну. Святы Божа, каб мы ведалі, дзеля чаго паслужыць гэтая зробленая пад мухай фатаграфія! Паважны Серж са сваімі крыху лупатымі вачыма і роўна падстрыжанымі светлымі вусікамі глядзеў з міліцэйскага стэнда, захоўваючы выраз камічнага пафасу: разварот у тры чвэрці, ніжняя губа выпнутая, галава задраная...)
Так, ён лічыўся маім найбліжэйшым сябрам. Адзінаццаць гадоў мы з ім прагульваліся, ездзілі на пляж і ў грыбы, хадзілі ў кіно ці ў тэатр, філасофствавалі за шклянкай віна — адным словам, вадзіліся, як заведзена ў людзей, што любяць адзін аднаго і не звязаны ніякімі дзелавымі зносінамі. Разоў колькі Серж зрабіў мне пратэкцыю ў якіхсьці службовых асобаў, колькі разоў і я «закінуў слоўца» за яго; трохі больш было выпадкаў грашовай узаемавыручкі. На падставе гэтага мне цяжка сказаць, ці пайшоў бы я з Сержам «у разведку» і як бы ён паставіўся да мяне ў гэтай «разведцы». Пэўна, не горш, чым я — да яго. Магчыма, мы сапраўды былі сябрамі.
Серж вызначаўся высокім ростам, меў роўную мужную паходку і выдатную выпраўку, але ж вялікім поспехам ні ў грамадзе, ні ў жанчын ён не карыстаўся. Нямала людзей намнога саступаюць яму і вонкава і духоўна, але пры гэтым нейкая беспамылковая інтуіцыя падказвае ім, як сябе паводзіць, што дзе сказаць... Такі чалавек у любы момант адчувае сябе нібы рука ў зручнай пальчатцы. Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаізм — усё яму даруецца. Затое прыгожаму, вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккім нізкім голасам і дагледжанымі рукамі — менавіта яму не даравалі ніякай памылкі. І было гэта з прычыны яго вечнай няўпэўненасці ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусціць у яго бок іранічную рэпліку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры гэтым на Сержа, каб ён разгубіўся, зрабіўся нудны, пануры і ў рэшце рэшт змоўк зусім падчас ледзьве не са слязьмі ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да людзей і да іх поглядаў — гэта і ёсць сакрэт поспеху памянутых мною геніяў адаптацыі?..)
Серж даволі часта ўлюбляўся, і многія ахвотна прызначалі яму сустрэчу, але хутка расчароўваліся, бо мой рамантычны сябра ўжо лічыў выбранніцу незвычайным стварэннем, сваім другім «я» і абрушваў на яе ўсе свае перажыванні і выпакутаваныя думкі. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становіцца ўсё больш халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькі палкімі і патрабавальнымі прызнаннямі, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзіны сын, яго бацькі выязджалі ў доўгія камандзіроўкі, і Серж з малалецтва заставаўся пад наглядам старэнькай бязвольнай бабулі, сам-насам з велізарнай бібліятэкай.)
Увогуле, я ад душы радаваўся за Сержа калі мне ўдалося звесці яго з Ірынай. (Даўняй студэнцкай парою мой раман з ёю быў не вельмі ўдалы: яна ўладалюб і я таксама...) Іра разумная, эрудзіраваная, энергічная. Была замужам і разышлася не з нейкай трывіяльнай прычыны накшталт мужавага п'янства, а «з-за неаднолькавасці перакананняў». Чакае свайго прынца, аднак настолькі цвярозая ў штодзённым жыцці, што разумее: хутчэй за ўсё прынца давядзецца ляпіць самой з каго-небудзь, патэнцыяльна здольнага на гэтую ролю.
Серж ёй падышоў. Яны не толькі вытрымалі амаль штодзённыя сустрэчы паўгода, але нават памянялі свае аднапакаёвыя кватэры на двухпакаёвую. Іра канчаткова дабіла майго сябра тым, што адзелася для рэгістрацыі шлюбу ў чорнае велюравае плацце.
Ён металафізік, я археолаг. Нас аб'ядноўвае прыхільнасць да ўсяго ўзвышанага і адцягненага. Зрэшты, калі высокавугляродзістыя сталі і гексанітавы абразіў мне ўвогуле недаступныя, дык Сержа мне ўдалося заразіць археалогіяй, ці бо не столькі самой навукай, колькі тым духам амаль казачных культур, які робіць свяшчэннадзействам нашу кратовую работу.