Ці то натура ў яго была злая, ці яшчэ паводле якіх прычын, але я часта назіраў падобныя карціны. Мне было шкада ўсіх, хто працаваў на турбазе пад кіраўніцтвам Філіпоўскага. Асабліва Клаву, якая мне спадабалася фактычна з першага позірку. Аднак ужо праз колькі хвілін гэта адышло на другі план — я ступіў у лес. Шпацыр мой быў тым больш прыемны, што чым далей я адыходзіў ад турбазы, тым цішэйшая станавілася музыка. Я паступова акунаўся ў свет цішыні і сасновага водару.
Да турбазы, мяркуючы па тым, што пратупаў я нямала, бо падышоў да крынічкі, было гадзіны з паўтары хуткай хады. Цеплыня ўжо прабілася ўніз, і праз нячастыя вершаліны соснаў праглядвалі сонечныя блікі. Вырашыў адпачыць менавіта тут. Лёг на спіну каля велізарнай сасны, расслабіўся. Заплюшчыў вочы. Сон, які, здавалася, вісеў нада мной, як невядомасць, нечакана прайшоў. На душы было лёгка і радасна. Напэўна, таму, што практычна зліўся з прыродаю. У вершалінах сосен выў вецер.
Я не глядзеў на гадзіннік і не ведаю, колькі прайшло часу. Сказаць, што я спаў, — не магу. Хутчэй драмаў. Апамятаўся ад таго, што стала неяк няўтульна, золка. Расплюшчыў вочы. Сонца схавалася за ствол велічэзнай яліны, якая, нібы пані, стаяла на невялічкім адхоне. Устаў з хваёвай посцілкі і нечакана ўцяміў: заблудзіўся. Знікла сцежка, па якой я столькі часу ішоў. Напэўна, не звярнуў увагі, як збочыў з яе. Калі гэта здарылася — не ведаю. Разгублена азіраючыся па баках, я лавіў сябе на тым, што мой погляд абавязкова натыкаўся толькі на цёмныя, сырыя, непрыветныя сукаватыя ствалы соснаў, вялізныя лапы елак. Я пачаў кідацца па паляне. Мне здалося, што ніколі не знайду дарогу назад.Усе дрэвы былі быццам на адзін выгляд. Стала страшна, але затым развага і самавалоданне ўсё ж такі ўзялі верх. Пайшоў, як некалі вучыў мой школьны сябра Федзя Слонаў, ад вялізнай елкі па спіралі, якая ўсё пашыралася. Як я ўзрадаваўся, калі пасярод лесу нарэшце натрапіў на вузкую малаходжаную сцяжынку. Яна паступова адыходзіла ў бок ад ракі і павінна была куды-небудзь мяне прывесці.
Ішоў па знойдзенай сцяжынцы ўжо дзве гадзіны. Хацеў быў павярнуць назад, але сцяжынка, зрабіўшы невялікае паўкола, нечакана абарвалася перад непраходнымі двухметровымі зараснікамі. Гэта былі шыпшына, глог і яшчэ нейкае незнаёмае мне, аднак вельмі ўжо калючае кустоўе з вузкімі, амаль чырвонымі лістамі.
«Дарога ў нікуды? — здзіўлена падумаў я тады. — Але ж такога не можа быць!» — вырашыў я.
І тут я ўбачыў невялікі, соткі на тры, добра дагледжаны агародзік. «Добранька, — мільганула думка, — падпольны гарод. Але чый? І навошта ў лесе? Далей ад вачэй людскіх? Што ж тут вырошчваюць? Наркотык мо які?»
Цікаўнасць перамагла. Прайшоў я ў гарод. Зямля на ім даўно ўжо не палівалася, але, нягледзячы на гэта, на вялізных плецях з ярка-зялёным лісцем, быццам бананавыя банчы, віселі, сабраныя ў гронкі, агуркі. У такую глухамань забрацца, каб вырошчваць агуркі? Цікава...
Моцна хацелася піць ужо даўно. Я сарваў некалькі зялёненькіх агуркоў з невялічкімі цёмнымі пухіркамі. Агурок прыемна захрумсцеў у мяне на зубах. Жаданая прахалода адразу ж разлілася па целе. Я адкусваў ад яго за раз амаль палову, а ён, здавалася, не меншаў. Быццам бы за той час, пакуль я жаваў, адкушаны агурок паспяваў адрасці зноў. Гэтая дзіўнасць крыху азадачыла мяне. Выходзіла, што гэта былі незвычайныя агурочкі.
Нечакана збоку пачуўся лёгкі шоргат. Быццам нехта ціха ступаў босымі нагамі па ўшпілянай глыбокімі трэшчынамі, сухой, як каменне, зямлі. Я азірнуўся на шоргат, але нікога не ўбачыў. Пазапіхаўшы ў кішэні тыя сарваныя агуркі, што засталіся, я, нібы шкадлівы школьнік, паспрабаваў выскачыць з агародзіка. І тут раптоўна зразумеў, што хтосьці мяне злавіў. Ці не было ўжо гэта маё сумленне?
Ды не, пры чым тут сумленне? Хтосьці толькі што несумненна быў за маёй спінай, там, на агародзіку. Не мог я памыліцца! Мне нават здалося, што гэты, нябачны, перарывіста дыхаў мне ледзьве не за каўнер. І тая затуманеная галінка, якая гайданулася...
Неспадзеўкі на маіх вачах, немаведама скуль узяўшыся, густы туман адразу схаваў агародзік і блізкія дрэвы. Быццам адрэзаў ад майго позірку. Дзіўны, скажу я вам, быў той туман. Няправільны. Не расцякаўся клубамі па лагчынцы, а сваёй трохі блакітнаватай непразрыстай сцяной спыніўся за метр ад мяне.
У страху я падаўся назад, але ўжо праз хвіліну наткнуўся на непраходныя зараснікі. Азіраючыся то на дзіўны калматы туман, то на суцэльную сцяну калючых кустоў, я стаў кідацца, як упаляваны звер.
Так, мне было страшна. Як, напэўна, кожнаму, хто б трапіў у падобную гісторыю. Гэтая ідыётка Нікішова прывалакла мяне к чорту на рогі. Забаўляецца сабе на ўцеху, а мне — мардавацца цяпер. Хоць я павінен не лаяць Светку, а дзякаваць ёй. Тут, на турбазе, я Клаву сустрэў... Нечакана. Нечакана сярод калючага хмызняковага засілля я ўбачыў прасвет. Не раздумваючы, кінуўся туды.