3. Філіпоўскі
Ванна была поўная цёплай вады. Я ўжо плюхнуў у яе паўфлакона крцэну. Адзінага, чаго вадзе не ставала, — лістоў дма. Але і на Зямлі не было з чаго сінтэзаваць. З гэтым я павінен быў мірыцца.
Нарэшце можна плюхнуцца ў ванну. Усе падначаленыя занятыя сваімі справамі. «Інструкцыя дазваляе адпачыць, — падумаў я, акуратна павесіўшы на вешалку штаны. — Не дома, дык хоць такі камфорт. У Моцы і такога няма. Пакутуе, бядак. Сам вінаваты. У пустыню напрасіўся, дурань. Няхай наракае на сябе.»
Падышоў да ванны. Вада была — цуд. Крыху блакітнаватая роўнядзь яе, зацягнутая вясёлкавымі мудрагелістымі лініямі, улагоджвала мой засмучаны позірк. Над ваннай, амаль каля нізкай пабеленай столі, вісела ледзь прыкметнае туманнае воблачка.
Я ўдыхнуў прыемны водар крцэну і ступіў у ваду. Асеў, расплываючыся, амаль адразу, як толькі вада пяшчотна паглынула мае ногі.
Усё было добра, калі б я не адчуў спачатку пякоты, а потым і непрыемнага паколвання ў перапонках. Я жахнуўся: няўжо захварэў? Гэтага яшчэ толькі не ставала. У мяне ўсё атрафіруецца! Напэўна, хутка не змагу ўжо пераходзіць у нармальны стан! Але гэта ж страшна! У душы, схаванай пад пеністым пагорачкам, пахаладзела. Не, гэта не абяцанае перад камандзіроўкай райскае жыццё. А як Дорненц распінаўся ў лагуне для выбраных! Палову лагуны пасля паспяховага завяршэння назіранняў наабяцаў. Распісваў, што Зямля, маўляў, адна з з тых цудоўных планетаў, дзе вады нашмат болей, чым сушы. У гэтым яго праўда. А ў астатнім...
Так, мквацракі растуць тут на сушы цудоўна. Але ж патрэбны яшчэ і плывучыя дма. А яны ператвараюцца тут чорт яго ведае ў што. На бліжэйшым возеры нейкая тонкая бязлістая водарасць. Ці то так падзейнічала на дма паўтарачнае зямное прыцягненне, ці то само свяціла? Дый вада на Зямлі халодная для нас. Трываць, вядома, можна, калі адаптуешся...
Адно не зразумею, навошта назіраць за зямлянамі? Зразумела, дома ўстаноўка была такая, разлікі вучоных... Але хіба нам суша патрэбная? Толькі пару невялікіх агародзікаў для мквацракаў. Вада! Шмат вады! Вада гэтая ёсць. Што яшчэ?
Забруджаная, праўда, даволі моцна. Ды гэта можна выправіць. Фільтры ачысткі, і праз зямных гадоў пяцьдзесят вада стане цудам. Нашы баяцца, што зямляне, даведаўшыся пра нас, зжывуць усіх са свету. Таму і назіраем, вывучаем, як той казаў. Цяжка мне тут упраўляцца. Пераўвасобіцца ў іх зямное аблічча — паўбяды. А вось зразумець іх... Адбыць бы гэтую ссылку чортаву ды дадому.
Якое гэта хараство — дом! Жонка, мусіць, замаркоцілася. Я ўжо не кажу пра дзяцей. Больш за шаснаццаць гадоў у гэтай зямной глухамані гібею. Назіральнік з мяне тут ніякі. А мяркуючы па пасланнях з Цэнтра, увогуле дрэнны. Узялі б ды адклікалі дадому. Дык не. Мучуся ў гэтым чортавым абліччы з гэтымі сентыментальнымі зямлянамі. Толькі хоць што не па-іхняму — адразу ў амбіцыю. А якіх намаганняў мне каштуе форму трымаць! Па мне дык лепей распластацца кісялём ды паплёхацца ў роднай лагуне. Яны, зямляне, нейкія дзіўныя. Паспрабуй іх зразумець. Столькі гадоў тут, а зруху а ні на грош. Хутчэй самому звіхнуцца можна, з глузду з'ехаць, чым ключык да кожнага падабраць. Хіба толькі што навучыўся па-іхняму гаварыць. Узяў бы ды парачку сваіх парад ім падкінуў. Дык умешвацца ў зямное жыццё нельга...
4. Філіпоўскі і Кароўская
Настойлівы працяглы грук у дзверы паўтарыўся.
«Вось жа, святло ў калідоры забыўся патушыць, — пакрыўдзіўся на сябе Філіпоўскі. — Каго гэта нясе ў такі час? Толькі думаў паўтары зямныя гадзіны адпачыць, дык не», — незадаволена праплюхаў ён у ванне перапонкамі. Пусціўшы пару вясёлкавых бурбалак, ён яшчэ імгненне любаваўся імі. Потым матэрыялізаваў зямное цела і вылез з ванны, вырваў зліўны корак, каб не пакінуць рэчавых доказаў. Са шкадаваннем паглядзеў на раствор.Ён, які толькі што напамінаў часцінку роднай лагуны, мерна выліваўся праз зліўную адтуліну. Уздыхнуўшы, Філіпоўскі адвярнуўся ад ванны і нацягнуў штаны. Басанож прашлёпаў у калідор. Зняў з вешалкі пінжак, накінуў яго на мокрыя голыя плечы, адчыніў дзверы ў непагадзь.
— Ганна Максімаўна! Добры вечар, — адразу ж расплыўся ўсмешкай, убачыўшы Кароўскую. Але ўсмешка гэтая ўмомант выветрылася з яго твару. Ён зноў стаў сур'ёзны і быў трохі заклапочаны.
«А божухна, што ж гэта я раблю? У якім выглядзе з'явіўся перад Кароўскай? — падумаў ён. — Не, гэта вынікі маёй працяглай камандзіроўкі. Ужываюся ў вобраз? Але мне гэтага нельга рабіць! Я ж толькі назіральнік!»